На сушылцы — горача

416Куды ляжыць шлях зерня пасля таго, як яго абмалаціў камбайн? Вядома ж, на сушылку. Таму скіраваўся на сушыльны комплекс СВФ “Заазер’е” АТТ “Лепельскі МКК”, які знаходзіцца ў аграгарадку Стаі. З кожным годам усё больш упэўнена старыя сушылкі — падлогавыя і польскія — саступаюць месца новым, перадавым сушыльным высокапрадукцыйным комплексам. Адным з першых такіх аб’ектаў стаў комплекс сумеснай беларуска-польскай вытворчасці ЛідAraj у аграгарадку Стаі. Паколькі гаспадарка з’яўляецца лідарам у вытворчасці збожжа, то магутнасці па яго апрацоўцы патрабаваліся адпаведныя.
Першая, хто сустракае машыны, гружаныя толькі што намалочаным збожжам, — вагаўшчыца Кацярына Ганчарук. Яе задача — весці дакладны ўлік усіх паступленняў з палёў. Дарэчы, маладая жанчына звычайна працуе ў “Заазер’і” дыспетчарам, у час корманарыхтоўчай кампаніі яна займаецца ўлікам зялёнай масы, якая паступае на траншэі, а на час жніва яе пераводзяць на вагі.
Вадзіцелі выгружаюць зерне на асфальтную пляцоўку побач з сушылкай і спяшаюцца назад на поле, за новым рэйсам. “Амкадор” каўшом нагружае прыёмныя бункеры сушылкі.
На сушыльным комплексе пад час візіту карспандэнта працаваў аператарам Сяргей Тухта. У сёлетняе жніво, як, зрэшты, і ў мінулагодняе, ён з’яўляецца лідарам у раённым спаборніцтве сярод аператараў сушылак. За яго красамоўна кажуць лічбы. Пры намалоце больш за пяць тысяч тон звыш чатырох з паловай былі перасушаны яго брыгадай. Адна з нязручнасцяў працы — рэгулярнае пераключэнне на новыя культуры і сарты. Напрыклад, на пачатку ўборачных работ з палёў паступаў азімы рапс. Потым пайшлі азімае жыта, пшаніца, а потым даспела яшчэ адно поле рапсу, якое камбайны зжалі, а зерне таксама трэба было дасушыць да кандыцыі. Пасля кожнай культуры комплекс трэба дасканала вычысціць, перагледзець, каб зерне, асабліва насеннае, не аказалася з прымесямі. У дзень прыезду якраз дасушваўся апошні азімы рапс, а побач ужо былі выгружаныя і чакалі чаргі некалькі машын ячменю.
Сяргей узяў вільгацемер і праз спецыяльны кран насыпаў у яго пробу рапсу. Апарат паказаў 6,2 працэнта вільготнасці — вельмі выдатны паказчык. Дарэчы, па словах агранома Любові Тухты, увесь намалочаны рапс быў зда­дзены на Віцебскі алеяэкстракцыйны завод з самай высокай, харчовай кандыцыяй.
Падыходзім з вільгацемерам да ячменю — паказваецца вільготнасць у 11,3 працэнта. Яно і не дзіўна, ужо некалькі дзён стаіць сухое, спякотнае надвор’е, таму зерне ўжо з палёў паступае настолькі сухое, што яго можна адразу адпраўляць на склады.
— Спачатку яго толькі праз ачышчальныя машыны прапусцім, каб ад­дзяліць смецце, зёлкі, — кажа Любоў Яфімаўна.
Жанчына кіруе ўсёй сушыльнай і складской гаспадаркай сельгасфіліяла.
— Рэжым працы даволі напружаны? — пытаюся ў суразмоўцы.
— Скажу нават больш — кругласутачны. Сотні тон зерня паступаюць з палёў. Натуральна, што іх трэба прыняць і перасушыць без прамаруджвання. Калі б мы працавалі толькі з васьмі гадзін раніцы да 17 гадзін, тут бы ўсё было засыпана нясушаным зернем.
— Гляджу, разгорнута будоўля, рабочыя заліваюць нейкія бетонныя канструкцыі…
— Будуюцца новыя збожжасховішчы вежавай канструкцыі. Рабочыя заліваюць жалезабетонныя падмуркі, а потым на іх будуць узведзены вежы. Памятаеце, падобныя вежы, толькі сіласныя, будавалі ў савецкія часы ля фермаў. Такі ж бункер, толькі ўмяшчальнасцю да 500 тон, стаіць побач з сушыльным комплексам. Новыя будуць аналагічныя, толькі вышэйшыя і больш ёмістыя, па дзве з паловай тысячы тон, усяго на дзесяць тысяч.
— Дзесяць тысяч тон — ці не зашмат для адной гаспадаркі?
— Гледзячы з чым параўноўваць. У цяперашні час у “Заазер’і” збожжа захоўваецца ў складах пабудовы яшчэ савецкіх часоў. Некаторыя ўжо прыходзяць у нягоднасць. Самым багатым на маёй памяці быў намалот 2012 года — больш сямі тысяч тон. Сёлетні таксама будзе немаленькі. А ў перспектыве — толькі нарошчванне аб’ёмаў. Тым больш, што розныя культуры — ячмень, пшаніцу, жыта, авёс — трэба захоўваць паасобку. Так што новыя сховішчы будуць вельмі дарэчы.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: сушыльны комплекс СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКк”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.