На гасціным двары ў Фядзьковіча, на Лепельшчыне, лепшыя стравы падаюць на патэльні

139 Калі едзеш з Лепеля на Мінск, ужо на восьмым кіламетры ад нашага горада, ля Верабак, раптам трапляеш у казку. Зірні направа — ці то музей пад адкрытым небам, ці то драўляны заапарк? Розныя жывёліны, як звычайныя, так і экзатычныя, персанажы казачныя мірна суседнічаюць на параўнаўча невялікім пятачку перад грандыёзным цагляна-каменным збудаваннем. Многія нават не здагадваюцца, што на Лепельшчыне ёсць такі цікавы музей пры дарозе.

Аднак гэта не музей. На будынку красуецца надпіс, які развейвае ўсялякія сумневы. Гэта гасціны двор. У раёне яго называюць гасціным дваром Фядзьковіча, па прозвішчы заснавальніка.

Заходжу ў будынак. Прыгожа, каларытна, утульна. Сучасны інтэр’ер густоўна гармануе з нацыянальным каларытам у стылі рэтра. Наўпрост — дарога ў кавярню, дзе і сустракаю непасрэдна гаспадароў «Гасцінага двара»: яго заснавальніка Максіма Фядзьковіча і дырэктара прыватнага гандлёвага прадпрыемства Людмілу Сядун. З Людмілай Аркадзьеўнай гутарым пра сённяшнія справы прадпрыемства, пасля чаго гаспадыня ласкава запрашае на экскурсію па гасціным двары, дзе і сапраўды ёсць на што паглядзець і што паказаць. Да слова, гаспадыня вельмі паважае слова роднае і, хаця сама па-беларуску не гаворыць, прыхільна ставіцца да носьбітаў роднай мовы, нават занатоўвае асобныя, незнаёмыя ёй словы — цікавіцца.

Ну ды пакуль што крыху матэматыкі. Кавярня разлічана на сорак восем наведнікаў. Багатае і разнастайнае меню. Настолькі багатае, што проста дзіву даешся. Напрыклад, тут прапануюць на выбар сем супоў, каля дваццаці гарачых страў на другое, больш за дзясятак розных салатаў ну і, зразумела, розныя сокі, напоі, каву, гарбату.

Цяпер пра цэны. Кавярня другой нацэначнай катэгорыі. Гэта азначае, што дапушчальна рабіць нацэнкі да сямідзесяці працэнтаў. Аднак, насамрэч, па словах дырэктара, такіх вялікіх нацэнак ніколі не рабілі, наадварот, імкнуліся «збіваць» кошты. Яно і зразумела, бо канкурэнцыя, рынак. Будзе танней, скажам, у «трох пяцёрках» альбо на стаянцы ў Мацешы — і народ паваліць туды. Ну, вядома, не скажаш, што на гасціным двары ў Фядзьковіча абеды таннейшыя, чым, дапусцім, у сталоўках МКК ці аграрна-тэхнічнага каледжа. Аднак ёсць адно «але»…

У кожнага прадпрымальніка — свае «фішкі», з дапамогай якіх ён заваблівае кліента. Вось і Фядзьковічава кавярня трымаецца на «трох кітах». Гэта стравы на патэльні, як кажуць, з пылу-жару, прама з агню. Прама на патэльні тут падаюць смажаную бульбачку з дамашняй каўбаскай і  шкваркамі — пальчыкі абліжаш, гэта завецца смажанкай. А таксама верашчаку (мачанку) і яечню. Стравы гэтыя настолькі каларыйныя, а порцыі настолькі важкія, што наядаешся, скажам, адною смажанкаю, якая каштуе дваццаць шэсць, ці верашчакаю за дваццаць восем тысяч. Застаецца папіць кваску ці морсіку журавінавага — і ты пад’еў. Альбо ўзяў суп грыбны — усяго за палову гэтай сумы. Вядома, можна заказаць і іншы абед — на любы густ і любы кашалёк. Скажам, распрацавана спецменю на вялікі пост выключна з посных страў. Сярод іх — дранікі. Словам, любы капрыз кліента. Адзінае — трэба крыху пачакаць, таму што болей як дзесяць порцый страў запар тут  не вараць. Гэта ўжо пытанне якасці абедаў. Пачакаеш — і табе тут жа прыгатуюць.

Цікаўлюся ў Людмілы Аркадзьеўны, якім чынам яшчэ на гасціным двары пільнуюцца крытэрыяў якасці.

— Сумніўную не набываем, уся завезеная прадукцыя ў нас сертыфікаваная. У распараджэнні — каля паўтара дзясятка халадзільнікаў і халадзільных вітрын, у тым ліку чатыры буйнагабарытныя, так званыя прамысловыя. Нават салаты ніколі не падаём на стол у змешаным выглядзе, няхай кліент пабачыць, якія інгрэдыенты ў яго ў талерцы, як яны выглядаюць, а пасля сам змяшае. Немалаважна і майстэрства кулінараў. Повары Наталля Кавалёва, Алена Хрол і іх памочнік Жанна Маскалёнак — людзі вельмі старанныя, майстры сваёй справы, рупліўцы.

Прадукцыю на “Гасціны двор” завозяць як сваю, лепельскую (малочныя прадукты з МКК, хлебныя — з хлебазавода), так і з іншых рэгіёнаў вобласці ды дзяржавы. Лікёра-гарэлачныя вырабы — з віцебскага завода і з мінскага «Крышталя», піва — з такіх вядомых прадпрыемстваў, як «Лідскае піва», «Аліварыя», «Крыніца» і інш. Мясныя вырабы паступаюць з Бярозаўскага мясакамбіната і г.д.

Акрамя кавярні па пятніцах і суботах працуе рэстаран на сто пяцьдзясят месцаў, ёсць дзве банкетныя залы па трыццаць месцаў кожная, вельмі прыгожа, густоўна аформленыя. Тут гуляюць вяселлі, адзначаюць дні нараджэння, ладзяць памінкі

Працуе гасцініца. У адрозненне ад рэстарана і кавярні, яна не надта прыбытковая і не кожны раз заселеная напоўніцу. Усяго каля трыццаці нумароў, сярод якіх тры — першай катэгорыі (з тэлевізарам, хала­дзільнікам, усімі камунальнымі зручнасцямі). А ёсць і зусім танныя нумары, так званага эканом-класа. Аўтастаянка пры гасціным двары разлічана на шэсцьдзясят адзінак аўтатранспарту. Грузавыя машыны ды фуры спыняюцца тут за пяцьдзясят тысяч, а вось легкавушкі — бясплатна. Бясплатна могуць вадзіцелі і папарыцца ў лазні, паслугі якой, так бы мовіць, у адным пакеце з іншымі паслугамі прадпрыемства, абслугоўвае якое пятнаццаць чалавек. Калектыў дружны, зла­джаны, працавіты, пераважнай большасцю людзі працуюць тут даўно. Само ж прадпрыемства адчынілася акурат напярэдадні новага дзве тысячы сёмага года, калі і быў пабудаваны гэты будынак.

Пакідаючы гасціны двор, зноў любуешся казачнай гвардыяй персанажаў работы мясцовага майстра разьбы па дрэве Ігара Трыбо з Поў­свіжа. А ўспамін пра Фядзьковічаву бульбачку з дамашняй кілбаскаю на гарачай патэльні не пакіне цябе ніколі.

 Міхась Валоха.

 На здымках: заснавальнік «Гасцінага двара» Максім Фядзьковіч; афіцыянтка Любоў Клачок за працаю; повар Алена Хрол.

 Фота аўтара.

25 красавіка 012 25 красавіка 016

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.