Муляры

165У сорак другой групе дзярж­прафліцэя ідуць заняткі. Звычайныя практычныя ў трэцякурснікаў вядзе майстар вытворчага навучання Зінаіда Краўчанка. Юнакам падабаецца — гэта ж не на ўроку выседзець тыя працяглыя хвіліны. Зусім іншая справа! І час бяжыць хутчэй, і канкрэтнай справай заняты. А трэба сказаць, што ў ліцэі вучацца большасцю не тэарэтыкі, а практыкі — хлопцы, якім цікавей не над падручнікам ці канспектам нудзіцца, а з гаечным ключом завіхацца ці кельмаю арудаваць. Гэтыя вось выбралі трэцяй прафесіяй муляра. Чаму трэцяй? Ды таму, што ў ліцэі, як правіла, прафесійная падрыхтоўка вядзецца па прынцыпе “тры ў адным”. У сорак другой групе сабраліся тыя, хто выбраў “прафесійны пакет”: трактарыст, слесар і муляр.
— Першая група муляраў набрана была ў нас яшчэ ў дзвюхтысячным годзе, — распавядае Зінаіда Іванаўна. — Такім чынам, адбылося ўжо больш за дзесяць выпускаў. Сёлета вучацца сорак два чалавекі. Выкладаем ім курс спецтэхналогіі і матэрыялазнаўства. Прадугледжана 396 гадзін практычных заняткаў, затым — практыка на вытворчасці, якую будуць праходзіць у ДКУ БП «Лепельская ПМК-75», КУП «ПМС», а таксама ў будаўнічых брыгадах сельскіх гаспадарак. Практыка працягнецца з 5 мая па 21 чэрвеня. Пасля гэтага яны здадуць кваліфікацыйны экзамен на муляраў і атрымаюць дыпломы.
— Куды хлопцы будуць размеркаваны?
— Некаторыя, хто заключаў дамовы з гаспадаркамі, паедуць па месцы прызначэння. Заключаны дамовы з прадпрыемствамі Чашніцкага, Ушацкага і іншых раёнаў. Астатнія будуць размеркаваны па меры паступлення заявак. Аднак кожны з выпускнікоў мае права на першае працоўнае месца. Зрэшты, некаторых забірае ваенкамат рыхтаваць на ваенных вадзі­целяў. Многіх наперадзе чакае армія. Аднак працоўнае месца захоўваецца, а працоўны час пачынае адлік ад пачатку вучобы ў ліцэі.
У вытворчым памяшканні разгорнута будоўля. Грудамі ляжаць цэгла, пясок, устаноўлена растворамяшалка. Тут жа ўзведзены фрагменты сцен. Такім чынам хлопцы знаёмяцца з асновамі кладкі. І сярод усяго гэтага роскіду красуецца прыгожы зграбны камін, які хлопцы склалі самі і вельмі гэтым ганарацца.
Гутарым з будучымі мулярамі. Міша Цынгель і Алег Кубар абодва са Стай. Пасля школы падаліся ў ліцэй, дзе менавіта будаўнічую прафесію выбралі. Пытаюся, чаму?
— Запатрабаваная, — кажа Міхаіл. — Будоўляў шмат, дзесьці месца знойдзецца, калі не ў дзяржаўных, то можна на прыватных працаваць.
— Можа, хто ў сям’і будаўнік?
— Ды не, — усміхаецца, — акрамя цацачнага канструктара нічога болей у дзяцінстве не канструяваў. Дах, праўда, з дзядзькам дома перакрывалі — вось і ўся практыка, але захацелася на будоўлю. Заадно буду здаваць на трактарныя катэгорыі “А” і “Б” — на “Беларус 3022”, “Кіравец”, МТЗ-1221. Можна ад ваенкамата ісці здаваць на грузавы аўтамабіль. Пасля арміі думаю застацца ў вёсцы.
Дома здаваў свае першыя будаўнічыя іспыты і Алег. З бацькам прыбудову да хаты рабілі.
— Скажы, камін складана рабіць?
— Ну, так. Начарціць спачатку трэба. Цэгла адмысловая патрэбна, акультураная. Выцяжку трэба ўмела зрабіць, “дамавыклік”… Адным словам, мастацкая работа.
На словах яно пакуль яшчэ прыгажэй выглядае, чым на справе, але між тым іх тут вучаць і вельмі практычным рэчам, напрыклад асновам прафесіі печніка, надзвычай рэдкай і запатрабаванай у наш час.

Уладзімір МІХНО.

На здымку: практычныя заняткі ў муляраў: Алег Кубар з Артурам Жыветавым.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.