На крутагор’і

170Адкрытае акцыянернае таварыства “Ладасна”. Спачатку нашым суразмоўцам стаў аграном Уладзімір Бяляўскі, нядаўні выпускнік Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.
Усяго ў “Ладасне” трэба засеяць збожжавымі 1180 гектараў — вялікі клін. Акрамя гэтага, 400 га кукурузы, 180 — рапсу, 10 — сталовых буракоў. З-за недахопу фінансаў гаспадарка толькі нядаўна змагла закупіць дызельнае паліва і пачаць сяўбу, пасеялі каля ста гектараў яравой пшаніцы. Справа абцяжарваецца яшчэ тым, што восенню не паспелі ўзараць глебу, недахоп трэба ліквідоў­ваць вясной, калі іншых спраў для людзей і тэхнікі за­шмат. Ворыва — самая энергазатратная аперацыя ва ўсім раслінаводчым працэсе, на яе расходуецца найбольш паліва.
Зранку імжэла. Для таго, каб тэхніка з пасяўнымі агрэгатамі эфектыўна працавала, трэба, каб глеба была крыху падсохлай, рассыпчатай. Таму сяўба ў той дзень не праводзілася. Кіраўніцтва “Ладасна” прыняло рашэнне больш увагі ўдзяліць пераворванню. Напярэдадні магутны МТЗ-3022 з васьмікорпусным пераваротным плугам правёў пробны выезд на палі, прабіў кола, і трактарыст быў заняты рамонтам. На палетках шчыравалі два трактары.
У суправаджэнні Уладзіміра Бяляўскага выязджаем на поле за вёскай Ладасна. Палеткі размясціліся на гарах з крутымі схіламі, перамяжоўваюцца ўчасткамі, дзе ніякая тэхніка не прае­дзе. Там растуць дрэўцы. На іх трактары крута нахіляюцца набок.
Кароткі прывал, гутарым з механізатарамі. Іван Грак — ветэран гаспадаркі, увесь працоўны стаж звязаны толькі з ёй. Хаця мужчына ўжо некалькі гадоў на пенсіі, трактара не пакідае. Як атрымаў свой МТЗ-82 у 2008 годзе новым, так на ім і працуе. У адных руках тэхніка працуе бездакорна. На МТЗ-1523 працуе Уладзімір Сялява. Як прыйшоў у калгас пасля заканчэння вучылішча ў 1992 годзе, так і працуе на зямлі. Праўда, тэхніка яго жадае быць лепшай. Яно і не дзіва — за два гады на трактары папрацавалі тры вадзіцелі, праводзіўся і капітальны рамонт. Аднак на ворыве не падводзіць. За працоўны дзень МТЗ-82 з трохкорпусным плугам пераворвае да шасці гектараў, а МТЗ-1523 з чатырохкорпусным — да васьмі.
МТЗ-3022 агрэгатуецца васьмікорпусным абаротным плугам, для прадукцыйнай працы яму патрэбны шырокія палеткі — не менш за дзесяць гектараў. Такія ў ААТ “Ладасна” ёсць, але ў іншых месцах. На такіх жа крута­го­р’ях, як ля вёскі Ладасна, больш рацыянальна выкарыстоў­ваць меншыя трактары, што і робіцца.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: на полі за Ладаснам.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.