На скрыжаванні гандлёвых гасцінцаў

У кнізе “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”, выдадзенай Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паведамляецца, што насупраць вёскі Стары Лепель, на востраве плошчай каля 25 гектараў знаходзіцца гарадзішча, якое займае адзін з пагоркаў. Адкрыў яго ў 1969 годзе археолаг Г. В. Штыхаў. Абследавалі гарадзішча ў 1969 і 1979 гадах М. А. Ткачоў, у 1972 годзе — А. Р. Мітрафанаў, у 1981-ым — Ю. А. Заяц. Гэта старажытнае абарончае ўмацаванне і месца пражывання людзей пашкоджана больш познім могільнікам. У абрыве пляцоўкі, падмытай возерам Лепельскае, знойдзены ляпная штрыхаваная кераміка, косці жывёл, абпаленыя камяні, вуголле, шлак. Адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі, датуецца III — IV стагоддзямі н. э.
На тым жа востраве ў яго сярэдняй і паўночнай частках размешчаны селішча і замчышча. У 1969 і 1970 гадах іх абследаваў М. А. Ткачоў, у 1972 годзе — А. Р. Мітрафанаў. У час шурфоўкі і ачысткі абрывістых краёў селішча знойдзена шмат ганчарнай керамікі XIV — XVI стагоддзяў, медныя бранзалеты-“змеягалоўнікі”, пярсцёнкі, шкляныя пацеркі, манеты XV — XVI стагоддзяў, жалезныя наканечнікі стрэл XIV — XVI стагоддзяў, шпора і іншыя рэчы. Культурны пласт — 0,2 — 0,4 метра. Атаясамліваюцца з паселішчам Лепель (Лепля). Замак і сярэдневяковы горад узніклі ў Лівонскую вайну, у 1558 — 1583 гады. У 1562 годзе замак меў сталы гарнізон, узброены рушніцамі і артылерыяй. У 1563 годзе рускія войскі ўзялі Полацк, а затым занялі і спалілі лепельскі замак, заклалі на замчышчы астрог і пакінулі значны гарнізон. У тым самым годзе войскі Вялікага княства Літоўскага на чале з гетманам М. Радзівілам Рудым штурмам узялі яго і спалілі. Неўзабаве ўмацаванні былі адноўлены, і ў 1563 годзе побач было заснавана “места” Лепель. У 1568 годзе пачалося ўзвя­дзенне новага драўлянага замка. Яго будавала мясцовае насельніцтва пад кіраўніцтвам лепельскага старасты і полацкага каштальяна Юрыя Зяновіча. Замак меў прамавугольную форму з вуглавымі вежамі. З паўночнага боку замак ад “места” аддзяляў шырокі і глыбокі роў, які часткова напаўняўся вадой з возера. У зноў пабудаваным замку размясціўся гарнізон з 200 коннікаў і 100 салдат “драбаў”. У 1563 і 1564 гадах у замак з Віленскага цэйхгауза двойчы былі адпраўлены вялікія партыі агнястрэльнай зброі і амуніцыі. Дастаткова ў замку было і артылерыі. У 1580 годзе “места” налічвала 300 дамоў, якія размяшчаліся на востраве і заходнім беразе возера Лепельскае. Мяшчане карысталіся шэрагам вольнасцей і каралеўскіх прывілеяў, былі вызвалены на трынаццаць гадоў ад дзяржаўных павіннасцей, за выключэннем адной — будаваць і рамантаваць замак. Важнае значэнне для аднаўлення эканамічнага жыцця Старога Лепеля мела выгаднае размяшчэнне горада на скрыжаванні двух вялікіх гандлёвых гасцінцаў: адзін ішоў з Віцебска на Вільню, другі — з Магілёва на Дзісну і Рыгу.
Каля замка і пад яго аховай знаходзіўся гандлёвы порт. Ад яго прычалаў адпраўляліся ў Рыгу, Полацк і Кіеў вялікія стругі з рознымі таварамі. Як сведчаць дакументы XVI стагоддзя, водны гандлёвы шлях у Рыгу з Лепельскага порта ішоў “…ад замка Лепель, возерам у раку Улу, адсюль, зрабіўшы паварот, пад замкам Яго Каралеўскай Міласці Ульскім у Дзвіну”. Шлях да Дняпра ў Кіеў таксама пачынаўся ад замка, ішоў возерам да ракі Эсы, з яе цераз рэчкі Бярэшчу і Оканіцу ў возера Окана. Адсюль пачынаўся “волак праз Бор паўмілі да возера Плаўна”, а ўжо з яго праз рэкі Сергуч і Бярэзіну траплялі ў Днепр (тым, хто цягнуў стругі праз волак, плацілі мех солі за кожнае судна).
У 1586 годзе горад Лепель адкупіў буйны магнат, падканцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега. Ён заснаваў за пяць кіламетраў ад горада ў вёсцы Белае новае мястэчка, якое атрымала назву Новы або Белы Лепель, куды быў перанесены гандлёвы цэнтр, пабудаваны ўмацаваны замак, царква і касцёл. У сувязі з гэтым Стары Лепель заняпаў і паступова ператварыўся ў вёску.
М. АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.