Можете не верить, но многие идеи лепельчанину приходят во сне

img_8478З гаспадарамі аграсядзібы ў Вялікім Поўсвіжы Дзмітрыем і Вольгай Бабаедамі пазнаёміўся пад час сесіі раённага Савета дэпутатаў. У рамках мерапрыемства было запланавана наведванне аб’екта, які толькі нядаўна распачаў працу. Аднак там ужо ёсць што прапанаваць наведнікам, паказаць гасцям. Крыху пазней сустрэўся непасрэдна з гаспадарамі, каб пагутарыць падрабязней.

Сядзім у летняй альтанцы, вядзём гутарку.
— Дзіма, Оля, распавядзіце, з чаго ўсё пачалося?
— Вам пра аграсядзібу ці з самага пачатку? — перапытаў Дзмітрый.
— Раз пайшла такая справа, давайце з самага.
— Мы нарадзіліся і выраслі ў Латыгалічах, амаль па суседству. Адзін аднаго ведалі, але, можна сказаць, не бачылі. Скончылі школу, пайшлі вучыцца: я — у тэхнікум, а Оля — ва ўніверсітэт. Потым я пайшоў у армію. Адслужыў, вярнуўся. Ужо некалькі месяцаў прайшло. Неяк прыйшоў я на вясковую гулянку, праводзілі ў войска сябра. Зайшоў у хату, прысеў на край лавы, там мужчыны якраз сабраліся. А мне і кажуць: “Што ты, малады, да нас, дзядоў, прысаджваешся?! Ідзі на той канец стала да моладзі!”. Я і перасеў, а там якраз Оля сядзела. Убачылі нарэшце адзін аднаго.
Увогуле, на першы погляд саюз гэтых двух людзей можа падацца дзіўным і нават у нечым недарэчным: ён так і не скончыў навучанне ў тэхнікуме, а яна мае дзве ўніверсітэцкія адукацыі ды яшчэ курсы бухгалтараў. І толькі пазней, у ходзе размовы, зразумеў, што Дзмітрый і Вольга, як ін і янь у кітайскай філасофіі, арганічна дапаўняюць адзін аднаго — процілегласці сыходзяцца.
— Па першым часе я яшчэ папікала яго, што тэхнікум не скончыў, бо адвучыўся ж, заставалася толькі пару экзаменаў здаць — і дыплом у кішэні, — успамінае Вольга. — Але потым я супакоілася. Зразумела, што не ўсім жа ў начальніках хадзіць, хтосьці павінен і рукамі працаваць, а ў Дзімы ўсялякая справа ў руках гарыць. Ды і не ў адукацыі справа. Калі розум у чалавека ёсць, ён і без дадатковай адукацыі пражыве і будзе паспяховым, шчаслівым.
Пасля выпуску Вольгу размеркавалі на працу ў Слабадскую школу, туды ж пераехаў і Дзмітрый. Пабудавалі сабе дом, нарадзіліся Мікіта і Ульяна. Дзіма працаваў у лесе, займаўся дрэваапрацоўкай, таму праблем з матэрыяламі і ўменнем правільна прымяніць іх не было.
— А як надумалі займацца аграэкатурызмам?
— Шчыра прызнацца, з самага пачатку і думкі такой не было, — кажа Оля. — Пачалося ўсё з таго, што да 2010-га года ў нас назапасілася пэўная сума грошай. Зарабілі, сёе-тое прадалі — так і сабралі. Сталі разважаць, як іх укласці, каб не прапалі, а па магчымасці яшчэ і прыбытак прынеслі. Варыянт з банкам адклалі як часовы. Перавесці ў долары ці іншую валюту — яны таксама патроху абясцэньваюцца, паддаюцца інфляцыі. Купіць машыну новую — яна аб’ектыўна за тры-чытары гады ўдвая зменшыцца ў цане, таксама не варыянт. Неаднаразова мы з Дзімам гаварылі пра тое, што няблага было б мець дом на беразе возера. Долар абясцэніцца, аўтамабіль з’ездзіцца і саржавее, а дом, тым больш у прыгожым і экалагічна чыстым месцы, заўсёды будзе ў цане. Не пажывём мы — застанецца дзецям. У крайнім выпадку заўсёды можна будзе прадаць, будуць патрэбныя грошы. У Слабадзе, канечне, прыгожа, лясы навокал, але вадаёма няма. Праўда, да такой думкі прыйшлі не адразу, месяцы два-тры разважалі, абмяркоўвалі розныя варыянты.
