На самом деле же их родила жизнь, а военное лихолетье — закалило

img_8726Памятаць вайну яны яшчэ не павінны былі, ды і не памятаць яе права не маюць. Яны народжаныя ў другой палове трыццатых і нават пачатку саракавых гадоў мінулага стагоддзя. Мы вобразна кажам, што яны народжаныя вайною, насамрэч жа іх нарадзіла жыццё, а ваеннае ліхалецце — загартавала. І выраслі яны гартаванымі, як сталь. І сталі яны доўгажыхарамі — тыя з іх, хто застаўся з вайны.

Валянціна Сімака з Чарніц паявілася на свет у жніўні саракавога. Такім чынам, калі пачалася вайна, ёй не было і года, а калі родная вёска была вызваленая, не было чатырох. Дзе ж такая маленькая дзяўчынка магла штосьці запомніць! Ды ў генетычнай памяці вайны, відаць, свае правілы.
І запомніла маленькая Валя два эпізоды з вайны.
Маці забіраюць на допыт. Бацька быў у партызанах, а сям’я тулілася ў зямлянцы, бо хату ўжо спалілі. Прыходзяць немец з паліцаем, выводзяць маці. Валечка ўхапілася за крысо яе сукенкі і немачкі крычыць, не сціхае, не адпускае. Паліцай яе за каўнер і назад у зямлянку, а немец пасміхаецца, маўляў, няхай ідзе кіндэр.
Прывялі маці ў хату, дзе будуць рабіць допыт. Там у кутку ляжыць п’яная жанчына. Гэта яна данесла на маці, толькі наблытала, бо прозвішча дакладна не ведала. Назвала Марыяй Маркаўнай Сімака. А па дакументах маці была Пырко (па мужу). Да таго ж сказала, што мае двое дзяцей, а ў яе адна Валя. Зірнулі на дакументы і засумняваліся.
А тым часам забілі партызана і пахавалі на вясковых могілках. Немцы захацелі праверыць і раскапалі магілу. Маці дачулася, што на могілках выкапалі магілу, падумала, што для яе. Аднак яшчэ не зжыла век. Прымусілі яе памыць ім вопратку, а развешваць трэба на вяроўках, лезці на зэдлік. Лезці баялася, чакала, што раптам выб’юць з-пад ног зэдлік. Тады немец палез сам і развешаў, а пасля даў два кавалкі мыла і адпусціў.
Пазней бацька прыйшоў з атрада з аўтаматам, хацеў забіць тую жанчыну, якая данесла. Ды маці не дала, сказала: “Не трэба, Бог яе пакарае”. Неўзабаве яна знікла некуды з вёскі.
Другі эпізод у памяці — ужо ў радасныя дні вызвалення. Валечка сядзела ў зямлянцы на балоце ва ўрочышчы Фундацыя — з бабуляй, стрыечнымі братам і сястрою. Брат схадзіў разведаць, што творыцца ў вёсцы. Прыходзіць і кажа: “Пайшлі дадому!”. Ідуць яны, а на шляху рэчанька маленькая, Кестай завецца. І там чырвонаармейцы купаюцца. Адзін падхапіў дзяўчынку на рукі і павязаў ёй чырвоную хусцінку. Так яна ў той хусцінцы дадому і вярнулася.
* * *
А пасля вайны давялося не соладка. Голыя, босыя, чатыры класы ў сваёй вёсцы вучыліся, экзамен здалі ў Гадзіўлі, а ў пяты трэба было хадзіць у Слабаду. Усе пакідалі вучобу, толькі Валя працягвала. Жыла ў Слабадзе на кватэры. Бацька працаваў на чыгунцы ў Оршы, там хоць штосьці давалі.
-2-
Пасля дзесяці павезлі дзяўчаты ў Віцебск дакументы на рахункавода-бухгалтара. Іх і залічылі. А вучыцца не паехалі. За што жыць!
Пайшла працаваць на падсочку, хадзіла два сезоны за дзесяць кіламетраў, аж за Стайск. Затым паехала на Украіну буракі палоць. Адтуль прывезла пшаніцы, цукру, насення сланечніка. Выйшла замуж за Яўгена Сімаку. Нарадзілі пяцёра дзяцей. Працавала паляводам, заўсёды была ў пашане і на добрым рахунку. І граматы за працу мела, і ў праўленне калгаса выбіралі, і дэпутатам.
Дваццаць гадоў, як мужа няма. Жыве бабуля Валянціна з сям’ёю сына Аляксандра. Двое ўнукаў у хаце і яшчэ чацвёра — па свеце. Трымаюць гаспадарку, даглядаюць вялікі сад. Адных чорных парэчак колькі кустоў. Хату на бацькаўшчыне Аляксандр давёў да ладу — чырвоным гонтам пакрыў, усярэдзіне ўсё на новы лад перарабіў. Хоць зараз пажыць!
Суседчыну “раёнку” кладуць у Валянцініну скрынку. І разам чытаюць Ліда Стэльмах і Валянціна Сімака любімую газету, захоплена абмяркоўваюць. А што яшчэ рабіць на пенсіі? Цікавіцца сённяшнім днём і ўспамінаць мінулае.
Міхась ВАЛОХА.
На здымку: Валянціна Сімака.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.