Мы вместе! В центре ремесел прошло мероприятие ко Дню народного единства

Напярэдадні Дня народнага адзінства ў рамках акцыі «Мы разам» у цэнтры рамёстваў прайшло незабыўнае мерапрыемства для першакласникащ з СШ №1.

Майстар па традыцыйным народным касцюме Наталля Пятрышча не толькі распавяла пра рамествы, але і прапанавала дзецям паўдзельнічаць у стварэнні ўнікальных рэчаў, выкананых у традыцыйных народных тэхніках. І ўсё гэта яны рабілі калектыўна — а значыць, разам. Праўду кажуць: добры вынік атрымліваецца тады, калі мы адзіныя, калі мы сябруем і адказваем не толькі кожны за сябе, але і за агульную справу.

— Відаў традыцыйных рамёстваў шмат, але канкрэтна ў нашым Цэнтры рамёстваў майстры займаюцца па 13 напрамках. Гэта вышыўка, ткацтва на станках і ткацтва паясоў, выраб касцюма і галаўнога ўбору, вязанне кручком, лапікавае шыццё і многае іншае, — адзначыла Наталля Георгіеўна.

Каб паказаць, што ўмеюць нашы лепельскія майстры, не хопіць і тыдня. У гэты дзень маленькія наведвальнікі  спыніліся на тэхніках «маляванкі» і «набіванкі». Яны даведаліся, што «маляванка» — гэта маляваныя дываны, частка народнай творчасці беларусаў. Шмат гадоў таму «маляванкі» былі амаль у кожным сельскім доме. Іх дарылі на святы і вешалі на самым пачэсным месцы. Традыцыйныя «маляванкі» выконваліся на тканіне, пафарбаванай у чорны колер, цэнтральная кампазіцыя абавязкова была акружана рамкай з кветкавых матываў.

Затым школьнікам была прадэманстравана «набіванка» — гэта традыцыйная тэхніка нанясення малюнка на выраб пры дапамозе адмысловых дошчачак з выпуклай паверхняй. Лічыцца, што першае, на чым набіваўся такі малюнак, была тканіна, а потым ужо іншыя матэрыялы, такія як скура ці гліна.

Не змаглі стрымаць свае эмоцыі дзеці, калі ім прапанавалі самім паспрабаваць зрабіць вырабы ў традыцыйных народных тэхніках. Пад кіраўніцтвам Лізаветы Грышчук дзеці вучыліся рабіць «маляванку», а Таццяна Размысловіч паказала майстар-клас па «набіванцы» і дапамагла кожнаму яе вырабіць. Сімвалы ў гэты дзень таксама выбралі не выпадкова — сонца, якое нас усіх сагравае, і жанчына, роля якой у нашым грамадстве вельмі каштоўная.

Таксама майстры загадзя падрыхтавалі аснову пад ўнікальныя «маляванкі», у цэнтры якіх ганаровае месца заняў сімвал Беларусі — бусел, і ручнікі. Кожнае дзіця старалася не падвесці таварышаў, малявала і набівала малюнак асцярожна і павольна. У завяршэнне мерапрыемства падвялі вынік, што наша сіла ў адзінстве. Калі мы разам, мы моцныя і зможам дабіцца многага.

Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.