Потым пачаліся пошукі падыходзячага ўчастка. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што няма праблем набыць тое, што табе трэба, маўляў, падышоў, выбраў, заплаціў грошы — і ты паўнапраўны ўладальнік. Трэба ўлічваць, што будучая сядзіба павінна служыць верай і праўдай, быць надзейным сямейным прыстанішчам не адзін дзясятак гадоў. Таму і выбіраць месца трэба ўважліва, улічваць усе за і супраць. Словам, пошукі зацягнуліся больш як на паўтара года. За гэты час муж з жонкай аб’ехалі дзясяткі населеных пунктаў, пабачылі сотні ўчасткаў. Адны былі дужа далёка ад Слабады, другія — занадта блізка да трасы. У рэшце знайшлі свабодны ўчастак у Вялікім Поўсвіжы.
Пераафармленне ўчастка — асобная размова. Справа ў тым, што Вольга і Дзмітрый для сябе вырашылі, што цвіка не заб’юць, ніякай працы не будуць рабіць на ўчастку, пакуль не будуць мець на руках увесь пакет дакументаў, які б цалкам пацвярджаў іх правы. Таму больш за два месяцы пайшло на збіранне неабходных папер.
Хто хаця б раз займаўся будаўніцтвам, хто зладзіў хаця б кладоўку, той ведае, якая гэта цяжкая справа, колькі яна забірае часу, сіл, грошай. Дзмітрыю пашанцавала, што яго бацька, ды і ён сам, даволі працяглы час займаецца дрэваапрацоўкай, таму з набыццём неабходных піламатэрыялаў асаблівых праблем не было. Галоўнае было даставіць іх на месца будоўлі. А першае, вядома, — навядзенне парадку і праектаванне. Трэба ж разумець і ва ўяўленні хаця б бачыць, што канкрэтна павінна быць узведзена на ўчастку. А яшчэ лепей, калі гэта будзе эскіз або гатовы праект.
І тут, толькі ўжо збіраліся праектаваць дом і іншыя гаспадарчыя пабудовы, адзін з родзічаў нібыта між іншым задаў пытанне: “А чаму б вам не збудаваць там аграсядзібу? А што? І пабудовы будуць, і даход які-ніякі. Перасяліцца заўсёды паспееце…” Вось так, абсалютна нечакана і нарадзілася ідэя аграсядзібы.
Вольга і Дзмітрый не адразу за яе ўхапіліся, зноў жа сур’ёзна абмяркоўвалі, разлічвалі. Бо адна справа — узвесці дом, некалькі гаспадарчых пабудоў і проста жыць, зусім іншая — пабудаваць аграсядзібу. Тут спатрэбяцца некалькі пабудоў для пражывання, баўлення вольнага часу, альтанкі на адкрытым паветры. Ды і потым трэба будзе рэгулярна прыязджаць, глядзець за парадкам. Добраўпарадкаванне тэрыторыі — яшчэ адна важная справа, якая несумненна зойме больш часу і сіл. І ўсё ж такі муж з жонкай прынялі рашэнне будаваць аграсядзібу.
— Распавядзіце пра самае цяжкае ў будаўніцтве.
— Адсыпка купальні, — кажа Дзмітрый. — Адна з абавязковых умоваў поспеху аграсядзібы — наяўнасць вадаёму, зручнасць пакупацца. А тут быў круты спуск, зарослы бераг, глеістае дно. Добра, што маю ГАЗ-66 — поўнапрывадны грузавік. На ім прывозіў каменне і пясок, рабіў адсыпку. На іншай машыне не змог бы ні спусціцца да валы, ні ўскараскацца пасля на круты пад’ём. Аднойчы я спусціўся, выгрузіўся, стаў падымацца, але адчуваю, што пацягнула мяне назад. У мяне два варыянты: або роўна — у ваду, або руль убок і завальвацца машынай на борт. Разумею, што з вады грузавік выцягнуць не змагу, таму… руль на борт. Гэта зараз я расказваю падрабязна, спакойна, а тады ўсё адбылося за секунды, апамятацца ледзьве паспеў, але галава працавала дакладна! З заваленай машыны вылез, агледзеўся. Завёў трактар ды КУНам (спецыяльным каўшом) падняў яе. Агледзеў, праверыў, каб не выцякала паліва, памяняў акумулятар, запусціў рухавік ды выехаў!
— Па Вялікім Поўсвіжы праходзіць газаправод, дорага было падключыцца да яго?
— Мы да газіфікацыі не падключаліся, — нечакана адказала Вольга. — Ні ў Слабадзе, ні ў Вялікім Поўсвіжы. Калі праводзілі газаправод, селі, з блакнотам і алоўкам падлічылі, што на газіфікацыю адной сядзібы трэба выдаткаваць каля сямі тысяч долараў. Пытанне: колькі дроў можна набыць на гэтыя грошы? Пры такіх абставінах тэрміны акупляльнасці газіфікацыі бачацца дужа далёкімі. Таму мы пакуль што не спяшаемся.
