На парадку дня — жніво

Канец чэрвеня — пара, калі можна падводзіць вынікі першага ўкосу і планаваць наступныя работы на зямлі. Пра гэта гутарым з намеснікам начальніка раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Любоўю Плігаўкай.
— Любоў Мікалаеўна, планавым заданнем была вызначана касьба траў на 6500 гектарах. Як раён справіўся з заданнем?
— 6500 гектараў падсеяных траў скасілі і ўбралі з палёў. Аднак акрамя гэтых масіваў трэба скасіць яшчэ каля трох з паловай тысяч гектараў натуральных лугоў і пашаў. Як правіла, гэта няўдобіцы, вымачкі, палі, да якіх цяжка дабрацца і праблемна працаваць. Аднак і іх ужо больш за тысячу гектараў скасілі. Скошанае ўбрана з 6622 гектараў. Скажу нават болей: у СВФ “Заазер’е” пачалі касьбу траў другім укосам, ужо скошана 70 гектараў.
— Колькі нарыхтавана кармоў?
— Па 10,4 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы. Асноўная доля кармавой базы традыцыйна прыпадае на сянаж. Яго з першага ўкосу нарыхтавана больш як 40 тысяч тон. Акрамя гэтага, закладзена больш за 14 тысяч тон сіласу. Сена з запланаваных трох тысяч тон насушана толькі 261 тона.
— У чым прычына?
— Галоўная ўмова нарыхтоўкі сена — спрыяльнае надвор’е, а ў нас ужо больш за месяц амаль штодня ліюць дажджы. Таму трава не паспявае прасушыцца да патрэбнай кандыцыі.
— Як мяркуеце выпраўляць сітуацыю, бо сена замяніць чымсьці цяжка?
— Спадзяёмся, што ў час другога ўкосу насушым патрэбныя тры тысячы тон.
— Як можаце ацаніць якасць кармоў?
— Як добрую. У ідэале пажадана, каб кожны кілаграм корму гарантаваў па дзевяць і вышэй джоўляў пажыўнай энергіі. На жаль, большасць кармоў мае пажыўнасць каля васьмі. Працаўнікі, безумоўна, стараліся выконваць тэхнала­гічныя патрабаванні пры закладцы кармоў, аднак па шэрагу аб’ектыўных і су­б’ектыўных прычын не ўсё склалася як хацелі. На закладку траншэі ў сярэднім затрачвалася па тры — чатыры дні, што адпавядае нарматыву, аднак часта маса была недастаткова правяленая, з павышанай вільготнасцю.
— Якія гаспадаркі вы б адзначылі ў лепшы бок?
— Безумоўна, у ліку лідараў — СВФ “Заазер’е”. Там работнікі выдатна працуюць, як ужо казалася, нават прыступілі да касьбы траў другога ўкосу. Выдатна папрацавалі механізатары СВП “Пражэктар” і ААТ “Лядна”. Гэтыя гаспадаркі традыцыйна ў ліку лідараў корманарыхтоўкі. А вось у ААТ “Баброва”, ААТ “Ладасна”, ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс” корманарыхтоўка вядзецца з адставаннем. Нават пры тым, што ім аказваецца шэфская дапамога. Упэўнена, аднак, што ў бліжэйшыя дні і яны завершаць нарыхтоўку траў першага ўкосу.
* * *
Сёлета працаўнікам вёскі належыць убраць зерневыя культуры з 14400 гектараў. На узбраенні — 69 збожжаўборачных камбайнаў, на кожную машыну прыпадае па 208 га. Як паказвае практыка, некалькі адзінак тэхнікі перыядычна прастойваюць на рамонце, таму нагрузка на астатнія машыны ўзрастае. Акрамя зерневых вырошчваюцца тры тысячы гектараў рапсу, з якіх 1070 га — азімага.
Працаўнікі сельгасарганізацый поўным ходам вядуць падрыхтоўку збожжа­ўборачнай і збожжасушыльнай тэхнікі. Значную ўвагу гэтай справе надаюць у “Заазер’і”, “Пражэктары”, “Лепельскім”, дзе камбайны ўжо зняты з зімовага захоўвання, камбайнеры і іх памочнікі займаюцца рамонтам, даводкай механіз­маў. Астатнім таксама варта паспяшацца, бо днём “Ч” прызначаны 15 ліпеня — апошняя дата прахо­джання тэхагляду ўборачнай сельгастэхнікі. Варта зазначыць, што 15 ліпеня можна лічыць датай умоўнай, бо летась, напрыклад, на ўборку азімага рапсу камбайны выехалі восьмага ліпеня.
Сёлета можна спадзявацца на добры ўраджай, бо азімыя зерневыя культуры перазімавалі без значных страт. З канца мая ўстанавілася мяккае надвор’е з вялікай колькасцю ападкаў, што павінна паспрыяць наліццю зерня. Аднак канчатковыя ацэнкі можна будзе выставіць толькі тады, калі абмалочанае збожжа будзе ў свірнах і на элеватары.
Васіль
МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.