На прадпрыемствах — парадак

413Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч, тэхнічны інспектар працы абласнога прафсаюза будаўніцтва і будаўнічых матэрыялаў Сяргей Воўк і аўтар гэтых радкоў зрабілі аб’езд трох сельгасарганізацый Лепельшчыны. Галоўнай мэтай было агледзець умовы працы, адзначыць моцныя бакі ў сацыяльнай абароне, выявіць недахопы і даць рэкамендацыі на іх выпраўленне. Іншай, больш прыемнай часткай місіі стала ўзнагароджанне двух мала­дзёжных экіпажаў камбайнаў.
Перад пачаткам аб’езду звярнуўся да Сяргея Воўка:
— Вы працуеце ў прафсаюзе будаўніцтва, а правяраць будзем сельгасарганізацыі…
— Нічога дзіўнага, у абласным савеце прафсаюзаў не так шмат інспектараў працы, каб трымаць вялікі штат, даводзіцца спалучаць абавязкі. Тым больш, што ўмовы працы ў сельскай гаспадарцы і будаўніцтве падобныя. У Лепельскі раён прыязджаю ўжо некалькі гадоў, хачу адзначыць высокую дысцыпліну сакратароў пярвічных арганізацый Лепельшчыны, інжынераў аховы працы на прадпрыемствах, якія робяць вялікую справу, аператыўна рэагуюць на нашы заўвагі, павышаючы бяспеку працоўнага працэсу.
Першым у аб’ездзе стала ААТ “Лядна”. Напачатку выканалі прыемную частку місіі — узнагародзілі маладзёжны экіпаж братоў Аляксандра і Уладзіміра Багдановічаў. Пры ўездзе на мехдвор прадпрыемства стаіць сцягшток, на ім — чырвоны сцяжок. На сцяне дыспетчарскай размешчана аб’ява, дзе напісана: “Сцяг падняты ў гонар механізатараў Аляксандра і Уладзіміра Багдановічаў, якія на збожжаўборачным камбайне КЗС-1218 намалацілі 613 тон зерня, і ва­дзіцеля Андрэя Пшонкі, што на адвозцы ад камбайна перавёз 871 тону збожжа”. Адразу зразумела, што ўзнагарода заслужаная.
На дзень візіту Уладзімір быў заняты на іншых работах, а Аляксандр рамантаваў камбайн: напярэдадні яго накіроўвалі на дапамогу ААТ “Чарэйшчына”, а на тамашніх палетках вельмі шмат камянёў. У выніку запатрабавалася замяніць у жняярцы некалькі пальцаў і сегментаў. Уручэнне прэміі для маладога механізатара стала прыемнай нечаканасцю.
Пасля гэтага работнікі прафсаюзнай арганізацыі разам са сваімі калегамі з ААТ “Лядна” прайшлі па тэрыторыі мехдвара, агледзелі сушыльную гаспадарку, рамонтна-механічныя майстэрні і праверылі дакументацыю.
Наступным пунктам аб’езда стала вытворчая база ААТ “Лепельлён”. Прафсаюзнай арганізацыяй прадпрыемства кіруе Валянціна Іванкіў. Жанчына распавядае:
— Прадпрыемства было створана ў 1952 годзе, у той жа час і былі пабудаваны амаль усе вытворчыя памяшканні. У апошнія гады быў узведзены толькі склад-навес для захоўвання льнотрасты. Зразумела, што вытворчая база не абнаўлялася некалькі дзесяцігоддзяў. Для яе мадэрнізацыі патрабуюцца значныя грашовыя сродкі, якіх у нас няма, ды і інвестары не праяўляюць зацікаўленасці. На заводзе і ў палях засталіся лічаныя адзінкі работнікаў. Толькі іх намаганнямі прадпрыемства ўтрымліваецца ў рабочым стане, дзейнічае абсталяванне, працуе кацельня.
Праходзячы па тэрыторыі, адзначылі парадак, чысціню на працоўных месцах.
Апошнім пунктам паездкі стала КУВСГП “Лепельскае”. На мехдвары было зусім мала тэхнікі, большасць машын працавала ў палях, на фермах і дойках. У рамонтна-механічнай майстэрні на рамонце знаходзіліся два трактары, з іх адзін МТЗ-3022 — з даволі сур’ёзнай паломкай.
— У трактары выйшла ка строю каробка пераключэння хуткасцяў, — кажа намеснік дырэктара прадпрыемства Анатоль Лівінец. — У Лепелі рамонтам яе не займаецца ні адна арганізацыя. Шукалі ў іншых гарадах і раёнах, розныя прадпрыемствы прапануюць свае паслугі па цане ад 70 да 135 мільёнаў рублёў. Уяўляеце сабе, колькі трэба прадаць зерня або малака, каб аплаціць рамонт?
На прадпрыемстве таксама ўбачылі парадак, дакументацыя вядзецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі. КУВСГП “Лепельскае” дбае і пра сацыяльны аспект вытворчага працэсу. Так, дзейнічае душавы пакой, працуе ўласная сталоўка. Анатоль Лівінец распавёў пра яе:
— Раней мы набывалі гарачае харчаванне для сваіх працаўнікоў у сістэме райспажыўтаварыства, вазілі абеды і падвячоркі з рэстарана. Трэба прызнаць, у работнікаў былі прэтэнзіі да якасці страў. Аднак ужо другі год карыстаемся сваёй сталоўкай, штодня забяспечваем да 40 чалавек. Работнікі аплачваюць 30 працэнтаў ад кошту абедаў, а падвячоркі для іх — бясплатныя. Падлічвалі, што грашовыя расходы прыблізна суадносныя. Аднак скаргі на якасць страў значна скараціліся.
Прыемнай часткай візіту стала ўручэнне прэмій мала­дзёжнаму экіпажу ў складзе Юрыя Ляўковіча і Яўгена Бусава. Для гэтага давялося ехаць на поле за вёскай Луцішча, дзе камбайны ўбіралі яравую пшаніцу. Паводле прыблізных падлікаў, ураджайнасць на полі можа перасягнуць 30 цэнтнераў з гектара.
Сфатаграфаваўшыся і пажадаўшы працаўнікам палёў новых поспехаў, рушылі ў зваротны шлях. Пытаюся ў Сяргея Воўка:
— Якія парушэнні былі зафіксаваны?
— У асноўным вытворчы працэс вядзецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнікі бяспекі працы. Камбайны адрамантаваны, укамплектаваны, а камбайнеры прайшлі інструктажы. Разам з тым выявіліся некаторыя недахопы. Так, было ўказана на выкарыстанне неправеранага кранавага абсталявання. Краны-бэлькі рэгулярна, не ра­дзей разу на год, павінны праходзіць праверку, аб чым робяцца адпаведныя запісы ў дакументах. Былі выяўлены і некалькі іншых дробных парушэнняў, якія былі дапушчаны, на мой погляд, з-за загружанасці працай напярэдадні ўборачнай кампаніі. Мы рэкамендавалі як найхутчэй выправіць іх.
С. БАЗЫЛЬ.
На здымку: старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч, тэхнічны інспектар працы абласнога прафсаюза будаўніцтва і будаўнічых матэрыялаў Сяргей Воўк разам з работнікамі КУВСГП “Лепельскае”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.