«Медаль за бой и орден за мужества »

n-3У кнізе сабраны звесткі пра ўраджэнцаў Лепельскага раёна, якія за ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гадоў былі ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі СССР. З кнігі можна даведацца пра ўзнагароды, якія ўручалі лепяльчанам, за што яны іх атрымлівалі і колькі ўзнагароджванняў адбылося. Аўтар упершыню зрабіў спробу даследаваць і абагульніць даступныя крыніцы, якія раскрываюць невядомыя старонкі ваеннай гісторыі праз лёсы лепяльчан — франтавікоў і партызанаў. Акрамя гэтага, кніга багата ілюстравана фотаздымкамі ўдзельнікаў вайны, большасць якія захоўвалася ў прыватных архівах і не была даступная шырокаму колу грамадскасці.
Давялося пагутарыць з аўтарам выдання напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі.
— У памяці засталіся яскравыя ўспаміны святкавання саракавой гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, якая шырока адзначалася ў вёсцы Чэрцы Лепельскага раёна 9 мая 1985 года. На тэрыторыі школьнага парку, ля помніка загінулым у гады вайны землякам, сабралася шмат людзей. З непрыхаванай цікавасцю я разглядаў узнагароды, якія блішчэлі ў промнях цёплага майскага сонца на грудзях ветэранаў. Тады ўпершыню я ўбачыў у адным месцы вялікую колькасць удзельнікаў вайны. З таго святкавання ў памяці надоўга захаваўся вобраз дзядка, на лацкане пінжака якога красаваўся ордэн Славы. Ва ўзнагародах я крыху разбіраўся, не ўсе мог назваць, але адрозніць баявыя ад юбілейных было няцяжка — бачыў шмат фільмаў і чытаў нямала кніг пра вайну. Пазней даведаўся імя ветэрана, які тады запомніўся больш за іншых. Гэта быў Сяргей Міхасенка з суседняй вёскі Людчыцы — былы партызан і франтавік. У адным з баёў ён быў цяжка паранены ў руку і застаўся інвалідам, — кажа Валерый Уладзіміравіч. — У далёкім сорак пятым нашы землякі вярталіся дадому пераможцамі. Прагорклыя ад поту і пораху гімнасцёркі большасці з іх упрыгожвалі ордэны і медалі, якія ім дорага каштавалі. Час бяжыць хутка, аддаляючы ад нас падзеі вайны. Большасць франтавікоў і партызанаў ужо ніколі не распавядуць сваім нашчадкам пра тое, за што атрымалі ўзнагароды.
— Валерый Уладзіміравіч, якую мэту вы ставілі перад сабой з выданнем гэтай кнігі?
— Гэта выданне — спроба адказаць на шэраг пытанняў. Па-першае, чым былі адзначаны лепяльчане ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якія мужныя ўчынкі здзейснілі дзеля набліжэння Перамогі і колькі сярод іх кавалераў пэўнага ордэна ці медаля.
Узнагароды з’яўляюцца адной з першакрыніц, па якой можна дэталёва аднавіць карціну падзей таго часу, яны без слоў шмат раскажуць пра сваіх уладальнікаў. Наяўнасць ордэна ці медаля, здабытага не толькі крывёю, а і потам, — яскравае сведчанне непасрэднага ўдзелу ветэрана ў вайне. А для нашчадкаў гэта нагода ганарыцца гераічным мінулым свайго дзеда ці прадзеда. Свяшчэнны абавязак кожнага з іх — ашчадна захоўваць для будучых пакаленняў дарагія ўзнагароды не па матэрыяльным вызначэнні, а па сутнасці, рэліквіі.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўзнагародная сістэма СССР мела элітарны характар. Да чэрвеня 1941 года меліся наступныя ўзнагароды за баявыя подзвігі: Залатая Зорка Героя Савецкага Саюза, ордэны Леніна, Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі. Існавалі два воінскія медалі, заснаваныя ў кастрычніку 1938 года, — “За адвагу” і “За баявыя заслугі”. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны адбыліся значныя змены для таго, каб больш поўна адзначыць мужнасць і гераізм савецкіх салдатаў, афіцэраў і грамадзянскіх асоб, якія прымалі актыўны ўдзел у барацьбе з фашысцкімі захопнікамі.
У кнізе ідзе аповед пра баявыя ўзнагароды, якімі ў гады вайны былі масава адзначаны лепяльчане. Салдатаў у асноўным узнагароджвалі медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”. Потым з’явіўся ордэн Славы (ва ўказе ён прама прапісаны, як салдацкі ордэн). Першай узнагародай для афіцэра быў ордэн Чырвонай Зоркі. Потым ішлі ордэны Айчыннай вайны I і II ступеняў, Аляксандра Неўскага і Чырвонага Сцяга. У лютым 1943 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР заснаваў медаль “Партызану Айчыннай вайны” дзвюх ступеняў — адну з самых паважаных і нешматлікіх па колькасці ўручаных баявых узнагарод. Таксама ў сакавіку 1944 года з’явіліся медалі Нахімава і Ушакова, якімі адзначалі ваенных маракоў.
На старонках выдання прыведзены звесткі пра лепяльчан, якія былі прадстаўлены да высокага звання Героя Савецкага Саюза, але па розных прычынах не атрымалі “зорку” Героя. Аднак у кнізе не закранаюцца біяграфіі пецярых лепяльчан — Герояў Савецкага Саюза, гэта тэма заслугоўвае грунтоўнага асвятлення ў асобным даследаванні.
Сярод лепяльчан ёсць і тыя, хто не быў адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі ў гады вайны. Трэба памятаць, што наяўнасць ці адсутнасць узнагароды аб’ектыўна не вызначае ўнёсак пэўнай асобы ў барацьбу з ворагам, як нельга вымяраць і подзвігі дзядоў, прадзедаў колькасцю атрыманых ордэнаў і медалёў. Кожны з іх быў на сваім месцы — змагаўся за рычагамі танка, хадзіў у атаку з вінтоўкай у руках, на плячах выцягваў з бою параненага таварыша, пускаў пад адхон варожыя эшалоны… Кожны з іх рабіў усё магчымае, каб хутчэй настаў доўгачаканы Дзень Перамогі.
Аўтар вельмі ўдзячны за падтрымку ў выданні кнігі сельскагаспадарчаму ўнітарнаму прадпрыемству “Пражэктар-Агра” пад кіраўніцтвам Аляксандра Дзямко. Мы ж, работнікі рэдакцыі раённай газеты “Лепельскі край”, шчыра жадаем Валерыю Уладзіміравічу поспехаў у яго далейшай творчай дзейнасці на карысць Лепельшчыны. Дзякуючы такім адукаваным, апантаным сваёй справай людзям у нашых сэрцах жыве памяць пра герояў.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.