Молодой лепельский художник

dsc_0133 У галерэі “Арт-Лепель” цэнтральнай раённай бібліятэкі і ДУА “Гімназія імя І. М. Ерашова г. Лепеля” прайшлі выставы маладога мастака, вучня пятага класа Вані Шандалесава. Некалькі гадоў хлопчык наведвае мастацкае аддзяленне дзіцячай школы мастацтваў г. Лепеля, дзе не толькі вучыцца маляваць, але яшчэ і займаецца разьбой па дрэве.

dsc_0136Хлопчык перадае свае ўражанні на паперу: прыгажосць навакольнага асяроддзя, фантазіі, думкі, уражанні — усё, што кранае душу.
Маці юнага мастака Таццяна Шандалесава кажа:
— У Вані заўсёды ў дзяцінстве лепшымі цацкамі былі алоўкі, фламастары і фарбы. З малых гадоў заўважаліся творчыя здольнасці. Спачатку маляваў жывёл, прыроду. Пазней стаў адлюстроўваць герояў розных мультфільмаў. Ніколі не змалёўваў, усё перадаваў толькі сваім бачаннем, своеасабліва. Ужо ў малюнках, якія прыносіў з дзіцячага сада, заўважылі арыгінальнасць. У чатыры гады аддалі ў школу ранняга развіцця. У школьныя гады пачаў маляваць карыкатуры, якія ўсіх забаўлялі сваім гумарам і арыгінальнасцю. Творчасць Вані праяўляецца ва ўсім, асабліва калі робіць для сваіх родных сюрпрызы. Імкнуліся развіць здольнасці сына, прапаноўваючы розныя гурткі. Цяпер займаецца ў вопытных педагогаў дзіцячай школы мастацтваў. Марына і Аляксандр Саўчанкі — людзі таленавітыя. Сваю любоў да творчасці яны перадаюць і вучням, бо на ўроках ствараюць умовы для развіцця мастацкіх здольнасцяў, імкнення ўспрымаць навакольны свет у яркіх фарбах.
Марына Саўчанка кажа толькі самыя лепшыя словы аб сваім вучні:
— Ваня — таленавіты хлопчык, аптыміст і добры сябар. Займаюся з ім трэці год. Заўсёды ставіць перад сабой высокія задачы і потым выконвае іх. Падае вялікія надзеі, мае сваё творчае бачанне. Канечне, настаўнікі накіроўваюць яго, прапаноўваюць і абмяркоўваюць з ім тэму, аднак ён упэўнена трымае пэндзаль і ўвасабляе свае фантазіі на паперы. Карціны піша з лёгкасцю. Усе настаўнікі, якія працуюць з ім, адзначаюць талент і высокі патэнцыял.
Педагогі даўно заўважылі творчыя здольнасці свайго вучня і ганарацца ім. Яны і прапанавалі арганізаваць выставу творчасці. Была задума паказаць творы лепяльчанам яшчэ ў мінулыя гады, аднак аўтар палічыў, што яшчэ трэба штосьці дапрацаваць.
Праходзячы сярод работ маладога мастака, заўважаю рознакаляровасць, шматлікасць вобразаў. Карціны выкананы пэндзлем і алоўкам. Адчуваецца рознабаковасць развіцця аўтара, яго багаты ўнутраны свет.
У яркіх фарбах адчуваюцца яркія эмоцыі і ўражанні. Прырода ажывае на карцінах і ўзнімае настрой наведвальнікам выставы. У зімовыя дні асабліва прыемна разглядаць “цёплыя” пейзажы, з якіх, здаецца, павінна вылецець птушка з зеляніны лясной прыгажосці. Юны мастак можа перадаць не толькі вобраз і знешнасць героя, а і пачуцці, эмоцыі, характар.
Асабліва спадабалася мне карціна аб успамінах пра летнія канікулы ў вёсцы. Так і хочацца акунуцца ў прыгажосць вясковага каларыту.
Вялікія поспехі робіць малады мастак і ў разьбе па дрэве. Педагог мастацкага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў, прафесійны разбяр Іван Будзіч вядомы не толькі ў Беларусі, але і ў Германіі, Даніі і іншых краінах. Мастак так захапіў свайго вучня, што шмат увагі той стаў удзяляць і гэтаму накірунку.
Акрамя творчасці, Ваня актыўна займаецца спортам, шмат часу аддае і вучобе. Аднак занятасць хлопчыка не аддаляе яго ад творчасці, любімай справы. У вольную хвіліну бярэ ў рукі любімыя інструменты і адпачывае з нататнікам у руках.
Хлопчык марыць аб выставах высокага ўзроўню. Задаткі для гэтага і мэтанакіраванасць у яго ёсць, энергіі — таксама дастаткова. Застаецца толькі працаваць і працаваць. Ваня разумее, што поспех складаецца не толькі з таленту, а і вялікай працы, упартасці і веры ў сваю справу. І ён упэўнена ідзе да сваёй мэты.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.
На здымках: вучні гімназіі на перапынках наведваюць выставу; Ваня Шандалесаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.