На скразняку часу

…Зіма 1914 года. Сялянскія хлопцы цягнулі жэрабя, каму ісці на вайну. Так было прынята ў царскі час. Цырымонія праходзіла ў палацы пані Цеханавецкай, у Бачэйкаве. Ніхто тады не мог нават у самым страшным сне ўявіць ваенныя наступствы. Праз тры гады пані Цеханавецкая, страціўшы і палац, і маёнтак, і ўсё назапашанае дабро, апынецца ў Лондане, а сын прыме дыпламатычную прысягу на вернасць іншай дзяржаве. А вось Уладзіміру Тараткевічу лёсам было наканавана са зброяй у руках супрацьстаяць сілавому ціску, адстойваць цэласнасць Ра­сійскай імперыі, незалежнасць Айчыны. Яму выпала жэрабя ваяваць.
Маці сустрэла сына ля ганка. Па твары вызначыла, што здарылася тое, што павінна было здарыцца. Заплакала. Сёстры і тры малодшыя браты моўчкі назіралі і зайздросцілі самаму старэйшаму з іх.
Дом Тараткевічаў стаяў пад Высокай гарой, на вяршыні якой курчыліся скачанелыя яблыні і грушы. Іх высаджваў і выходжваў Філіп Іванавіч, бацька Уладзіміра, ён жа кіраваў у фальварку ўсёй гаспадаркай. Прыязна глядзеў на сына, бласлаўляючы на ратныя подзвігі.
У 17 Сібірскі стралковы запасны батальён Уладзімір прыбыў 24 снежня. Меў атэстат аб заканчэнні Чашніцкага вышэйшага пачатковага вучылішча, што адыграла значную ролю ў далейшым лёсе. Арміі патрабаваліся адукаваныя кадры, і яго адразу ж сталі рыхтаваць на камандныя пасады. Праз чатыры месяцы ён прымерваў пагоны малодшага ўнтэр-афіцэра, а далей — вучэльня, і — чын прапаршчыка армейскай пяхоты.
Малодшы афіцэр Тараткевіч у лістападзе 1915-га едзе ў Адэсу, да месца прызначэння. Там фарміравалася 7-я руская армія, якую меркавалася накіраваць на дапамогу брацкай Сербіі. Навабранцам даў наказ сам імператар Мікалай II. Уладзімір не ведаў, што для імператара сустрэча з войскам была не менш хвалюючай. Вось што запісаў цар у сваім дзённіку: «Ня­дзеля. 8 лістапада 1915. Было холадна, але ціха… Усе мелі бадзёры выгляд і праходзілі вельмі добра. Цяжка, як хацелася б падзякаваць часці, у асаблівасці, калі іх так шмат, а душа кіпіць ад трапятання… Агледзеў некалькі эшалонаў папаўненняў і ратнікаў».
Гэта быў полк Уладзіміра Тараткевіча. Ён быў прызначаны туды на пасаду камандзіра роты: спачатку — пятай, а затым — шостай.
Часць мела слаўныя баявыя традыцыі. Падчас Крымскай вайны пры Башкадыкларе войскі генерала Васіля Бебутова разбілі турэцкі корпус Рэйс-Ахмета-пашы. З 1910-га полк дыслакаваўся на тэрыторыі Паўночнага ваеннага гарадка ў Саратаве. Часць уключылі ў склад 47-й пяхотнай дывізіі 16-га армейскага корпуса.
Улетку 1916-га рускія арміі пайшлі ў наступленне. Аперацыяй камандаваў знакаміты генерал А. Брусілаў. Маючы ў сваім падпарадкаванні 7-ю, 8-ю, 9-ю і 11-ю арміі колькасцю 512000 штыкоў і шабляў, войскі да гэтага прыкрывалі напрамак на Кіеў. Ім супрацьстаяла 441 тысяча салдат праціўніка. Праз тры дні рускія захапілі Луцк. Загадам камандуючага 7-й арміяй Шчарбачова №1047 ад 27 жніўня 1916 года Уладзімір быў прадстаўлены да першай баявой узнагароды — ордэна Святой Ганны з надпісам «За адвагу».
