Мяжа: да і пасля аварыі

OLYMPUS DIGITAL CAMERAЛёс чалавека, пра якога збіраюся расказаць, прэтэндуе на добры ўрок для маладых — таго, чаго рабіць нельга, і што, наадварот, рабіць трэба ў жыцці. Размова пой­дзе пра чалавека моцнага, загартаванага духам.
Жыццё Андрэя Казакова няўмольны лёс па­дзяліў на дзве паловы, паміж якімі стаіць той ракавы дзень, калі ён дваццаціпяцігадовым хлопцам сеў на матацыкл і…
Хіба ж упершыню! Ды ён з тэхнікай на “ты”, бадай што з самага дзяцінства. Колькі іх, гэтых матацыклаў, мапедаў сваімі рукамі сабраў-разабраў.
У той ракавы дзень смерць яго пільнавала, загрэбла ўжо ў свае халодныя абдымкі і не хацела выпускаць да жыцця. Пасля дарожнага здарэння месца літаральна жывога, цэлага на ім не засталося. Збіралі-сшывалі ўрачы і… ніякай гарантыі не давалі.
А пасля былі доўгія гады туляння па бальніцах, па рэабілітацыйных установах для інвалідаў. Моцны арганізм Андрэя вытрымаў, перамог усё ж. Але з інваліднага вазка хлопец так і не падняўся. На той час ён ужо быў жанаты. Нарадзілася дачка. Чакалі пашырэння жыллёвай плошчы. Было шмат перспектыўных і цікавых планаў на будучыню. Усе іх перакрэсліла адно ракавое імгненне, падзяліўшы жыццё гэтага чалавека на дзве часткі — да і пасля аварыі.
Андрэй распавядае, што ў бальніцах набачыўся роспачы людзей, якія апынуліся ў такой жа, як ён, сітуацыі і былі гатовы выкінуцца з акна, калі б толькі да яго дацягнуліся, і звесці рахункі з жыццём. Аднак ў самога яго нават і думкі такой ніводнага разу не ўзнікала. Жыць! Толькі жыць! І прытым не стаць абузай, нікога не напружваць. Так ён застаўся жыць адзін. Рэзкі, круты па характары, Андрэй так тлумачыць сваё расстанне з блізкімі людзьмі, якія яго дагэтуль акружалі: “Не хачу, каб яны пакутавалі з-за мяне. Жонка вунь яшчэ якая маладая ў той час была, амаль што дзяўчо. У яе ўсё яшчэ напера­дзе.”
Андрэй Казакоў жыве адзін у двухпакаёвай кватэры, якая з часам стала яго творчай майстэрняй. Менавіта залатыя рукі і цвёрдая воля здолелі выцягнуць хлопца зноў да жыцця, калі ён ужо адной нагой стаяў на мяжы… Першы свой мапед Андрэй сабраў у дзяцінстве, яшчэ калі і ўтрымаць яго ў руках не мог. А калі ўжо, скалечаны, сядзеў у інвалідным вазку, апусціўшы рукі, і не ведаў, з чаго яму па-новай пачынаць жыццё, сябры прынеслі разец і кавалак дошкі. З гэтага і пачалося яго ўзыхо­джанне. Першы такарны станок ён зрабіў сам. І пачаў вы­пільваць, вычэсваць. Балазе ўсё ў яго руках проста “гарэла”, усё выходзі­ла выдатна.
— Гады тры толькі на інструменты працаваў, — прызнаецца Андрэй.
Заняўся рамесніцкай дзейнасцю — хлебніцы, паліцы дэкаратыўныя, падстаўкі для кветак. Ды якую толькі драбязу ён ні выпільвае! Камусьці спатрэбіцца рамка для фота­здымкаў, камусьці — паліца. Для кагосьці вунь змайстраваў дэкаратыўныя нарды — каб толькі бачылі, якія прыгожыя і арыгінальныя! Думаю, такія дорага каштуюць. А што ж, грошы Андрэю патрэбныя, бо дошкі, інструменты на пенсію інваліда не набудзеш. Сам шукае матэрыял, наймае людзей, каб яго прывезці. “Было, — прызнаецца, — што і сам на плячах тыя дошкі ў кватэру пераносіў-выгружаў”. Гэта, вядома, са сферы фантастыкі, але так! Нездарма ж у яго спальні — спартыўныя трэнажоры (таксама, пэўна, сам рабіў). Трэба быць моцным не толькі духоўна, але і фізічна, каб выжыць і жыць годна. Робіць майстар і іншыя, больш сур’ёзныя, рэчы для сябе, сяброў. Шафу зрабіць можа, крэсла.
— Зрабіць магу практычна ўсё, — шчыра прызнаецца хлопец, — быў бы час, пэўны матэрыял.
А галоўнае, ён змог зрабіць… самога сябе, за пятнаццаць гадоў інваліднасці вярнуцца да паўнавартаснага жыцця. Прыклад і для маладых людзей, якія, маючы сілы і здароўе, не хочуць працаваць, жывуць нахлеб­нікамі ў сваіх родных, блізкіх і гадамі не могуць знайсці прымяненне сваім сілам.
Уладзімір МІХНО.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.