На павестцы дня — падрыхтоўка да жніва

Завяршылася кампанія па нарыхтоўцы травяністых кармоў з траў першага ўкосу, корманарыхтоўчыя комплексы і касілкі пастаўлены ў рады, пакуль падрасце новая трава. Вяскоўцам пасля непрацяглай паўзы час з новымі сіламі брацца за новую справу – падрыхтоўку да жніва.
У першую чаргу трэба наладзіць і адрамантаваць збожжаўборачныя камбайны. Стандартныя работы ўключаюць у сябе найперш абслугоўванне рухавіка. За ўборачны сезон маторы камбайнаў атрымліваюць такую інтэнсіўную нагрузку, якую не маюць некаторыя трактары за год. Натуральна, што перад пачаткам новага сезона патрабуецца замена маторнага масла, масляных, паліўных і паветраных фільтраў. Потым экіпажы бяруцца за механізмы абмалоту: барабаны, грохаты, рэшаты, клавішныя механізмы. Усё трэба праверыць, змазаць, а зламаныя элементы — замяніць.
Спраў хапае ўсім: і камбайнерам, і слесарам, і зваршчыкам. Расслабляцца не выпадае, бо да пачатку збожжаўборачных работ засталіся лічаныя дні.
Асобая праблема — недахоп грошай на набыццё запчастак і камплектуючых. Амаль ва ўсіх гаспадарках кажуць пра яе, аднак толькі некаторыя, нягледзячы ні на што, стараюцца падрыхтавацца.
Паводле інфармацыі з раённай інспекцыі дзяржтэхнагляду, у дзевяці асноўных сельгасарганізацыях раёна маюцца 54 збожжаўборачныя камбайны. У пераважнай большасці гэта КЗС-10 і КЗС-1218 вытворчасці ВА “Гомсельмаш”. Тэхніка неаднаразова даказала сваю працаздольнасць, эфектыўнасць на лепельскіх палетках. Кожны год на іх лепшыя і самыя старанныя камбайнеры намалочваюць па тысячы і больш тон зерня. Аднак дасягненне вытворчых рэкордаў магчыма толькі пры ўмове бесперабойнай і зладжанай працы тэхнікі, якая, у сваю чаргу, немагчыма без своечасовага тэхнічнага абслугоўвання.
Як паведамілі рэдакцыі ў інспекцыі дзяржтэхнагляду, на 13 ліпеня ніводзін збожжаўборачны камбайн у раёне не атрымаў допуск да ўдзелу ў жніве-2016. Пры гэтым зазначаецца, што ў сельгасарганізацыях рамонтныя работы вядуцца. Так, у ААТ “Ладасна”, нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, даводзіцца да ладу ўся наяўная збожжаўборачная тэхніка, земляробы ўпэўнены ў тым, што ў іх хопіць сіл і рэсурсаў, каб зжаць збажыну ў спрыяльныя агратэхнічныя тэрміны. У ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс” таксама запусцілі адзін камбайн, бяруцца за рамонт астатніх.
Найбольш трывалае становішча ў флагманаў збожжавай вытворчасці — СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат” і СВП “Пражэктар” ААТ “Віцебскхлебпрам”. У першую чаргу дзякуючы таму, што ў гэтых гаспадарках наладжана стабільная вытворчасць малака, большасць якога здаецца гатункам “экстра”. Ёсць выручка — ёсць і абаротныя сродкі, якія ў тым ліку можна выкарыстаць для набыцця запчастак.
У КУВСГП “Лепельскае” збожжаўборачная тэхніка не толькі даводзіцца да ладу, а ўжо і зрабіла пробныя выезды. У гаспадарцы ўжо ўбрана і абмалочана азімая свірэпіца — культура, якая паспявае адной з першых. Гэтыя выезды далі магчымасць праверыць тэхніку, выявіць і своечасова выправіць паломкі, недахопы.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.