Баі цягнуліся, здаецца, бясконцым ланцужком. Камандзір шостай роты 185-га палка быў паранены. А 16 снежня камандуючы 7-й арміяй падпісаў загад аб узнагароджанні Уладзіміра Тараткевіча другім вялікадзяржаўным ордэнам — Святога Станіслава другой ступені. Ордэн уяўляў сабой чырвоны эмалевы крыж з раздвоенымі канцамі і залатымі двухгаловымі арламі. Згодна з Палажэннем аб узнагародах ад 1859 г., другую ступень ордэна давалі звычайна армейскім падпалкоў­нікам — камандзірам батальёнаў. А тут — прапаршчыку, камандзі­ру роты. Чаму? Тлумачыцца проста: ён замяніў выбыўшага камандзіра батальёна.
Значная частка аўстра-германцаў ад Галіча і Станіславова была разгромлена. На 1917 год Брусілаў ставіў задачу авалодаць Львовам. Пры гэтым асноўная нагрузка клалася на злучэнні 7-й арміі.
Загадам па войсках Паўднёва-Заходняга фронту №421 адзначаны новыя заслугі «ў справах супраць непрыяцеля». Што мелася на ўвазе пад «справамі», можна здагадацца па дэвізе ордэна Святога Раўнаапостальнага князя Уладзіміра — «Карысць, гонар і слава». Відавочна, Тараткевіч выканаў нейкае адмысловае заданне камандавання, бо ў далейшым ён быў арыентаваны на аперацыі, звязаныя з вайсковай выведкай, і павышаны ў званні да падпаручніка.
Лютаўская рэвалюцыя ўнесла карэктывы. 16-ы корпус перадаваўся ў 8-ю армію, якую ўзначаліў Лаўр Карнілаў, а Брусілаў станавіўся Вярхоўным галоўнакамандуючым. А ў сакавіку манарх быў скінуты, і ўлада перайшла да Часовага ўрада. У акопах распаўсюджвалі­ся паражэнчыя чуткі. Антываенная агітацыя прымушала думаць. З аднаго боку, Уладзімір разумеў, што адстаяць сваю зямлю — гэта абавязак кожнага разважлівага грамадзяніна. Да таго ж перамога давала льготы і выгоды ў будучыні. Аднак колькі ахвяр несла вайна!
Вызначыўся камандзір шостай роты Уладзімір Тараткевіч і ў іншых баях. З прадстаўлення камандзіра 185-га Башкадыкларскага палка Шчарбіны да ўзнагаро­джання храбрага афіцэра Залатой Георгіеўскай Зброяй:
«23 чэрвеня 1917-га, у Дзвенячскім лесе, камандзір шостай роты атрымаў загад прарваць умацаваную пазіцыю праціўніка, высветліў разведкай наяўнасць драцяных загарод і прасек за 150 крокаў, падвеў ціха роту, даючы прыклад асабістай адвагі, знаходзячыся наперадзе роты, перарэзаў дрот і без стрэлаў, штыкамі выбіў праціўніка з акопаў і гнаў яго… Трафеі роты — кулямёт і 84 палонныя».
19 ліпеня ў баі каля вёскі Шубранец варожая куля параніла Тараткевіча ў другі раз. А тое, што здарылася далей, не паддаецца разумнаму тлумачэнню. Яшчэ вельмі доўга будуць аналізаваць гісторыкі, што прывяло да сумнага зыходу. У 1:00 наступальны парыў рускіх згас, выпарыўся. Заняўшы Калуш, войскі перапіліся, увёўшы ў хаос увесь расійска-германскі фронт. Утрымаць салдат на пазіцыях стала немагчыма. Бальшавіцкія заклікі знаходзілі жывы водгук. У лістападзе, калі бальшавікі захапілі ўладу, фронт забуксаваў канчаткова.
