Медвежий угол на Лепельщине

 

medvedУбачыць мядзведзя ў нашым краі ўжо не зусім вялікая рэдкасць. Перыядычна чуем, што дзесьці ў лесе грыбнік ці ягаднік чуў альбо сустрэў гэтага звера. Нават былі відэа ў сацыяльных сетках, як “касалапы” выходзіў на трасу. Усё гэта заварожвае і адначасова пужае, бо вельмі небяспечна для чалавека.

 

Аднак, аказваецца, у Лепельскі раён прыязджаюць з усёй Беларусі і нават іншых краін, каб паназіраць за чырванакніжнікамі ў дзікай прыродзе. І адбываецца гэта бяспечна для жыцця і здароўя.

У Бярэзінскім запаведніку, напэўна, у адзіным месцы ў нашай рэспубліцы, арганізавалі такое цікавае падарожжа. Ва ўстанове сцвярджаюць, што аналагічныя экскурсіі ладзяць толькі ў лічаных месцах у свеце. Для гэтага зроблена адмысловая назіральная пляцоўка, дзе заўсёды гарантуецца з’яўленне мядзведзя. Сюды прыязджаюць як турысты, так і прафесійныя фатографы. І робяць гэта невялікімі групамі, бо звера не трэба лішні раз трывожыць. Назіранне за такім зверам — гэта не толькі пазнанне жывой прыроды, а і ўражанні на ўсё жыццё.

Зацікавілася, як прывабліваюць сюды звера ў прызначаную гадзіну. Аказваецца, гэта вялікі сакрэт, які мне не адкрылі.

Як паведамілі спецыялісты, у Бярэзінскім запаведніку і ваколіцах жыве каля трэцяй часткі ўсёй беларускай папуляцыі мядзведзя.

Экскурсія пачынаецца ў 17.30 і можа працягнуцца да паўночы ў залежнасці ад з’яўлення мядзведзя на аўсяным полі, насычэння і жадання вярнуцца назад у лес. Падумалася: “А раптам звер вырашыць у гэтым месцы правесці некалькі дзён? У такім разе не вельмі будзе весела”.

Дзе ж ён – “мядзведжы кут”?

Ва ўрочышчы Пастрэжжа. У даўнія часы тут была вёска, якая перанесла некалькі вялікіх трагедый. Падчас Вялікай Айчыннай вайны немцы спалілі яе разам з 60 жыхарамі і ў 1979 годзе ў сувязі з прысваеннем запаведніку статуса біясфернага і забароны на любую гаспадарчую дзейнасць жыхароў гэтага населенага пункта перасялілі ў іншыя месцы. Што ж прываблівае сюды гэтых чырванакніжнікаў? Як аказалася, тут захаваліся здзічэлыя яблыневыя сады, якія вельмі любяць “касалапыя”.

—Гэты год выдаўся шчодрым на ўраджай садавіны. Менавіта ў такіх бязлюдных месцах любяць паласавацца бурыя мядзведзі. Нягледзячы на ​​тое, што мядзведзі адносяцца да драпежнікаў, іх рацыён на 3/4 складаецца з ягад, арэхаў і траў.

Для гэтага ў запаведніку створаны тэматычныя экскурсіі і туры, назіральныя вышкі, працуюць вопытныя гіды. Так, напрыклад, у жніўні натураліст з Нідэрландаў Леанардюс Бей сфатаграфаваў падчас тура «Мядзведжы кут» «касалапага», — кажа малодшы навуковы супрацоўнік Бярэзінскага біясфернага запаведніка Аляксандр Спрынгер.

У Бярэзінскім запаведніку “бурліць” сваё жыццё — лясное, дзікае. Многія таямніцы не раскрылі яшчэ і работнікі гэтай установы, ды і ці раскрыюць калі… Напэўна, гэтым і прыцягвае да сябе турыстаў, а іх прыязджае кожны год вялікая колькасць. Многія потым вяртаюцца сюды зноў і зноў, забываючы пра замежныя курорты, бо тут чароўная цішыня і спакой. У бягучым годзе праведзена 7 такіх экскурсій.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.