На пересечении улиц Данукалова и Лобанка ведется строительство

img_9224

На скрыжаванні вуліц Данукалава і Лабанка вядзецца будаўніцтва. Хто і што тут будуе, высвятляем у гутарцы з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Васілём Рававым.
— Васіль Усцінавіч, будынак, дзе калісьці размяшчаўся раённы аддзел міліцыі, знік. На яго месцы новабудоўля. Участак абнесены высокім плотам. Што тут будзе?
— Цэнтр працоўнай і сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў. Такім чынам, будзе пашырана аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
— А куды падзеўся ранейшы будынак?
— Пасля экспертызы, праведзенай полацкай спецыялізаванай службай, былі зроблены высновы аб тым, што будынак эканамічна нявыгадна далей выкарыстоўваць. І рэстаўрацыі ён не падлягае. За кошт сродкаў мясцовага бюджэту ён быў знесены. Фрагменты фундамента выкарыстаны на падсыпцы пляцоўкі ў новым квартале горада, дзе пабудуюць магазін, драўляная частка спалена ў кацельні. На сметнік нічога не пайшло. Былі пракладзены камунікацыі і закладзены фундамент, засыпана вялізная яма на тэрыторыі.
— Хто займаўся гэтымі работамі?
— Генеральны падрадчык — ПМС, які выйграў тэндар на будаўніцтва.
— Хто фінансаваў распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі?
— Дасюль усе работы, у тым ліку і распрацоўка праекта, праводзіліся на сродкі з мясцовага бюджэту. На першым этапе, які паспяхова завяршыўся ў мінулым годзе, было асвоена сто дваццаць тры тысячы дзвесце семдзесят рублёў і дзевяноста пяць капеек.
— А далей?
— Далейшае будаўніцтва будзе фінансавацца нямецкімі спонсарамі, а дакладней, міжнародным дабрачынным таварыствам “Дамы замест Чарнобыля”, якое ўжо выдзеліла трыста тысяч еўра на рэалізацыю другога этапа будаўніцтва.
— Раскажыце падрабязней, як будзе выглядаць аб’ект…
— Асноўны будынак будзе агульнай плошчай чатырыста дзевяноста шэсць з паловай квадратных метраў. Асобна будуць узведзены майстэрня плошчай 58,7 кв.м. і гараж (86,9 кв.м.). Тэрыторыю абнясуць агароджай з металапрофілю, з каванымі брамкамі. Будынак будзе адпавядаць усім сучасным патрабаванням і правілам безбар’ернага асяроддзя: пандусы, адпаведная шырыня дзвярэй, санвузлы, дарожныя знакі на вуліцы. Прадугледжваюцца і спецыяльныя пакоі для адпачынку.
— Што размесціцца ў новым цэнтры?
— Працоўныя майстэрні. Будзем вырабляць сувенірную прадукцыю, лялькі. Хочам стварыць сталярную майстэрню і майстэрню па металаапрацоўцы — з тым разлікам, каб прадукцыя была прывязана да мясцовай вытворчасці.
— А з якой мэтай ствараецца аб’ект?
— У першую чаргу з мэтай працоўнай рэабілітацыі інвалідаў. Да нас яны прыходзяць, як правіла, ужо дарослымі людзьмі. І проста неабходна, каб яны не толькі прайшлі адаптацыю ў грамадстве, але і навучыліся працаваць. Мы паглядзелі, як усё гэта робіцца ў немцаў, як арганізаваны працэс рэабілітацыі ў іх. Там функцыянуюць цэлыя цэнтры па стварэнні працоўных месцаў для інвалідаў, усё грунтуецца на прынцыпе, што кожны чалавек, незалежна ад яго магчымасцяў і здольнасцяў, мае права працаваць.
— Маюць права ці абавязаны?
— Не, гаварыць пра абавязак ў дачыненні да інвалідаў І і ІІ груп не даводзіцца. Дзяржава абараняе іх інтарэсы. А вось права на працу мае кожны па меры магчымасці і здольнасцяў. Мы хочам пераняць нямецкі вопыт. У іх кіраўнікі прадпрыемстваў абавязаны ствараць новыя працоўныя месцы, у тым ліку і для інвалідаў. Трэба мяняць заканадаўства, каб і нашы прадпрыемствы таксама былі зацікаўлены ў працы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Будзем заключаць дамовы з прадпрыемствамі, магчыма, з “Марко” і іншымі. Інваліды маглі б выконваць нейкую частку малакваліфікаванай працы, напрыклад, у якасці ўпакоўшчыкаў, сартыроўшчыкаў і г.д. Заробленыя грошы пойдуць на развіццё цэнтра і на аплату працы работнікаў.
— Скажыце, колькі ў цэлым будзе затрачана сродкаў на будаўніцтва цэнтра?
— Праект разлічаны на чатырыста тысяч еўра. Затым яшчэ будзем будаваць склады, майстэрню, паставім парнік на тэрыторыі і г.д. Спатрэбіцца яшчэ тысяч трыста.
— Хто гэта ўсё будзе рабіць?
— “Экабудаўнік”, а затым нашы валанцёры будуць забіваць сцены глінай з трэскамі.
— Калі мяркуецца завяршыць будаўніцтва?
— Праект разлічаны на два гады. Здаваць будзем восенню наступнага года.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.
На здымку: малюнак будучага цэнтра працоўнай і сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.