За кім пайсці? Адштурхоўвала ад “белага руху” стаўка былых царскіх генералаў на дапамогу звонку. Яны заклікалі краіны Антанты падтрымаць іх выступленне, і ў марскіх партах ужо высаджвалі­ся караваны наймітаў. Каму спадабаецца, што тваю зямлю топчуць чужынцы? У іх свае інтарэсы, звязаныя з узбагачэннем.
15 (28) студзеня 1918 г. Саўнаркам прыняў дэкрэт аб стварэнні Чырвонай арміі, 47-я пяхотная дывізія, у якой служыў Тараткевіч, перайшла на яе бок. На такое важнае рашэнне, вядома, аказаў уплыў учынак генерала А. Брусілава, які захаваў вернасць новай уладзе. І камандзір 16-га армейскага корпуса Стогаў выказаўся ў падтрымку СНК.
Па загадзе душы дзейнічаў Уладзімір. Ніхто яго не схіляў гвалтоўна да выбару. Каго яму было баяцца, калі ён не кланяўся кулям і не плакаў ва ўнісон з «рыданнямі» варожых марцір?
Якім быў яго далейшы шлях — ужо ў Чырвонай арміі? Чытаю выпіску з Ра­сійскага дзяржаўнага ваеннага архіва: «1917-ы: Масква — Тула (так у дакуменце, — аўт.), 1918-ы —
Усходні фронт: Готня — Лазовая і іншыя, 1919-ы — дзянікінскі фронт, 1920-ы — на польскім фронце…» Скупая канстатацыя: франты, франты, франты… Звілістыя, як траншэі, пыльныя дарогі вайны. А за імі — перамогі і паражэнні, новыя раненні, кантузіі, нервовыя зрывы і адчайныя крыкі ў запалу нападаў, маленькія радасці і засмучэнні.
Асаблівых заслуг ён не набыў у камуністычнай Расіі — крываточылі былыя раны і не дазвалялі ў поўнай меры раскрыць армейскі патэнцыял, талент разведчыка. Ды і для чаго цяпер геройства! «Гэта грама­дзянская вайна, дзе свае ж грамадзяне, і нават землякі, па розныя бар’еры ідэй, на розных маральных асновах. А прыйдзе час, вайна скончыцца — і мы зноў бу­дзем адным цэлым».
Што ён мог супрацьпаставіць адчайнай рубцы мас? Толькі свае перакананні, не губляючы чалавечай годнасці. Калі ўзялі ў палон былога царскага ваеначальніка і расстралялі, бо той адмовіўся прысягнуць новай уладзе і быў вельмі жорсткі, Уладзімір узяў на выхаванне яго малалетнюю дачку. Узяў, хоць ведаў, што ўчынак занясуць у мінус.
Уладзімір камандаваў кавалерыйскім эскадронам у перыяд польскай кампаніі, гнаў легіянераў з захопленых тэрыторый. Ён пераследаваў банды Махно, а ў студзені 1921 года адбыўся выпадак, які ледзь не паставіў крыж на кар’еры Ула­дзіміра Тараткевіча. Полк сядзеў «на хвасце» Махноўскай банды і знаходзіўся на маршы, калі пад’ехаў дазорца і паведаміў: міма мястэчка Яблыневы прайшоў невядомы атрад у колькасці 3000 чалавек. Тараткевіч загадаў высветліць: хто такія. Былі пасланы пяцёра салдат, але яны вярнуліся ні з чым: ніякага ворага не знайшлі. А ўжо ў самім мястэчку начальнік мясцовай міліцыі заявіў, што ў вёсцы Савінцы спыніўся атрад у 30 шабляў, які называе сябе «атрадам Марусі». Неўзабаве адтуль прыбылі два агенты, пасланыя начальнікам міліцыі. Апошнія пацвердзілі яго словы і паведамілі, што невядомы атрад збіраецца забіць мясцовага селяніна. Кампалка адразу ж аддаў каманду — атакаваць! Што і было зроблена.
