На Дзень Перамогі ў цэнтральным гарадскім парку дзейнічаў паэтычны мікрафон “Чытаем вершы аб вайне”

IMG_1366 На Дзень Перамогі ў цэнтральным гарадскім парку дзейнічаў паэтычны мікрафон “Чытаем вершы аб вайне”. Да яго па чарзе падыходзілі лепяльчане і госці нашага горада і дэкламавалі шчымлівыя радкі пра векапомныя падзеі, выказвалі сваю шчырую ўдзячнасць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны — франтавікам і партызанам, працаўнікам тылу, якія адстаялі свабоду і незалежнасць Радзімы.
Адным з апошніх папрасіў слова, падышоў да мікрафона невысокі хлопчык, трэцякласнік Ягор Валочнік. Яго зычны, добра пастаўлены голас звярнуў на сябе ўвагу. Верш уражваў шчырасцю і непасрэднасцю ўспрыняцця навакольнага свету.
— Верш называецца “Бацьку”, а напісаў яго народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, — паведаміў Ягор. — Гэта адзін з самых любімых маіх паэтычных твораў.
Да хлопчыка падышлі яго бацькі, якія былі апрануты ў прыгожыя беларускія нацыянальныя вышыванкі.
— Наша сям’я жыве ў Наваполацку, хаця абодва мы нарадзіліся і выраслі ў горадзе Лепелі, — адзначыў Аляксей Валочнік. — Я заканчваў сярэднюю школу №1, а мая жонка Святлана — СШ №2 імя І.М. Ерашова. Пазнаёміліся ў час нашай вучобы ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, калі я набываў у гэтай вышэйшай навучальнай установе веды на хіміка-тэхналагічным факультэце, а яна — на эканамічным.
— Дзе працуеце?
— Я — начальнікам вытворчасці ў прыватнай фірме, а Святлана — старшынёй прафсаюзнага камітэта студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
— Ці часта бываеце на малой радзіме?
— Ніколі не парывалі сувязяў з Лепельшчынай. Ды і ў гэтыя святочныя дні ўсёй сям’ёй тут адпачываем. Дарэчы, выпісваем раённую газету “Лепельскі край”, з задавальненнем яе чытаем, знаходзімся ў курсе ўсіх падзей эканамічнага і культурнага жыцця. Тым больш, што асноўная частка публікацый у перыядычным выданні друкуецца на беларускай мове, а мы ў сваёй сям’і карыстаемся роднай беларускай мовай.
М. АЗЁРНЫ.
На здымку: Аляксей і Святлана Валочнікі разам са сваім сынам Ягорам у цэнтральным гарадскім парку Лепеля.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.