На Лепельшчыне шырокае станаўленне савецкай сістэмы сярэдняй адукацыі адбылося толькі пасля вызвалення мясцовасці з-пад польскай акупацыі

На тэрыторыі Лепельскага раёна шырокае станаўленне савецкай сістэмы сярэдняй адукацыі адбылося толькі пасля вызвалення мясцовасці з-пад польскай акупацыі.

u-17 Адразу аднавіць школьную справу не падавалася магчымым, таму нават у 1923 годзе частка навучальных устаноў у большасці населеных пунктаў не працавала.
У Лепелі ў 1923 годзе ўжо дзейнічалі школа другой ступені (сямігодка), 1-ы Лепельскі (яўрэйскі) дзіцячы садок. 1-я і 2-я школы І-й ступені (пачатковыя) не працавалі, таму што рамантаваліся памяшканні. Планавалася адчыніць 2-гі Лепельскі (інтэрнацыянальны) дзіцячы садок.
Па валасцях павета школьная справа выглядала значна горш. З 40 школ дзейнічалі толькі шэсць — у Гарадчэвічах, Зялёным Востраве, Ляхавічах, Грыгаравічах, Камені. У астатніх не працавалі з-за адсутнасці памяшканняў, неабуладкаванасці і г.д.
У наступныя гады сітуацыя значна палепшылася. Найперш насельніцтва было ахоплена шырокай сеткай устаноў пачатковай адукацыі. У 1927 годзе ў Барысаўскай акрузе, куды ўваходзіў і Лепельскі раён, налічвалася 369 чатырохгодак, з іх беларускіх было 342, яўрэйскіх — 14, польскіх — 12, рускіх — 1.
Многія пачатковыя школы існавалі задоўга да Кастрычніцкай рэвалюцыі, а пасля проста былі ператвораны ў савецкія. Напрыклад, у 1911 годзе земствамі (органамі мясцовага самакіравання) былі адчынены школы ў Велеўшчыне, Свядзе, Свядзіцы, Верабках. А вось Даліцкая і Руднянская школы арганізаваны ў 1925 годзе.
Вялікая адказнасць легла на настаўніцкія кадры. Андрэй Сцепаненка, прызначаны на пасаду настаўніка Велеўшчынскай школы, скончыў сямігодку і барысаўскія кароткатэрміновыя курсы. Меўшы невялікі настаўніцкі досвед, ён павінен быў адзін (!) вучыць 72 вучні, адначасова ці пазменна працаваў у чатырох класах. У Рудні (40 вучняў) настаўніцай працавала дачка свядскага святара Міхаіла Садоўскага Зінаіда, выпускніца Лепельскай рэальнай гімназіі. Яе родны брат Яўген, які скончыў 3 класы Мінскай духоўнай семінарыі, настаўнічаў у Свядзіцы, куды яму штодня даводзілася дабірацца на веласіпедзе. Пазней яго перавялі на працу ў Зацякляскую школу.
Не засталіся без справы і тыя, хто меў вялікі досвед педагагічнай дзейнасці. Георгій Петухоўскі, які працаваў у Свядскай школе (55 вучняў). З 1926 года ў Свядзіцы 38 дзяцей вучыла Надзея Смольская, якая закончыла Віцебскую жаночую гімназію і працавала да гэтага часу ў Бераснёўскай школе.
Гартаючы старыя архіўныя дакументы, дзівішся, наколькі разгалінаваная ў той час на вёсцы была сетка школ, а колькасць вучняў дасягала такой лічбы, што дырэктары некаторых сучасных устаноў адукацыі могуць толькі пазайздросціць.
Валерый ТУХТА.
На здымку: настаўніца Руднянскай школы Зінаіда Садоўская.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.