На аб’ектах цішыня не панавала

Звышнарматыўнае будаўніцтва нікога не радуе. Як бяльмо на воку. Ніякай карысці. Замарожаныя сродкі выведзены з абароту. Таму з доўгабудамі барацьба непрымірымая вя­дзецца. Скажам,  ААТ «Лепельскі малочнакансервавы камбінат» знёс адміністрацыйна-бытавы корпус у Забаенні, так званы дом адпачынку ў Окане.

І на тым кропку пры ўсіх фінансавых складанасцях у рэгіёне ставіць не збіра­ліся. Пачатая справа працягвалася. Быў  уведзены ў эксплуатацыю аб’ект «Дабудова адміністрацыйнага будынка і склада ў г. Лепелі па вул. Савецкая, 135» КУВП “Бароўка”. Даччыным камунальным унітарным прадпры­емствам «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Лепельскага раёна» за названы перыяд ўведзена ў эксплуатацыю дзесяць аб’ектаў. Такім чынам на рыштаваннях аб’ектаў незавершанага будаўніцтва цішыня не панавала. Рабочы рытм адчуваўся.

І ўсё ж не пазбеглі прыкрых хібаў. Не рэалізавана спартыўная зала ААТ «Лепельпрамшвеймэбля», ганд­лёвы цэнтр у вёсцы Суша ААТ «Ладасна». Не завершаны ўзвядзенне, здача ў эксплуатацыю шахі для захоўвання, складзіравання льносыравіны і рэканструкцыя базы мінеральных угнаенняў, а таксама шэраг іншых аб’ектаў.

Раённы выканаўчы ка­мітэт зацвердзіў мерапрыемствы па скарачэнні аб’ёмаў звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва.

Здароўе ў аптэцы не купіш

Кажуць, здароўе ў аптэцы не купіш. Сапраўды так. Кожны павінен дбаць пра свой заўтрашні дзень. Шлях надзейны да здароўя — рэгулярныя заняткі фізічнай культурай. Павысілася масавасць і актыўнасць як гарадскога насельніцтва, так і сельскіх жыхароў. Вырасла сацыяльная значнасць гэтага сацыяльнага сегмента ў агульным комплексе народнагаспадарчых і сацыяльных задач. І база для гэтага створана надзейная. Раённы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр мае спартыўную і дзве трэнажорныя залы, більярдавую, саўну з мінібасейнам, стадыён на 1500 пасадачных месцаў і гімнастычны гарадок.

Гэта для заняткаў улетку. А ўзімку? У зімовы час функцыянуюць каток, хакейная каробка, дзве асветленыя лыжныя міні-трасы, размешчаныя ў гарадскім парку і на стадыёне. Для правядзення раённых і абласных спаборніцтваў у межах аўтадрома абсталявана неасветленая лыжная трохкіламетровая траса. Працуе пункт пракату спартыўнага інвентара і абсталявання.

Штогод ДУ «ЛРФАЦ» праводзіцца больш за 50 спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Многа гэта ці мала? Як паглядзець. У працэнтных адносінах сітуацыя выглядае такім чынам: ахоплена каля 21 працэнта насельніцтва раёна, а гэта больш за 6,5 тысячы чалавек.

Тым не менш і праблем цэлы воз. Для больш якаснай арганізацыі фізкультурна-масавай і спартыўнай работы неабходна правесці рэканструкцыю будынка спартыўнага комплексу, стадыёна, добраўпарадкаваць тэрыторыі. Вырашана на пасяджэнні мясцовага органа ўлады хадайнічаць перад упраўленнем спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама аб выдзяленні дадатковых сродкаў з абласнога бю­джэту для капітальнага, бягучага рамонту спартыўнага комплексу, забеспячэння спартыўным інвентаром і абсталяваннем.

Шэфства  над  адукацыі

Зацверджана  Палажэнне аб правядзенні спаборніцт­ва сярод прадпрыемстваў, арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў па аказанні шэфскай дапамогі ўстановам адукацыі. Падводзяцца вынікі ва ўрачыстай абстаноўцы на раённым злёце перадавікоў.

Асноўнай мэтай з’яўляецца стымуляванне суб’ектаў гаспадарання на аказанне шэфскай дапамогі ў забеспячэнні сродкамі навучання і вучэбным абсталяваннем, правядзенні бягучых рамонтаў, падрыхтоўцы да пачатку навучальнага года.

Вынікі падводзяцца да 31 студзеня года, які ідзе за справаздачным. Для гэтага ствараецца  камісія распараджэннем старшыні раённага выканаўчага камітэта. Падстава для разгляду вынікаў працоўнага саперніцтва — матэрыялы  аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Прысуджаецца адно прызавое месца з уручэннем Ганаровай граматы райвыканкама і грашовай  прэміі ў памеры да 50 базавых велічынь.

 Уладзімір

ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.