«Мисс Снегурочка-2019»

dsc_0140Надыходзіць самае казачнае і вясёлае свята — Новы год. У душы
кожнага ёсць месца для дабрыні і веры ў цуд, таму мы чакаем гэта
свята ў надзеі, што надыходзячы год прынясе з сабой новыя
значныя падзеі і прыемныя ўражанні. На пэўны момант самі становімся крыху чараўнікамі, а яшчэ загадваем жаданні і верым,
што яны абавязкова здзейсняцца.

Надышоў час Снягуркам паказаць сваё майстэрства, бо без іх навагодняе свята не можа абысціся. Пабываць у сапраўднай казцы, на раённым конкурсе «Міс Снягурка-2019”, прадставілася магчымасць і мне.
Пазмагацца за званне лепшых і паспрабаваць сябе ў ролі ўнучкі Дзеда Мароза змаглі прадстаўніцы ўстаноў адукацыі Лепельскага раёна. Удзельніцамі конкурсу магла стаць любая дзяўчынка ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў, вучаніца ўстановы адукацыі нашага раёна, якая з’яўляецца членам ГА «БРСМ». Арганізатарам жа гэтага займальнага мерапрыемства стаў Лепельскі РК ГА «БРСМ».
snegurochka1Як толькі зайшла ў аграрна-тэхнічны каледж, дзе і адбывалася гэтая чароўная дзея, адразу ўзняўся настрой. Дзяды Марозы і Снягуркі, а таксама іншыя казачныя персанажы сустракаюць гасцей, жадаюць ім усяго найлепшага ў новым годзе і прапаноўваюць прайсці ў актавую залу.
У пачатку мерапрыемства перад гледачамі выступіла першы сакратар Лепельскага РК ГА “БРСМ” Вікторыя Пшонка. Яна адзначыла, што кожная з дзяўчат, без выключэння, прыгожая, таленавітая і годная звання “Міс Снягурка-2019”. Вікторыя Віктараўна пажадала ўсім канкурсанткам удачы і паспяховага выступлення, гледачам — добрага настрою на працягу мерапрыемства, а членам журы — справядлівага судзейства.
Нагадаю, што конкурс праводзіўся ў два этапы. Завочны праходзіў у выглядзе анлайн-галасавання ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» на сцяне групы «Моладзь Лепельшчыны».
Другі ж этап сабраў Снягурак, а таксама актыўную моладзь Лепельшчыны ў актавай зале аграрна-тэхнічнага каледжа.
На сцэне актавай залы ўстановы адукацыі — самыя крэатыўныя дзяўчаты з запалам дэманстравалі сваё майстэрства і артыстызм, здзіўлялі ўсіх прысутных творчымі здольнасцямі. У зале не было ніводнага чалавека, які б сумаваў.
Мноства інсцэніровак, вясёлых танцаў і навагодніх песень было прадэманстравана ўдзельніцамі, якія імкнуліся спадабацца журы і гледачам. Для гэтага канкурсанткі выкарыстоўвалі цікавыя касцюмы, паказвалі сучасныя танцы і выконвалі святочныя песні.
Дзякуючы конкурсу «Міс Снягурка-2019» у юных удзельніц з’явілася магчымасць раскрыць свой творчы патэнцыял у ролі добрай і пяшчотнай навагодняй прыгажуні. Шлях да перамогі, трэба адзначыць, быў няпросты. Дзяўчынкам трэба было прайсці праз тры этапы выпрабаванняў: «Візітоўка» (кароткі аповед пра сябе), «Відэаролік «З Новым годам, БРСМ» і «Я — талент!».
На апошнім этапе Снягуркі прадэманстравалі творчыя здольнасці. Кожная з канкурсантак імкнулася раскрыць сваю творчую індывідуальнасць і вельмі хвалявалася. Аднак у зале знаходзіліся настаўнікі, сябры і родныя, якія дапамагалі дзяўчатам спраўляцца з эмоцыямі.
Усе нумары Снягурак адпавядалі тэматыцы конкурсу, адрозніваліся разнастайнасцю і крэатыўным падыходам. Журы былі адзначаны арыгінальнасць творчай задумы ў праграмах усіх удзельніц, а таксама майстэрства і артыстызм, таму тройку лепшых было вызначыць нялёгка.
Пра кожную з канкурсантак можна сказаць шмат добрых слоў. Было бачна, што дзяўчаты рыхтаваліся загадзя, прадумваючы ўсё да дробязяў. Так, напрыклад, Ірына Купрыш, вучаніца гімназіі імя І. М. Ерашова, на працягу ўсяго конкурсу дарыла гледачам цеплыню і шчырыя ўсмешкі. Абальянасць і артыстызм дзяўчыны ўразілі не толькі гледачоў, а і членаў журы. Прысутныя апладзіравалі пасля кожнага выступлення, не шкадуючы далоняў. Адчувалася, што ў гімназіі былі створаны моцная група падтрымкі і сапраўдная каманда, якой Ірына цалкам давярае. Дзяўчына прытрымліваецца жыццёвага крэда “Хто не ідзе наперад, той ідзе назад”.
ssh-3Пра Лізавету Клавовіч з сярэдняй школы №1 мы ўжо расказвалі на старонках газеты. На міжнародным творчым конкурсе дзяўчынка заняла першае месца. Я неаднаразова захаплялася здольнасцямі дзяўчыны здзіўляць гледачоў сваім майстэрствам, бачыла яе на розных мерапрыемствах, якія праходзілі ў горадзе. Усе члены журы адзначылі, што Ліза — творчая асоба, якая зможа свае запаветныя мары ўвасобіць у жыццё.
