На першым плане — тэмпы і якасць

на 1стрНарыхтоўка травў ідзе актыўна. З больш як шасці з паловай тысяч гектараў сенажацяў, прызначаных для касьбы, ужо скошана 2225, што складае 34 працэнты.
Першымі да касавіцы былі выдзелены палеткі з травамі ранніх тэрмінаў выспявання — 800 гектараў яжы і 178 гектараў, засеяных сумессю аўсяніцы і цімафееўкі. Далей на чарзе сталі бабова-злакавыя: канюшына, люцэрна.
У нарыхтоўцы кармоў за­дзейнічана 31 касілка. Атрымліваецца, што ў час першага ўкосу нагрузка на адну касілку ў сярэднім складае да 210 гектараў. Гэта даволі шмат, асабліва калі ўлічыць, што агрэгаты розных мадэляў маюць розную прадукцыйнасць. Скажам, касілкай з шырынёй захопу тры метры за змену можна скасіць менш, чым дзевяціметровай. Аднак з меншым агрэгатам зручней упраўляцца на маленькіх, па два — тры гектары, палетках, асабліва размешчаных на касагорах ды зрэзаных кустоўем ці ярамі. Прыгадаем, што такіх участкаў даволі шмат. А вось для дзевяціметровай КПР-9 — самае месца на шырокіх гонях.
Найбольш актыўныя пачалі касьбу траў яшчэ напрыканцы мая. Так дзейнічалі працаўнікі СВФ “Заазер’е”, КУВСГП “Лепельскае”. Яны загадзя паспелі падрыхтаваць тэхніку, назапасіць паліва і змазачных матэрыялаў. Немалаважная роля ў нала­джванні кіравання працэсам уборкі траў: у гаспадарках палеткі скошваюцца па меры выспявання.
Істотную ролю на тэмпах касьбы і нарыхтоўкі кармоў, несумненна, адыгрывае надвор’е. Многія вяскоўцы памятаюць дажджлівыя гады, калі ападкі не дазвалялі нармальна нарыхтаваць сянаж, а пра сушку сена ўвогуле гаварыць не даводзілася. З іншага боку, недахоп вільгаці не дазваляў вырасці травам, наліцца пажыўным сокам. Сёлета на Лепельшчыне частыя дажджы месцамі ўнеслі карэктывы ў корманарыхтоўку. Так, сельгасарганізацыямі раёна запланавана назапасіць тры тысячы тон сена. У асноўным гэты корм нарыхтоўваецца з першага ўкосу. Пакуль жа, на шостага чэрвеня назапашана толькі 25 тон. Гаспадаркі ўдзяляюць больш увагі нарыхтоўцы сенажу і сенажу-сіласу. Першага нарыхтавана 4935 тон, апошняга — 820 тон. Прычым тут вельмі важна дакладна выканаць тэхналагічныя патрабаванні, каб атрымаць высакаякасны корм, які ў далейшым будзе спрыяць высокім надоям.
Для зімовага стойлавага перыяду гаспадаркам трэба нарыхтаваць па 37,3 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы, або 51060 тон у абсалютным вылічэнні. На момант падрыхтоўкі публікацыі лідарам на “зялёным жніве” была ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя”, дзе нарыхтавана па 15,4 цэнт­нера кармавых адзінак. Аднак ва ўстанове невялікае пагалоўе — крыху больш за сто бычкоў на адкорме.
Флагманам жа па вытворчасці малака з’яўляецца СВФ “Заазер’е”, дзе пагалоўе вылічваецца тысячамі. Там жа, дарэчы, і самы вялікі паказчык забяспечанасці кармамі сярод вялікіх гаспадарак — па 2,2 цэнтнера кармавых адзінак. На прыступцы ніжэй знаходзяцца СВП “Пражэктар” (1,5 ц.к.а.) і ААТ “Чарэйшчына” (1,2 ц.к.а.).
Каб не знізіць тэмпы кампаніі і ўкласціся ў тэхналагічныя тэрміны, вяскоўцы мусяць істотна напружваць наяўныя сілы. За дзень скошаныя плошчы павінны прырастаць не менш як на пяцьсот гектараў. Толькі тады гаспадаркі будуць з малаком, а значыць з гарантаванымі даходамі круглы год.
Васіль
МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.