Мчаться быстро, как метеор, и ничего не бояться

img_4761Кажуць, картынг — спорт для заможных. Гэта і сапраўды так. Ведаеце, колькі каштуе адна амуніцыя — шлем, скафандр і г.д.? Не кажучы пра саму машынку і запчасткі для яе. Ды што там казаць, сам ведаю некаторых картынгістаў. Гэта дзеці даволі заможных бацькоў, якія могуць дазволіць сабе патраціцца на захапленні свайго ненагляднага “чада”. І ўсё ж… Свет быў бы прэсны, каб не было правілаў без выключэнняў, каб не здаралася, хоць зрэдку, трыумфу мары над рэальнасцю.

У Данілы Бадзяя, лепельскага хлопца, які ўжо гадоў шэсць займаецца картынгам, няма багатых спонсараў. Бацькі — звычайныя працаўнікі. Вырас Даніла хоць і не ў галечы, аднак пра вялікую раскошу таксама размовы не ідзе. Ды не бывае нічога недасяжнага, асабліва калі вельмі захацець. Маленькі Данік ніколі не прапускаў таго моманту, калі на плошчы ў горадзе кружылі шустрыя бліскучыя чырвоныя машынкі, і заўсёды зайздросціў тым шчасліўцам, якія машынкамі кіравалі. Стаяў бы, здаецца, і глядзеў. Ад шпаркасці разбегу, ад імклівасці такой машынкі-кулі аж сэрца замірала.
І аднойчы не вытрымаў. Вяртаючыся з першавераснёўскай школьнай лінейкі, папрасіў у бацькоў дазволу забегчыся ў цэнтр дзіцячай творчасці, у гурток картынгістаў. І — пашанцавала. Там было акурат вакантнае месца. Трэнер Сяргей Лымараў узяў у гурток дванаццацігадовага хлопчыка. Напэўна, ён адзін там быў у той час такім маленькім, але гэта Даніка ніколькі не бянтэжыла, наадварот, было прыклад з каго браць.
І пачаліся рэгулярныя трэніроўкі — на пляцы, на загараднай пляцоўцы, за ДРБУ. Пачалася сістэмная работа, разлічаная, калі шчыра, болей на дарослых хлопцаў. Аднак малому гэта ўсё было вельмі цікава. А аказалася зусім не так складана, як ён думаў спачатку. Паказалі, дзе газ, тормаз… Паехаў!
— У цябе была калі тэхніка? Ну, напрыклад, “мінчык” свой хацеў мець?
— Навошта мне той “мінчык”, калі ў мяне ёсць “балід”!
— Як-як ты назваў?
— Ды не. Праехалі, гэта я так…
qrb75mbdnveНе, гэта ён не так… Ведаеце, што такое балід? Маленькі такі яркі метэор. Хай сабе маленькі, затое свеціць ярчэй, чым планета Венера. А яшчэ ёсць балід “Формулы-1”, якога завуць Зверам Каралеўскіх Аўтагонак. Так што ўсё гэта не проста так…
— Хацеў бы ўдзельнічаць у “Формуле-1”?
— Хто б не хацеў! Я і картынг палюбіў менавіта за хуткасць. Ён як бы замяняе “Формулу-1”.
Поспехі прыйшлі крыху пазней, гады мо праз тры ці чатыры. Спачатку двойчы запар займаў трэцяе месца ў аўтагонках на адкрыцці сезона, у пачатку лета, і ў “Залатой восені”. А сёлета ўдзельнічаў у “Кубку Полацка”, дзе падняўся на другую прыступку п’едэстала гонару.
* * *
— Штосьці атрымліваеце ў якасці бонусу за перамогу?
— Пераважна маральнае задавальненне. Так, па дробязях: пальчаткі спартыўныя дадуць, прысадкі розныя для аўтамабіляў. Ды і гэта не лішняе.
— А дзе бярэш амуніцыю, дэталі для свайго “баліда”? Кажуць, хутка зношваюцца.
— Ну так, зношваюцца. Часцей за ўсё паршнявая “ляціць”, падшыпнікі. Купляю, я ж стыпендыю атрымліваю. Мне падабаецца пасядзець у гаражы, пакапацца ў “запцацках”. Раней трэнер Сяргей Аляксеевіч дапамагаў рамантаваць, зараз ужо і сам магу абслугоўваць сваю машыну.
— А пра ўласнае аўто марыш?
— А як жа — пра БМВ. На правы вось літаральна днямі здаў.
— Чаму абавязкова БМВ?
— Дызайн мне яго падабаецца і ўсё такое.
Даніла вучыцца ў каледжы на меліяратара-гідратэхніка. Думаю, што будзе неблагім спецыялістам. Аднак картынг даў хлопцу ніколькі не меней, чым вучоба. Любімы занятак зрабіў яго рамантыкам, падарыў новыя знаёмствы і ўражанні. Калісьці разам пачыналі з лепшым сябрам дзяцінствва Арцёмам Азаронкам, праўда, затым Арцём “сышоў з дыстанцыі”, аддаў перавагу іншым захапленням. А Даніла прадоўжыў любімую справу ўжо з новымі знаёмымі — Аляксеем Дзямко, Ігарам Клундуком і іншымі.
Даніла аказаўся надзіва пастаянным у сваім падлеткавым захапленні. Толькі зрэдзьчас дазваляе сабе расслабіцца вечарком з сябрамі на футбольным полі ці “завіснуць” “УКантакце”, каб паслухаць любімую музыку. Падабаецца Данілу Бадзяю жыццё тэмпераментнае і яркае, каб не смылець галавешкай у печы, а гарэць — ярка, як той балід, імчаць хутка, як метэор, і нічога не баяцца.
На здымках: Даніла Бадзяй; “палёт” картынгістаў.

 Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.