Міліцэйская хроніка

Ровар знік з двара

У міліцыю звярнулася пенсіянерка, жыхарка вёскі Стары Лепель, 1959 года нараджэння, з заявай аб тым, што ў яе злодзей скраў веласіпед. Тлумачыла, што ровар амаль цэлы дзень стаяў у двары яе дома, не звяртала на яго ўвагу і толькі ўвечары заўважыла прапажу.
Міліцыянеры высветлілі, што да інцыдэнту мае прамое дачыненне аднавясковец, 1965 года нараджэння, раней судзімы за крадзеж. Веласіпед знойдзены. Аднак у сваіх паказаннях мужчына намаляваў зусім іншую карціну. Маўляў, гаспадыня сама дала яму ровар, ён паехаў, а потым… прадаў яго іншаму чалавеку за 200 тысяч рублёў. Вядзецца следства.

З дачнага доміка

Амаль месяц не быў у сваім дачным доміку ў вёсцы Шаркоўка жыхар Лепеля. Прычым, будынак быў пры гэтым незамкнуты. Як вядома, толькі магчымасць скрасці нараджае злодзея. 16-гадовы хлопец з вёскі Залучына прыхапіў скрутак меднага дроту, ацэнены… у 58 тысяч рублёў.

500 тысяч рублёў

У дзяжурную часць РАУС паступіла заява ад лепяльчаніна-пенсіянера аб тым, што з яго дома пры нявысветленых абставінах прапаў кашалёк з грашыма. У сярэдзіне дня кашалёк быў дома, ляжаў на сваім месцы, а ўвечары яго ўжо не было. Дом увесь гэты час не замыкаўся. Здабычай злодзея сталі 500 тысяч рублёў. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.

Сабака — па следу зламысніка
Лепяльчанка, работніца адной з устаноў горада, патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла пра крадзеж. У падвальным памяшканні знаходзіцца кладоўка, дзе былі кансерваваныя прадукты харчавання, якія нехта забраў. Урон гаспадыня ацаніла ў 800 тысяч рублёў.
Каб знайсці зламысніка, давялося выкарыстоўваць службовага сабаку. Ён і прывёў да лепяльчаніна, які раней, дарэчы, быў судзімы за крадзеж. Частка ўкрадзенага вернута.

Траўмы ад пабояў

Жыхарка вёскі Чэрцы, 1975 года нараджэння, нідзе не працуе, жыве выпадковымі заробкамі. Аднак на пляшку спіртнога заўсёды знойдзе. Яе сабутэльнікам на гэты раз стаў такі ж беспрацоўны, на адзінаццаць гадоў старэйшы аднавясковец. Цэлы дзень выпівалі.
Раптам паміж імі ўзнікла сварка. Цяпер ужо цяжка сказаць, аднак біў мужчына жанчыну бязлітасна. Нават пасля таго, як тая ўпала.
На выклік прыбылі міліцыянеры і медыкі. Жанчына падаваць заяву і класціся ў бальніцу адмовілася, на месцы ёй была аказана першая медыцынская дапамога.
Аднак у далейшым яна стала адчуваць сябе настолькі кепска, што было прынята рашэнне аб яе прымусовай шпіталізацыі. Вытрымка з дыягназу: закрыты пералом грудзіны, пераломы двух рэбраў, гемапнеўматоракс, закрыты пералом касцей носа, шматлікія кровападцёкі на твары, тулаве, каленных суставах. Жанчыну паклалі ў хірургічнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы. На мужчыну ўзбуджана крымінальная справа.

Калі “гараць каласнікі”
“Гараць каласнікі” — так на сваім слэнгу кажуць п’яніцы пра свой стан, калі ім вельмі хочацца выпіць, апахмяліцца. У гэтым стане яны гатовыя на любы ўчынак, абы набыць бутэльку піва ці пляшку гарэлкі. Напэўна, “гарэлі каласнікі” ў жыхара Чарэйшчыны, калі ён, не зважаючы на прысутнасць за прылаўкам прадаўца, адкрыта схапіў з паліцы бутэльку з півам. Далёка не адбягаў, хуценька заглынуў. Міліцыя затрымала толькі яго, ды побач стаяла пустая бутэлька.
Аналагічны выпадак адбыўся ў краме №23 раённага спажывецкага таварыства ў Лепелі. Толькі тут здабычай аматара выпіць стала пляшка гарэлкі. Абодва выпівохі нідзе не працавалі.

Пасцельная бялізна і посуд
У РАУС звярнулася жыхарка вёскі Луцішча з заявай аб тым, што невядомы злодзей скраў пасцельную бялізну і посуд на суму 200 тысяч рублёў. Следча-аператыўная група выявіла, што гэта справа рук жыхара вёскі Паддуб’е. Узбуджана крымінальная справа, украдзенае вернута.

Разукамплектавалі на месцы
Жыхар Лепеля працуе ў прыватным прадпрыемстве “ЮВМ-Трэйд”, мае дачны дом у Паддуб’і. Ля дома доўгі час стаяла аўтамашына “Фольксваген-Джэта”. Машына была няспраўная, у гаспадара рукі не даходзілі да рамонту. Толькі тры дні не быў ён у вёсцы. Гэтага часу хапіла злодзеям, каб амаль цалкам разукамплектаваць аўто. Былі зняты радыятар, генератар, карбюратар, панэль прыбораў, вадзяная помпа, трос счаплення — усяго на 3,3 мільёна рублёў.

Крадзеж у каледжы

Толькі тры гадзіны, з 12.00 да 15.00, адсутнічалі ў сваім пакоі навучэнцы Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Няцяжка ўявіць іх эмоцыі, калі яны прыйшлі і выявілі прапажу. А сума немаленькая, асабліва па студэнцкіх мерках, — 200 долараў ЗША. Па факце ўзбуджана крымінальная справа.
Іна СМІРНОВА,
начальнік штаба РАУС,
капітан міліцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.