Святлана Папко, навучэнка аграрна-тэхнічнага каледжа, спачатку была крыху сумная. Яно і зразумела: дзяўчыне давялося выходзіць на сцэну амаль непадрыхтаванай. Па пэўных абставінах не змагла ўдзельнічаць у конкурсе яе сяброўка. Аднак трэба адзначыць, што са сваёй задачай Снягурка справілася вельмі добра. “Візітоўка” прадстаўніцы гэтай установы адукацыі была настолькі пазітыўная, з вясёлымі казачнымі героямі, што на працягу ўсяго выступлення ў зале не сціхаў смех. Гледачы ацанілі і вакальныя даныя Святланы. Сваёй музычнай кампазіцыяй яна пераканала ўсіх, што пад Новы год усе мары здзяйсняюцца. Яркім пацвярджэннем гэтаму стала чароўная ўсмешка дзяўчыны.
Асаблівыя словы хочацца сказаць пра Вольгу Броднікаву з Бароўскай сярэдняй школы. Бачна, што дзяўчына па сваёй натуры вельмі сціплая і стрыманая, але гэтыя якасці не перашкаджаюць ёй быць лепшай з лепшых. У вольны час яна займаецца шыццём, бісера- і саломапляценнем, шмат чытае. Актыўная ў жыцці школы, Вольга ўдзельнічае ў розных алімпіядах і конкурсах, дзе займае прызавыя месцы. Калі яна пачала выконваць песню з пажаданнямі, каб мары здзяйсняліся, у зале ўсталявалася цішыня. З захапленнем гледачы слухалі ласкавы голас дзяўчыны, а ўзнагародай за яе ўдалае выступленне сталі шчырыя апладысменты.
Вікторыю Пруднік, вучаніцу сярэдняй школы №3, бачыла на розных мерапрыемствах як актыўную прадстаўніцу ўстановы адукацыі. Дзяўчына заўсёды пазітыўная. На конкурсе зімовых прыгажунь гледачоў уразіў танец, падрыхтаваны Вікторыяй і яе камандай. Дзяўчаты выканалі сучасны нумар, у якім паказалі, што Снягурка ўмее быць не толькі сціплай, а і сучаснай. Грацыёзныя рухі нікога не пакінулі раўнадушным і пацвердзілі, што маладосць — гэта энергія і запал, а моладзь — самая дынамічная частка грамадства.
Захапіў гледачоў відэаролік “З Новым годам, БРСМ!”, падрыхтаваны вучнямі сярэдняй школы №3. Ён атрымаўся вельмі цікавы і значна адрозніваўся ад астатніх. Думка, якую трэба было данесці, была пададзена гледачам неардынарна, амаль без слоў, таму адначасова выклікала ўсмешку і захапленне.
Выступленні ўсіх дзяўчат яшчэ раз даказалі, што конкурс прыгажосці — гэта шоу, якое заўсёды будзе мець поспех.
Кожная ўдзельніца на гэтым мерапрыемстве атрымала сваю хвіліну славы. Па выніках конкурсу першае месца і званне «Міс Снягурка-2019» прысуджана Лізавеце Клавовіч, вучаніцы сярэдняй школы №1, другое месца і званне «Віцэ-міс Снягурка-2019» атрымала Ірына Купрыш, вучаніца гімназіі імя І. М. Ерашова. Вольга Броднікава, вучаніца Бароўскай сярэдняй школы, стала трэцяй і атрымала званне «Другая віцэ-міс Снягурка-2019». Прыз глядацкіх сімпатый быў уручаны Ірыне Купрыш па выніках анлайн-галасавання ў сацыяльнай сетцы «Укантакце». Удзельніцы конкурсу Вікторыя Пруднік і Святлана Папко таксама былі адзначаны журы. Снягуркам-прыгажуням уручаны граматы за актыўны ўдзел у конкурсе.
Акрамя гэтага, кожная з дзяўчат атрымала смачны пірог, а пераможцы — каштоўныя падарункі. Аднак лепшай узнагародай для ўсіх канкурсантак сталі шчырыя ўсмешкі гледачоў.
Магчыма, для кагосьці гэты конкурс стаў стартам, штуршком да далейшага развіцця сваіх здольнасцяў. І няхай перамогу заваявалі не ўсе, хочацца адзначыць, што кожная з удзельніц прыклала нямала намаганняў, каб праявіць сваё майстэрства.
Стаяць на сцэне мілыя прыгажуні, і ў кожнай з іх ёсць свая запаветная мара. Няхай жа ў цудоўную навагоднюю ноч яны абавязкова здзейсняцца!
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.