Пачулася страляніна. І на дарогу выскачылі з сяла коннікі і накіраваліся да лесу. Уладзімірцы кінуліся наўздагон, забіўшы аднаго і ўзяўшы траіх жывымі. І тут прымчаўся ардынарац ад камандзіра палка: у вёсцы свае! То былі кавалерысты-варашылаўцы.
Правакацыя ці недарэчны выпадак? Па гарачых слядах разабраліся, што віны разведчыкаў Тараткевіча ніякай няма…
Пакутліва здабывалася перамога. Уладзіміру было добра вядома, што касцяк махноўскай паўстанцкай арміі (а яна налічвала да 45 тысяч чалавек) складалі былыя чырвонаармейскія часці 47-й і 58-й савецкіх дывізій. Яны заставаліся верныя «бацьку» пасля выгнання таго з Чырвонай арміі ў жніўні 1919 года.
Вайна скончылася, і армія была рэарганізавана, скарочана. У скла­дзе 7-й Чарнігаўскай дывізіі быў сфарміраваны 20-ы полк, які асвойваў новыя віды зброі і навучаў папаўненне. І зноў нагрузка клалася на плечы старых камандзіраў, у ліку якіх Уладзімір да 1926 года нёс вайсковую службу.

…Ад Бачэйкава вяла лясная дарога, і Уладзімір Тараткевіч павольна брыў па ёй. Дзіўна, нішто не трывожыла векавы гушчар, і, здавалася, ён не пазнаваў некалі сходжаных уздоўж і ўпоперак мясцін роднага краю: настолькі выбуховым быў перыяд расстання. Самы прадуктыўны яго ўзрост выпаў на крывавыя атакі, стральбу, шабельныя і штыкавыя сутычкі. Мужчына “праскочыў” перыяд станаўлення сям’і, пазбавіў сябе такім чынам самага светлага ў жыцці — мірнага існавання. Дванаццаць ваенных гадоў запар!
Праўда, не ў яго характары было здавацца без бою, скарацца жыццёвым нягодам. Франтавыя вогненныя будні загартавалі асобу. І ён быў поўны надзей і далейшых планаў.
Спакваля шчымлівыя ноткі спаткання з Бацькаўшчынай ахутвалі спакутаваную на скразняках пераломнага часу душу. Вось і роднае котлішча. Дом, як і раней, стаяў пад Высокай гарой, але ў ім жылі зусім незнаёмыя людзі.
— Хто вы? — зніякавеў Уладзімір. — Дзе мае бацькі?
— Звяртайцеся ў наш павятовы камітэт, — сказаў незнаёмец. — Паноў прагналі, цяпер тут мы гаспадары.
— Але тут жыў я. Дзе мае бацькі, сёстры і браты?
У адказ — нямое маўчанне. Незнаёмы зачыніў дзверы…
Здаровай рукой намацаў кабуру з наганам, але тут жвава схамянуўся: успомніў, што ён ужо грамадзянскі чалавек…
Маці адшукаў у Гушчыным Прудку, пад Лепелем. Яна была родам адтуль і жыла цяпер у роднай сястры Кацярыны. Убачыўшы старэйшага сына, горка заплакала.
— Што здарылася, мама? Дзе бацька?
У тую пару, калі Уладзімір адважна граміў банды Махно, новая ўлада разбурыла яго радавое гняздо. У яго не ўкладвалася ў галаве: як жа так? За што ён ваяваў? З маці былі малодшыя браты, яны і распавялі пра тое, што здарылася. Адразу пасля рэвалюцыі гаспадары бачэйкаўскага маёнтка беглі, а ўладарыць стаў камітэт, які ўзначаліў Філіп Іванавіч. Ён быў адукаваны сельскім спецыялістам і карыстаўся аўтарытэтам у сялянскім асяроддзі. Як вядома, у той пераломны час на базе панскіх маёнткаў ствараліся сельскія гаспадаркі. Такім чынам, па волі сялян бацька стаў ля руля створанага саўгаса «Бачэйкава». У студзені 1920 года прыйшло ўказанне з Лепельскага павятовага выканкама прызначыць яго загадчыкам замест нейкага Блінструба «як больш падыходнага для вёскі чалавека».
