Медведица словно услышала слова детские, повернула голову и посмотрела на Еву

12_ Прыехаў улетку пагасцяваць сын з дачушкай Евай. Маленькая, гаваркая. Усё цікавіць. Пяцігадовая, а на клавіятуры камп’ютара нібыта на піяніна іграе. Нават паролі просценькія ўзламвае, як тыя арэхі грызе. Дык вось захацела мая маленькая камандзірка  паехаць у лес і ваўка злавіць ці зайку.

Адгаворваў, як мог. Кажу:
— У лесе небяспечна, там ваўкі дужа злыя. А давай у лясны заапарк пададзімся.
Малая крыху падумала і нечакана пагадзілася.
Лясны заапарк на ўлонні маляўнічай прыроды — у Бярэзінскім запаведніку. Сеў за руль — і пакацілі ў Домжарыцы. Спачатку павёў Еву у музей. Спадабался. Ля воўчай зграі сцішана прыстоіла. Аб нечым задумалася. Ды бачыць: нешта знерухомелі лясныя разбойнікі на імправізаванай палянцы.
— Дык яны ж не жывыя, — зрабіла выснову.
— А можа злая фея зачаравала іх? — спрабую выкруціцца з сітуацыі.
— Дык няхай зноўку расчаруе…
Тым не менш зацікаўлена спынялася ля экспазіцый усіх трох залаў. У двух — млекакормячыя, трэці прысвечаны птушкам і рыбам. Фонам для некаторых экспазіцый служаць маляўнічыя шпалеры, асновай для якіх сталі фатаграфіі ландшафтаў запаведніка. Маляўнічыя экспазіцыі дэманструюць багацце прадстаўнікоў фаўны, якія жывуць у дзікай прыродзе Беларусі. А іх нямала! Не адзінкі, а каля 170 відаў птушак і дваццаць — млекакормячых.
-2-
Сыпаліся пытанні, нібы гарох з торбы. Растлумачваў, як мог. Перад тым жа праштудзіраваў адпаведную літаратуру. Балазе ў бібліятэку бегаць не запатрабавалася. Электронная кнігарня ў камп’ютары хатнім. Усё навідавоку. Усё пад рукой. Таму і размова атрымалася дзелавой, з улікам узросту ўнучкі.
— А цяперака, — кажу, — пойдзем у лясны заапарк.
— Там добрая фея была? Звяркоў ажывіла?
— Ды іх ніхто не зачароўваў, жывыя…
Завіравалі непадробныя дзіцячыя ўражанні! Хаця ў заапарку ў сваім горадзе бывала Ева не раз, а тут, пад шатамі дрэў, на вольным паветры, нібы ў дзікай прыродзе апынулася. Прама на ўскрайку сасновага бору на месцы ранейшых вальераў на плошчы каля дванаццаці гектараў атабарыўся прасторны сучасны лясны заапарк. Утрымліваюцца характэрныя для запаведнага лесу насельнікі. Як потым паведамілі супрацоўнікі запаведніка, вальеры з дзікімі жывёламі з’яўляюцца адным з асноўных аб’ектаў у сістэме экалагічнай асветы насельніцтва. Яны даюць магчымасць паглядзець жывых прадстаўнікоў нашых лясоў не ў нейкіх штучных умовах, якія бачныя нават няўзброенаму воку. Умовы набліжаны да натуральных месцаў знаходжання звяроў.
Найбольш затрымалася ўнучка ля вальера з мядзведзіцай. І па мянушцы назвала: Умка.
— Умка — значыць разумная, — кажа, — можна не баяцца…
Мядзведзіца нібы пачула словы дзіцячыя, павярнула галаву і паглядзела на Еву. Тая запляскала ў далоні:
— Бачыш, дзядуля, яна хоча пасябраваць. Уррррра!
Непадалёк у спецыяльных прыстасаваных загонах жылі сваім жыццём алені, ласі. Кажуць, іх даставілі сюды з Магілёўскага заасада ў 2011 годзе. Мінула тры гады. У сямействе на радасць дарослых і дзетак з’явілася на свет ласяня Ялінка. Дарэчы, дзікі, казулі, янотападобныя сабакі, па словах работнікаў запаведніка, маюць патомства.
-3-
Не менш уразіла маленькую вандроўніцу рысь.
— Прыгожы коцік. А чаму не мяўкае? Не хоча?
Растлумачыў, што гэтая грозная істота зусім не хатні коцік. Падрабязную інфармацыю пачарпнуў з апісання ляснога заапарка. У канцы 2012 года тут з’явілася рысь еўрапейская. Самка па мянушцы Рыся. Узрост паважаны — шаснаццаць гадкоў жыве на белым свеце. У Домжарыцы пераехала з дзяржаўнай культурна-асветніцкай установы «Мінскі заапарк».
Дарэчы, у Бярэзінскім біясферным запаведніку створаны экалагічны адукацыйны пункт нацыянальнага ўзроўню для дзяцей. І гэта не можа не радаваць. У Доме экалагічнай асветы належным чынам абуладкаваны спецыяльныя пакоі для заняткаў. Функцыянуюць два экалагічныя маршруты. Адмыслова абсталяваны месцы для назірання за дзікай прыродай. Праект садзейнічае экалагічнай адукацыі і выхаванню школьнікаў. У дапытлівых хлопчыкаў і дзяўчынак стымулюецца цікавасць і беражлівыя адносіны да роднага краю, яго багаццяў, прыродных ландшафтаў. Экалагічны адукацыйны пункт дае дзецям магчымасць на практыцы і ў нязмушанай гульнявой абстаноўцы прымяніць тэарэтычныя веды ў галіне прыродазнаўства, атрыманыя ў школе.
Пры садзейнічанні беларускіх спецыялістаў на запаведніцкіх экалагічных сцежках абсталяваны назіральныя пляцоўкі. Экалагічны адукацыйны пункт мае трывалыя творчыя стасункі з выкладчыкамі і вучнямі тутэйшай школы.
Багатыя ўражанні павезла Ева ў свой родны горад. Сын потым патэлефанаваў, што дачушка падрабязна распавяла пра сваю вандроўку дзецям з садка. Мажліва, хтосьці з бацькоў, пачуўшы захоплены расповед свайго дзіцяці, прыедзе ў Домжарыцы. Прыедзе і ніколі не пашкадуе аб патрачаных сродках.
На здымку: адна з музейных экспазіцый.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.