На Лепельшчыне нямала маладых людзей, асабліва хлопцаў, аддаюць перавагу рабоце ў органах унутраных спраў

aАб тым, якую прафесію выбраць у будучым, многія юнакі і дзяўчаты задумваюцца ўжо ў школьныя гады. Нямала маладых людзей, асабліва хлопцаў, аддаюць перавагу рабоце ў органах унутраных спраў. Якія патрабаванні прад’яўляюцца да абітурыентаў пры паступленні ва ўстановы Міністэрства ўнутраных спраў, аб прафесіі ахоўніка правапарадку пойдзе наша размова ў інтэрв’ю з намеснікам начальніка Лепельскага РАУС падпалкоўнікам міліцыі Аляксандрам Калінічэнкам.
— Аляксандр Уладзіміравіч, якія прывілеі маюць навучэнцы ўстаноў Міністэрства ўнутраных спраў?
— Курсанты навучаюцца на бюджэтнай аснове і знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні. Гэта медыцынскае абслугоўванне, пражыванне, харчаванне, абмундзіраванне, а таксама выплата стыпендыі ў памеры два мільёны трыста тысяч рублёў.
Пасля заканчэння вучобы выпускнікам вышэйшых навучальных устаноў выдаюцца дыпломы дзяржаўнага ўзору з кваліфікацыяй “Юрыст”.
— Хацелася б даведацца падрабязней аб парадку прыёму ў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў.
— На дзённую форму навучання могуць паступаць грамадзяне Беларусі ад сямнаццаці да 25 гадоў, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю, прафесійна-тэхнічную з агульнай сярэдняй або сярэднюю спецыяльную адукацыю.
Адпаведныя ўмовы для паступлення ёсць і ў Магілёўскім інстытуце Міністэрства ўнутраных спраў. У ВНУ можна атрымаць юрыдычную адукацыю па спецыялізацыі “Адміністрацыйна-прававая дзейнасць для падраздзяленняў міліцыі грамадскай бяспекі”, а таксама па спецыяльнасці “Прававое забеспячэнне грамадскай бяспекі і прававое забеспячэнне аператыўна-вышуковай дзейнасці”. Дарэчы, зараз у Інстытуце вучацца трое жыхароў Лепельшчыны.
Парадак паступлення ў гэту ўстанову такі ж, як і ў Акадэмію МУС, за выключэннем таго, што дзяўчаты маюць права паступаць на факультэт міліцыі па спецыялізацыі “Прававое забеспячэнне грамадскай бяспекі”.
— Безумоўна, работа ў органах унутраных спраў мае асаблівы прэстыж…
— Паступаючы на навучанне ва ўстановы адукацыі МУС Рэспублікі Беларусь, маладыя людзі набываюць бясплатную якасную юрыдычную адукацыю. Акрамя поўнага дзяржаўнага забеспячэння ў час навучання яны маюць таксама гарантаванае працаўладкаванне па спецыяльнасці, дастойную аплату працы ў далейшым, сацыяльныя гарантыі для асоб кіраўніцкага саставу. У іх ёсць магчымасць прафесійнага росту па кар’ернай лесвіцы.
Усю дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: 4-33-64, 4-45-68 або 8(029)811-88-06.
Інтэрв’ю правяла
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.