На Лепельщине продолжается уборка картофеля

У ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” ўжо амаль тыдзень поўнай хадой ідзе ўборка бульбы, вытворчы працэс на сёння затармазіць могуць хіба толькі паломкі. Так, у дзень прыезду карэспандэнта тэхніка на поле выехала на дзве гадзіны пазней, чым звычайна, трактарыст Ігар Старынскі з раніцы рамантаваў тэхніку.
— Напярэдадні выйшла са строю зорачка асноўнага транспарцёра, дадаткова патрабаваліся зварачныя работы, сабралася яшчэ некалькі дробных няспраўнасцяў, выпраўленне якіх заняло пэўны час, — кажа Ігар Мікалаевіч.
Сустрэліся мы ўжо на бульбяным палетку, што раскінуўся побач з аршанскай шашой за Чэрцамі. На бульбаўборачным камбайне працавалі Мікалай Шайтар і Міхаіл Пачтовы, адвозіў накапаную бульбу на МАЗе вадзіцель Аляксандр Краўцоў.
Даволі значны кавалак поля ўжо быў выкапаны. Трактар з камбайнам акуратна падехаў, стаў на нераскапаныя градкі — працэс пайшоў. За тэхнікай падымаліся клубы пылу, відаць было, што пасля тыдня дажджоў прайшло ужо шмат часу, глеба зноў падсохла. Звярнуў увагу і на яшчэ адну асаблівасць — на градках амаль не заставалася парэшткаў каліўя ці пустазелля, якое ў адваротным выпадку часта падбіваецца пад механізмы бульбакамбайнаў і капалак.
Які ў сартастанцыі сёлета ўраджай бульбы? Ці будзе з чым прыехаць на традыцыйны восеньскі кірмаш? Такімі і аналагічнымі пытаннямі задаецца мноства лепяльчан.
— Бульба сёлета горшая вырасла, чым летась, — дзеліцца ўражаннямі Аляксандр Краўцоў. — У мінулым годзе, каб напоўніць бункер, бульбакамбайну дастаткова было адзін раз праехаць у канец поля і назад, і ён выгружаў накапанае мне ў кузаў. Цяпер жа бункер напаўняецца амаль удвая даўжэй. Значыць, ураджай амаль удвая меншы. Аднак без другога хлеба не застанемся.
Так, нягледзячы на амаль такія ж самыя ўмовы вырошчвання, такое ж поле, прыблізна падобныя нормы ўнясення ўгнаенняў і правілы правядзення апрацовак, ураджай усё ж такі горшы. Прычына — летняя сухмень, якая яшчэ больш узмацаваная тым, што бульба была пасеяна на пясчаных глебах.
— Колькі рэйсаў удаецца накапаць і вывезці за дзень?
— Звычайна ў кузаў засыпаем па тры бункеры, рэдка — па чатыры, машына ўжо даволі старая. З поля адвожу ў Адамаўку на вагі, пасля ўзважвання трымаю курс у Чэрцы на бульбасховішча, там разгружаюся і зноў на поле. За дзень удаецца вывезць па тры-чатыры рэйсы.
Неўзабаве на поле прыехаў дырэктар сартастанцыі Андрэй Краўцоў, з ім і прадоўжылі гутарку.
— Якія плошчы сёлета былі выдзелены пад бульбу?
— Бульба ў гаспадарцы сёлета пасеяна на дзесяці гектарах. Зараз капаем сорт маніфест. Гэта сярэднеранняя бульба, даволі папулярная на Лепельшчыне і ўвогуле ў вобласці, дае стабільна неблагія ўраджаі, пад яе сёлета адвялі чатыры гектары. Наступным будзе сорт брыз, таксама сярэднеранні. Паводле папярэдніх даных, ён сёлета зноў жа няблага ўрадзіў, але, вядома, горш, чым летась. Апошнія тры гектары займае бульба сорту лель. Гэта новы для нас сорт. Вясной мы ў адной спецыялізаванай гаспадарцы набылі 11 тон насеннай бульбы суперэлітнай рэпрадукцыі, пасеялі густа, каб таксама атрымаць больш насення. Пабачым, што атрымаецца.
— Ці выгадна вырошчваць бульбу.
— Сёлета — выгадна. У бягучым годзе валавыя ўраджаі бульбы меншыя, таму чана на яе істотна вышэй, чым летась. Так, калі ў мінулым годзе 60 капеек за кілаграм лічылася добрай цаной, то цяпер нам гатовыя плаціць і па 90 капеек, і па рублю за кіло. І пакупнікі ў чаргу становяцца, просяць, толькі прадай. Рубель за кілаграм для нас добрая, выгадная цана.
— Вам указваецца, кужы можна рэалізоўваць бульбу?
— На продаж бульбы для нас няма ніякіх цвёрдых заданняў, дзе знойдзеш выгаднага для сябе пакупніка, туды і прадавай. Можна рэалізоўваць як бюджэтным арганізацыям: дзіцячым садкам, бальніцам, вайсковым часцям, так і камерцыйным арганізацыям, прадпрымальнікам.
— Ці плануеце вывозіць бульбу на кірмаш?
— Абавязкова. І не толькі бульбу. І не толькі на кірмаш. Плануем выязджаць на базары ў выхадныя дні, акрамя гэтага паспрабуем прадаваць на базарах у суседніх раёнах: ва Ушачах, у Бешанковічах, Чашніках, Новалукомлі.
— Якія планы наконт бульбаводства на наступны год?
— Агульную плошчу скарачаць не думаем, дзесяць гектараў для нас аптымальны маштаб. Але разбіўку па сартах думаем памяняць: на шасці гектарах высадзіць лель і па два гектары адвесці пад брыз і маніфест. Апошнія сарты вырошчваюцца даволі доўга, нізкія рэпрадукцыі даюць пра сябе ведаць. А на перспектыву хацелася б паспрабаваць вярнуцца да такога зарэкамендаванага сорта, як скарб.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: Ігар Старынскі, Аляксандр Краўцоў, Мікалай Шайтар і Міхаіл Пачтовы.
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.