Мост в Комсомольский парк приобрел новый облик

img_2980У свой час шмат нараканняў выклікаў стан Ксяндзова маста, што злучае Цэнтральны і Камсамольскі паркі, прамая і найкарацейшая сцежка з цэнтра горада на пляж. Каля васьмі гадоў таму мост быў капітальна адрамантаваны, з’явіліся новыя парэнчы, звараныя з тоўстасценных металічных труб, быў пакладзены новы насціл з дошак. Аднак з цягам часу стан моста пагоршыўся. Зразумела, што дрэва псуецца на адкрытым паветры, пад дажджамі, снегам і сонцам. Дошкі пакрыху рассыхаліся, станавіліся трухлявымі. Перыядычна камунальнікі мянялі найбольш пагражальныя элементы.
Узнікла яшчэ і другая праблема, пра якую расказаў сустрэты на мосце рыбалоў-аматар:
— Падлеткі, відавочна, пачалі апошнім часам разбіраць мост па дошках. Неаднаразова заўважалі: прыходзім сюды раніцай, а з насцілу выцягнуты некалькі дошак. Хутчэй за ўсё іх выцягнулі, але куды, навошта — не магу даць адказу. Мы сваімі сіламі некалькі разоў падлатвалі, прыносілі свае дошкі, цвікі.
У панядзелак, першага ліпеня, на мост прыбылі работнікі КУВП “Бароўка”, прывезлі новыя дошкі і распачалі капітальны рамонт. Было прынята рашэнне не замяняць зноў асобныя элементы, а зрабіць цалкам новы насціл.
Два дні шчыравалі камунальнікі. Новы насціл атрымаўся трывалы, устойлівы. Зроблены з дошак 50-міліметровай таўшчыні, ён здольны вытрымаць пешахода любой масы, веласіпедыста. Нават калі падлеткі задумаюць учыніць на мосце танцы або скокі ў ваду, насціл вытрымае і такія выпрабаванні. Галоўнае — каб не было вандалізму.
Цесляры камунальнага прадпрыемства працавалі дружна, зладжана. Вымалі цэлыя секцыі — і тут жа набівалі дошкі. Увесь матэрыял і інструменты былі ў наяўнасці: малаткі, цвікі, бензапіла… Так, справа спорыцца. Генадзь Сазонаў і Ігар Аксяновіч так хутка прыбіваюць дошкі, што іх ледзьве паспявае падаваць Сяргей Жыветаў. Стары матэрыял пагрузчык закідвае ў трактарны прычэп, які вывозіцца аператыўна.
Хаця ў апошнія дні надвор’е не вельмі цёплае, адпачывальнікі не спяшаюцца на пляж, усё ж рух пешаходаў і веласіпедыстаў праз гэты мост даволі ажыўлены.
— Жыхары зарэчных раёнаў ідуць на працу, у бальніцу, у крамы, — кажа Ігар Аксяновіч.
Зняты чарговы пралёт, набіваюцца дошкі. На роварах пад’ехалі дзве дванаццацігадовыя дзяўчынкі, спыніліся ў разгубленасці: “Як перайсці?”
— Пераходзьце збоку, трымаючыся за поручні, — падказвае Генадзь Сазонаў, а сам, пакуль дзяўчынкі пераходзілі небяспечны ўчастак, пераставіў іх двухколавы транспарт.
— Дзякуй вялікі! — узрадавана прамовілі яны і паехалі сабе далей.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.