На новай пасадзе бацька адпрацаваў зусім нядоўга: арыштавалі. Даю слова жывому сведку тых падзей — аднаму з найстарэйшых жыхароў Бачэйкава В. Канапельку: «Я быў у тыя гады падлеткам і жыў у Галяндры (так называлі пасля фальварак Галандыя). Мы з хлопцамі любілі лазіць па вялікім садзе на Высокай гары. І прыслухоў­валіся да гукаў акардэона. Дзядзька Піліп (так мы яго звалі) па раніцах выходзіў на ганак і музыкай будзіў акругу. А той раніцай была дзіўная цішыня. Мы асцярожна наблізіліся да ганка і зніякавелі — дом стаяў з распятымі насцеж вокнамі зусім вымерлы, пусты…»
Чаму? У доме быў ператрус. Шукалі пісталет. Да высвятлення абставінаў Піліпа Іванавіча адправілі ў турму. А там ён нібыта памёр ад тыфу. Такую версію пачуў праз паўстагоддзя ад сваякоў. Доказаў ніякіх няма. Ёсць толькі ўскоснае сведчанне — копія заявы дачкі Тараткевічаў. Настаўніцы Надзея тлумачыла немагчымасць прадставіць дакументы адукацыйнага цэнзу ў РАНА: «дакументы ўзятыя ваеннымі ўладамі пры вобыску ў доме бацькоў разам з іншымі паперамі ў 1920 годзе».
Якія ваенныя? Хто? Безвыніковыя і мае пошукі, ужо ў цяперашні час. Ніводная дзяржаўная служба не можа адказаць, што здарылася — ні Беларусі, ні Расіі. За што арыштавалі Піліпа Іванавіча? Чаму Фядора Адамаўна, яго жонка, збегла з Галандыі, кінуўшы ўсё, прыхапіўшы малалетніх дзяцей? Калі адбылася памылка, то чаму не вярнулі забраныя дакументы? Чаму так здарылася. Што, імя Піліпа Іванаві­ча Тараткевіча аддадзена забыццю? Дзе ён знайшоў свой апошні зямны спачын, дзе ён памёр і ад чаго сапраўды?
…Уладзімір пяшчотна супакойваў родную матулю, асушваў яе слёзы. Такі быў скразняковы час, такая эпоха. Старое ламалася з лютай нянавісцю, а новае нараджалася ў пакутах. Баявы афіцэр прыняў рашэнне вярнуцца на Украіну, на палях якой прайшлі амаль дзесяць гадоў яго акопнага жыцця. Знайшоў у сабе сілы зноў заняцца карыснай працай — працаваў на хімічных заводах і вучыўся ў Харкаўскім электрамеханічным інстытуце. А ў 1934 годзе здарылася неспадзяванае — памёр трагічна, як і бацька. Паводле паведамлення аддзела рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану галоўнага ўпраўлення юстыцыі Харкаўскай вобласці ад 25 лістапада 1934 года: «Прычына смерці — атручэнне, параліч сэрца».
Сапраўды, даволі сумна і непрадказальна закончыўся зямны шлях афіцэра-франтавіка. Пра Першую сусветную вайну толькі зараз загаварылі ва ўвесь голас, калі стагоддзе адзначалі. А так ратныя подзвігі салдат і афіцэраў былі занядбаныя, пылілся пад тоўстым пластом пылу архіўных дакументаў.
Уладзіміра Тараткевіча хавалі ў Харкаве, салютуючы з стралковай зброі. Над могілкамі кружыў чорны крумкач, вышукваючы новыя ахвяры. Ішоў 1934 год…
Васіль АЗАРОНАК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.