На очереди возведение новых кабин для переодевания и информационных стендов

img_6151 Закончыўся перыяд летняга адпачынку. Да наступнага сезона апусцеў гарадскі пляж. Таму з’явілася магчымасць далейшага абуладкавання, прывядзення ў належны парадак і ўзвядзення новых канструкцый.

На гарадскім пляжы шчыравалі работнікі прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі разам з прадстаўнікамі гарадскіх арганізацый. У час наведвання гэтага важнага аб’екта гарадской інфраструктуры напаткаў тут работнікаў устаноў культуры Яўгена Дальчаніна, Уладзіміра Кісіна, Сяргея Пугачова і Аляксандра Салаўёва. Яны рыдлёўкамі капалі паглыбленні ў зямлі, а потым залівалі бетонам, надзейна і трывала ўсталёўвалі на вызначаныя месцы арэлі, іншыя металаканструкцыі. Усяго было зманціравана чатыры камплекты арэляў, гушкацца на якіх асабліва любяць дзеці і падлеткі. Устаноўлены таксама трохузроўневыя турнікі, металічныя брусы для выканання жадаючымі самых разнастайных гімнастычных практыкаванняў, вароты з сеткамі для арганізацыі гульні ў пляжны міні-футбол і дзве стойкі валейбольнай пляцоўкі з нацягнутай паміж імі сеткай. Непадалёк былі зладкаваны дванаццаць шырокіх лавак прэзентабельнага выгляду.
img_6225— На чарзе ўзвядзенне новых кабін для пераапранання, ценявой павеці і інфармацыйных стэндаў, — паведаміла намеснік дырэктара КУВП “Бароўка” Наталля Гарус. — Усе гэтыя канструкцыі вырабляюцца на ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод”.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымках: работнікі ўстаноў культуры закончылі ўстаноўку чарговых арэляў; агульны выгляд аб’ектаў для заняткаў спортам і адпачынку.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.