На какую продукцию в Лепеле есть стабильный спрос?

Пра тое, што базар будзе нешматлюдным, я падумаў яшчэ падязджаючы да яго. Звычайна на прылеглых паркоўках няма дзе пакінуць аўтамабіль, але ў мінулую нядзелю вольных месцаў было шмат.

Нягледзячы на снегапад, вуліцы горада а 10-й гадзіне раніцы ў асноўным былі чыстыя. Пакуль ехаў, заўважыў не менш за 5 трактароў і машын з адваламі, якія і расчышчалі праезныя часткі вуліц. Аднак на 2-ю палову дня заставаўся яшчэ значны ўчастак працы на тратуарах і ў дварах. Дарэчы, тэрыторыя базару была расчышчана яшчэ з ночы. Гурбы ссунутага снегу, якія нярэдка былі вышэй за чалавечы рост, ляжалі ў многіх месцах. Аднак гэта не замінала ні гандлярам расстаўляць свае палаткі, ні пакупнікам праходзіць паміж імі.

Мае здагадкі апраўдаліся: у нядзелю пакупнікоў было мала. Што магло зацікавіць іх у такі час? Натуральна, рыдлёўкі для ўборкі снегу. Паспрабаваў і я прыцаніцца. Прыезджы прадавец прапаноўваў пластыкавыя рыдлёўкі па 12 рублёў. Набывай, нясі дадому — і прыступай да бясконцай зімовай барацьбы са снегам. Рыдлёўка з драўлянай ручкай каштавала ўжо 15 рублёў, а з алюмініевай — 18.

— Раней я прывозіў больш танныя рыдлёўкі, па 6 рублёў за адзінку, — кажа прадавец. Аднак яны аказаліся зусім няякасныя, крохкія, пластык трэскаўся. Зараз жа прывожу тавар больш якасны, трывалы. Аднак ён і даражэйшы.

У якасці доказу паказаў рыдлёўку, якая патрэскалася. Сапраўды, такога інструмента на працяглы час не хопіць.

Яшчэ адзін тавар, які паступова становіцца ўсё больш папулярным, — насенне. У першую чаргу жыхары Лепельшчыны праяўляюць цікавасць да парніковых культур — перцу і памідораў. Насенне прадавалася больш, як у 5 кропках. У адной з самых багатых — насенне памідораў было прадстаўлена па 3 відах: нізкарослыя, сярэднерослыя і высакарослыя. Кожнага віду было больш, чым па 20 сартоў. Пакецік з насеннем каштаваў ад 60 капеек да 3 рублёў. Прадавец даваў вычарпальную кансультацыю: у які грунт лепей высяваць, як паліваць, якія ўгнаенні прымяняць, каб атрымаць больш трывалы саджанец і ў выніку — больш багаты ўраджай.

Спадарожны да насення тавар — грунты для расады. Іх таксама прадавалі ў некалькіх кропках на розны густ: для гародніны, таматаў, перцу, баклажанаў і проста ўніверсальныя.

Выпадкова падслухаў дыялог жанчыны-пакупніцы і прадаўца з ралета. Бачна, што яны добрыя знаёмыя.

— Давай тавар, на табе грошы, разлічвай хутчэй.

— Куды спяшаешся?

— Таксі чакае, я заказала адразу да базару і назад.

— Якое таксі? У цябе ж аўтамабіль ёсць.

— Разумееш, якая незадача. Машына стаіць у двары. У апошнія дні надворе не вельмі спрыяльнае: то адліга, то мароз. У выніку пад аўтамабіль нацякло шмат вады, а ад марозу яна заледзянела. Колы ледзь не да паловы ўмерзлі ў лёд. Дык я, каб зездзіць на базар, выклікала таксі. Атрымалася зручна і нядорага.

Праходжу міма палаткі з адзеннем, бачу надпіс: “Джынсы муж. і жан. па 45 руб.”. Далей працуюць прадаўцы жывой рыбы. Таўсталобікаў і карпаў вагой да 600 грамаў прадаюць па 4,90 за кілаграм, карпы вагой да 1000 грамаў прапануюцца па 5,50 за кілаграм.

Ля ўваходу на сельгаспляцоўку ўбачыў жанчыну, у палатцы якой былі дзясяткі мадэляў мужчынскіх і жаночых галаўных убораў. Вязаныя жаночыя шапкі каштавалі ад 20 рублёў. У размове прадавец адзначыла:

— Продаж апошнім часам ідзе зусім слаба. Раней здаралася, што жыхары раёна пра цану шапкі не пыталіся, мералі. Тое, што падабалася, набывалі і далей ішлі ў абноўцы. Зараз жа ў людзей грошай мала. Заўсёды звяртаюць увагу не на мадэль і якасць, а на цану.

З ёй пагадзіліся і прадаўцы салёнага сала з мяснога павільёна. Увесь прылавак быў запоўнены таварам на любы густ: сала чыста белае, з праслойкамі, з перевагай мяса, тонкія і тоўстыя пласты. Пакупнікоў жа падыходзіла няшмат, нягледзячы на адносна невысокі кошт — 17 рублёў за кілаграм. Па словах знаёмых, крыху раней яны набывалі салёнае сала і па 18, і па 20 рублёў.

У астатнім асартымент і цэны на тавары ў павільёнах з часу мінулага візіту не змяніліся, таму падрабязна вырашыў на іх не спыняцца.

Сельгаспляцоўка, як і ў час майго мінулага наведвання, працавала больш у рэжыме паркоўкі, чым месца продажу. Акрамя дзвюх жанчын за імправізаванымі прылаўкамі, з 4 аўтамабіляў прадавалася бульба і з 1-й — збожжа. Зерне каштавала па-ранейшаму па 5 рублёў за вядро, а бульба — 10-12 рублёў. Па словах прадаўцоў, базарны дзень выдаўся для іх даволі ўдалым, амаль увесь прывезены тавар быў прададзены.

На гэтым вырашыў завяршыць агляд базару. Да наступных сустрэч!

В. МАТЫРКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.