На поле молодые пахари

tyshkevichУ Аршанскім раёне прайшоў абласны конкурс прафесійнага майстэрства па кваліфікацыі «Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці», у якім актыўны ўдзел прынялі і навучэнцы
Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Спаборніцтва разгарнулася на тэрыторыі філіяла СГЦ «Задняпроўскі» ААТ «Аршанскі КХП», куды з’ехаліся ўдзельнікі з усёй Віцебшчыны. Сёлета конкурс цікавы тым, што ўдзельнічалі тандэмы спецыялістаў са стажам Віцебскай, Полацкай, Аршанскай, Глыбоцкай інтэграцыйных структур і навучэнцаў устаноў аграрнага профілю — сельгасліцэяў і каледжаў. Трэба адзначыць, што маладосць і вопыт — добрае спалучэнне ў такой справе. За званне лепшага аратага змагаліся самыя годныя. Абласны конкурс прафесійнага майстэрства сабраў 44 удзельнікі. Андрэй Тышкевіч, навучэнец Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, быў у экіпажы з механізатарам Леанідам Парамонавым з ААТ «Віцебскі мясакамбінат». Андрэй вучыцца на чацвёртым курсе ўстановы, атрымлівае прафесію «Тэхнік-механік».
konkurs   Кожнае такое спаборніцтва паказвае, наколькi важныя прафесіі, дзякуючы якім мы бачым хлеб на сваім стале. Акрамя гэтага, на такіх мерапрыемствах расце ўзровень прафесіяналізму моладзі.
Майстэрства людзей, якія працуюць на палях, вельмі важна ў аграрным сектары. Не заўсёды надвор’е дае час расслабіцца, часцей прымушае працаваць аператыўна і ў сціслыя агратэхнічныя тэрміны. Таму ўдзел у конкурсе дасведчанага спецыяліста і вучня не выпадковы. Важна, каб моладзь хутка ўнікала ў спецыфіку прафесіі, знаёмілася з тэхнікай і прыёмамі работы на ёй, працавала высокапрафесійна і эфектыўна на сучасных агрэгатах.
Урачыста адкрыў абласны конкурс старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Уладзімір Уладзіміравіч пажадаў усім удзельнікам поспеху і адзначыў, што стала ўжо добрай традыцыяй праводзіць спаборніцтвы, у працэсе якіх асвойваецца ўсё новае і перадавое, а таксама напрацоўваецца вопыт у маладых людзей.
Па ўмовах конкурсу, кожны ўдзельнік на адным з чатырох відаў ворных агрэгатаў: «Беларус», «Кіравец», «XERION 5000» і «CASE IH Steiger» выконваў па дванаццаць поўных праходаў даўжынёй па сто метраў, з улікам станоўчай хібнасці па шырыні захопу плуга да пяці працэнтаў. Цікава, што на разварот такога транспарту давалася 27 метраў. Адразу ўяўляецца магутнасць агрэгата. Асобна ацэньваліся тэрыторыі, дзе апрацоўваў зямлю механізатар і навучэнец.
Хочацца адзначыць, што на спаборніцтве была важная не хуткасць. Галоўнымі крытэрыямі апрацаванага ўчастка лічыліся глыбіня, раўнамернасць і лінейнасць узворвання глебы. Вядома, для маладых удзельнікаў было не зусім лёгка кіраваць такой тэхнікай, бо многія яе бачылі толькі некалькі разоў у жыцці. Андрэй меў магчымасць крыху патрэніравацца на трактары CASE IH Steiger 500 у СВФ «Заазер’е» ААТ «Віцебскі мясакамбінат», на палях якога працавала гэтая тэхніка.
Пасля такіх мерапрыемстваў хлопцы-канкурсанты могуць з упэўненасцю кіраваць сучаснай сельгасмашынай. Гэта для іх велізарны досвед. На такім конкурсе таксама бачны высокі ўзровень інтэграцыйных структур, бо яны з’яўляюцца тэхнічнай асновай машынна-трактарнага парка Віцебскай вобласці.
Як звычайна, фінальным акордам конкурсу аратых стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў асабіста ацаніў якасць узворвання і павіншаваў удзельнікаў спаборніцтваў, а таксама адзначыў, што такія конкурсы павінны стаць традыцыяй у кожным раёне.
Вельмі прыемна, што дыпломам другой ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства па кваліфікацыі «Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці» пры выкананні конкурснага задання на машынна-трактарным агрэгаце ў складзе трактара CASE IH Steiger 500 і плуга LEMKEN Eurо Titan 8 + 3 + 1 узнагароджаны Андрэй Тышкевіч, навучэнец Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Добры вынік паказаў і яго настаўнік Леанід Парамонаў, які заняў першае месца сярод трактарыстаў-машыністаў інтэграцыйных структур на трактары CASE IH Steiger (Віцебская інтэграцыйная структура).
Андрэй на добрым рахунку ў навучальнай установе. Зараз праходзіць вытворчую практыку ў Чашніцкім раёне, адкуль сам родам. Хлопец упэўнена працуе ў кабіне сельскагаспадарчай тэхнікі нароўні са спецыялістамі.
Як адзначыў намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Аляксандр Мурашкевіч, такія спаборніцтвы вельмі карысныя для навучэнцаў. Тэхніка пастаянна ўдасканальваецца, моладзі зручна працаваць у сучасных умовах. Будзем вельмі рады, калі такі конкурс стане традыцыйным.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.