На вернасць Радзіме прысягнулі лепельскія прызыўнікі

IMG_8328 У 231-ю артылерыйскую брыгаду, дыслакаваную ў вёсцы Бароўка, прыбыло новае папаўненне — 215 чалавек, з іх 110 — прызваныя на службу ў рэзерве. Для вайсковай часці скарочанага саставу гэта вельмі шмат. Аўтар гэтых радкоў азнаё­міўся з умовамі побыту, размяшчэння новага папаўнення.

Намеснік начальніка пункта прыёму папаўнення па ідэала­гічнай рабоце маёр Андрэй Нікіфараў правёў у казарму. У памяшканні было ўтульна, светла, а самае галоўнае — цёпла. Заняткі першай паловы дня былі завершаны, салдаты рыхтаваліся да наступных.

Выбраўшы хвіліну, пагутарыў з чатырма, якія на момант візіту карэспандэнта былі свабоднымі. Папрасіў прадставіцца.

— Яўген Барчук, прызваны Лепельскім ваенкаматам, жыў і працаваў у Бароўцы, па суседстве, — з усмешкай адказаў малады салдат.

— Арцём Гарбачоў, нарадзіўся ў Віцебску, потым сям’я пераехала ў Мінск, там вучыўся ў ВНУ, а прызываўся з Віцебска.

— Алег Барадзій, нарадзіўся і вырас у Віцебску, прызваны таксама Віцебскім ваенкаматам.

— Яўген Малец, жыў у Матырыне, працаваў у КУВСГП “Баброва”, — сціпла адказаў чацвёрты суразмоўца.

Хлопцы адразу акунуліся ў армейскае жыццё: абмундзіраванне, размяшчэнне ў казарме, страявая падрыхтоўка.

— Якія навучальныя ўстановы заканчвалі?

— Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі па спецыяльнасці эканоміка і арганізацыя вытворчасці, — распавядае Яўген Барчук. — Дыплом атрымаў сёлета, нават уладкаваўся на працу. Зараз мяне прызвалі на службу ў рэзерве. Першы месяц — курс маладога байца, а пад час наступных этапаў бу­дзем асвойваць вайсковыя спецыяльнасці.

Расказвае пра сябе Арцём Гарбачоў:

— Скончыў інстытут журналістыкі БДУ, ваш калега, прызваны для службы ў рэзерве.

— Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, — коратка адказаў Алег Барадзій.

— Гарадоцкі аграрна-тэхнічны каледж, прызваны на тэрміновую службу на паўтара года.

— Маладыя людзі, вы ўсе сёлета скончылі вучобу, пайшлі на працу. Якія былі складанасці на працы ў сувязі з прызывам?

Яўген Барчук:

— Я працаваў у Мінску ў прыватнай гандлёвай фірме па эканамічнай спецыяльнасці. Паколькі аргані­зацыя прыватная, там штаты ўкамплектаваны па мінімуме, таму выпадзенне аднаго работніка адчуваецца вельмі моцна. Мяне, напрыклад, адпускалі неахвотна. Аднак канстытуцыйны абавязак — святое.

Арцём Гарбачоў:

— Працаваў у Мінску ў ТАА “Смартон” — буйнейшы ў рэспубліцы пастаўшчык канцылярскіх тавараў. Паралельна працаваў у інтэрнэт-праекце журналістам па навінах. Зараз у кампаніі “Смартон” жаркая пара, рыхтуецца новы каталог, за які я адказваў. Таму паведамленне пра павестку было ўспрынята, мякка кажучы, неадназначна. Аднак адпусцілі, працоўнае месца за мной захаванае.

Алег Барадзій:

— Я ўладкаваўся ў прыватную кампанію ў Віцебску юрысконсультам. Абавязкі — правяраць і візіраваць усе дагаворы, таму працяглая адсутнасць такога спецыяліста недапушчальная. На месца юрысконсульта знайшлі часовага работніка, працоўнае месца таксама захавана за мной.

Яўген Малец:

— Працаваў у КУВСГП “Баброва” энергетыкам. Таксама адпускаць не хацелі, у прадпрыемстве ж вялікі недахоп работ­нікаў.

Наступнае пытанне маладым салдатам:

— У вас яшчэ да прызыву былі некаторыя ўражанні, веды, стэрэатыпы пра службу ў войску. Наколькі вялі­кае адрозненне паміж тым, што вы ўбачылі ў першыя дні ў арміі, і чаканнямі, спадзяваннямі?

Яўген Барчук:

— Многія мае сябры служылі ў войску, шмат чаго распавядалі. Мой бацька — ветэран Узброеных сіл, пэўны час служыў і ў гэтай часці. Я маленькім прыбягаў сюды, салдаты мяне каталі на КамАЗе. Так што служба ўжо была вядомая. Я быў гатовы і не “касіў”.

Арцём Гарбачоў:

— Шчыра прызнацца, чакаў, што ў арміі бу­дзе дзікасць, дзедаўшчына. Памыляўся. Нармальныя чалавечыя адносіны да нас з боку афіцэраў, сяржантаў, добрае харчаванне, цёплая казарма. Сябры раней расказвалі, што ў войску, напрыклад, часта не хапае лекаў. Незадоўга да прызыву лёгка параніў руку, парэзаўся, таму тут звяртаўся да медыка. Медыкаментаў хапае, самых розных.

Алег Барадзій:

— Я не ведаў, у чым сутнасць службы ў рэзерве. Асноўныя крыні­цы інфармацыі: фільмы, музыка, расказы сяброў. Інфармацыя часцей насіла суровы характар. Прыйшоўшы сюды, убачыў, што ўмовы службы нашмат лепшыя, чым я сабе ўяўляў. Напрыклад, афіцэры і сяржанты стараюцца рацыянальней выкарыстоў­ваць наш час. Пры страявой падрыхтоўцы тыя элементы, якія добра атрымліваюцца, прапускаем і больш налягаем на элементы, дзе больш цяжкасцяў, практыкуемся. Рэгулярна спраўляюцца аб нашым здароўі, асабліва пра стан ног. Па просьбах некаторых салдатаў памянялі ім абутак, каб не націралі ступні.

Яўген Малец:

— Сябры служылі ў арміі, бацька служыць у пазаведамаснай ахове на артбазе, таму пра армію меў шмат інфармацыі, да службы быў гатовы, нічога дзіўнага і нечаканага не адбылося.

На завяршэнне сустрэчы маёр Андрэй Нікіфараў сказаў:

— У бліжэйшы месяц салдаты прахо­дзяць пачатковую ваенную падрыхтоўку. За гэты час я, іншыя афіцэры пагутарым з імі, вызначым больш дакладна іх здольнасці, уменні і навыкі. У далейшым гэта інфармацыя бу­дзе выкарыстана для размеркавання па воінскіх спецыяльнасцях.

 На здымку: салдаты Алег Барадзій, Яўген Малец, Арцём Гарбачоў і Яўген Барчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.