Гасцей гатовыя прымаць у двух дамах, таксама яны могуць папарыцца ў камфартабельнай лазні, адпачыць у адкрытай альтанцы, запекчы шашлык альбо грыль у спецыяльнай печы. Перад дамамі зроблены тэрасы, з імі былі звязаны пэўныя прыгоды. Успамінае гаспадар:
— Можаце не верыць, але многія ідэі мне прыходзяць у сне. Сцены мае будаўнікі ўжо склалі, збіраліся прыступаць да кроквеннай сістэмы, як уначы бачу сон: ад сцен выносяцца бярвенні, ставяцца апоры і атрымліваюцца тэрасы. Раніцай хапаю тэлефон, набіраю нумар будаўнікоў, пытаюся: “Вы кроквы ставілі?”. “Не”, — адказваюць. “Пачакайце, зараз я прыеду”. Так і з’явіліся гэтыя элементы.
— Займацца любым відам бізнесу — гэта не проста так, наколькі разумею. Трэба ўлічваць масу варыянтаў, вучыцца. У каго пераймалі вопыт непасрэдна агратурыстычнай справы? Ці наведвалі якія-небудзь семінары, трэнінгі?
— На сябе працую даволі даўно, — кажа Дзіма. — Яшчэ з часоў, калі займаўся дрэваапрацоўкай, таму пэўны вопыт маем. А наконт семінараў… Шчыра прызнаюся, быў на пары мерапрыемстваў, але, па-добраму, толку ад іх не надта ўбачыў. Напрыклад, на адным збіралі нас арганізатары інтэрнэт-рэсурса, які рэкламуе аграсядзібы. За размяшчэнне на сваёй старонцы ён бярэ з уладальнікаў сядзібы плату, прычым даволі высокую. Гаўрылавіч (Аляксей Гаўрылавіч Часнакоў, уладальнік аграсядзібы “У Гаўрылавіча” ў Двор Парэччы) тады арганізатарам і кажа: “Я амаль год размяшчаў сваю аб’яву на вашым сайце. За гэты час сядзібу наведалі сто чалавек. З гэтай сотні толькі двое даведаліся пра мяне з вашага сайта, астатнія — іншымі спосабамі. Я спецыяльна ў людзей пытаўся. Навошта мне выкладваць грошы за эфектыўнасць у два працэнты?”. Так што ў асноўным вопыту набіраліся, набіваючы свае гузы, размаўляючы проста з іншымі ўладальнікамі сядзіб, з нашым суседам Васілём Шкіндзерам. Ён ужо гадоў з дзесяць гэтай справай займаецца.
У сям’і Бабаедаў дзейнічае пэўнае раздзяленне працы, як кажа Дзмітрый: “Я працую рукамі, а Оля — галавой”. Жонка вядзе ўсю бухгалтэрыю, афармляе дакументы, складае дагаворы. Яна нават спецыяльна курсы бухгалтараў для гэтага закончыла. На мужчыне ж трымаецца ўся фізічная і арганізацыйная праца: прывезці будаўнічыя матэрыялы, зрабіць тую ці іншую пабудову, знайсці і дамовіцца з рабочымі. Ды і з наведвальнікамі размову вядзе таксама ён.
— Дзіма, ці былі наведвальнікі, так бы мовіць, праблемныя?
— Шчыра прызнаюся, усялякія бывалі. Апішу вам тыповага наведвальніка аграсядзібы. Гэта кампанія моладзі, радзей — сем’і, якім хочацца на выхадныя вырвацца з горада, выехаць на прыроду. Сваёй дачы няма, ды і неахвота яе ўтрымліваць, бо дорага. Вось і прыязджаюць на аграсядзібы. Вядома, са спіртным. З гэтага спіртнога і пачынаецца самая “весялуха”. Могуць пабіцца, пасварыцца. Аднойчы быў выпадак. Прыязджаю раніцай прымаць сядзібу, бачу: акно ў жылым доме разбітае. А там не простае акно — шклопакет. Людзі патрапіліся адэкватныя, без лішніх спрэчак адразу ж заплацілі за ўрон. А бывала і інакш, тэлефанавалі суседзі, трэба было прыязджаць, уціхамірваць, неяк нават прыгразіў, што міліцыю выклічу, тады толькі прыціхлі. Адным словам, праца з людзьмі — гэта вам не праца з драўнінай. І ўсё ж такі людзей разумных, адэкватных — пераважная большасць.
Дзмітрый і Вольга не думаюць спыняцца на зробленым, у іх планы не абстрактныя, а зусім канкрэтныя. Гаспадар ужо бачыць, дзе можна паставіць яшчэ тры домікі, каб прымаць гасцей. Няхай домікі тыя будуць просценькія, “без залішніх выкрутасаў”, затое і цана пражывання ў іх будзе меншай.
Развітваючыся з Дзмітрыем і Вольгай Бабаедамі, злавіў сябе на думцы, што менавіта за такімі людзьмі — ініцыятыўнымі, працавітымі — будучыня нашай Лепельшчыны.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: Вольга і Дзмітрый Бабаеды; Вольга паказвае сядзібу ўдзельнікам сесіі райсавета.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.