Надзея Аўласка з Лепельшчыны ніколі не забудзе жахлівыя праявы чарнобыльскай навалы

11 красавіка 002Не ведала і не думала Надзея Аўласка, што пабачыць на сваім вяку дзве чорныя навалы. Першая напаткала яе на золаку жыцця. Надзя фактычна і не павінна была гэтага помніць, бо колькі ж гадкоў было!

Нарадзілася, лічы, перад самай вайной. Аднак жа нельга не памятаць таго, чаго немагчыма забыць…
Надзея Фёдараўна памятае той дзень, калі вызвалялі яе родныя Бешанковічы. Сям’я разам з іншымі суседзямі хавалася ў склепе, на беразе Заходняй Дзвіны. Немцы хацелі пры адступленні ўзарваць той склеп. Бабуля ўпэўнена, што выратавала іх толькі… карова. У сям’і знаёмага святара была карова, і яны частавалі немцаў малаком, таму людзей і не зачапілі. Калі вярнуліся дадому, ад яго засталася толькі каробка, наскрозь прашытая снарадам.
Бацька прайшоў праз фінскую вайну, а з Вялікай Айчыннай не вярнуўся. Мяркуюць, што загінуў ён на Курскай дузе. Прынамсі, там апошні раз знаёмыя бачылі танкіста Фёдара Стаброўскага. Трагічна загінуў і Надзін брат-падлетак. Лёньку папросту расстралялі фашысты на вуліцы. Слова абразлівае кінуў у іх адрас.
І засталіся яны ў маці ўдзвюх з сястрою Вераю. Здавалася б, сям’я невялікая, ды за сталом пасляваенны голад людзей сабраў. Маці прыняла яшчэ і дзяцей расстралянай сястры. Вось і капалі на веснавым полі леташнія бульбяныя «пышкі», шчаўе збіралі. А то і хадзілі з торбачкамі, якія маці пашыла, па вёсках, хлеба прасілі. Людзі дзяліліся, кепскага слова ніхто не кінуў услед. Цётка была краўчыхай, так што голыя не хадзілі, а маці ў міліцыі прыбірала.
Паступіць у медінстытут Надзя не здолела. Аднак за прыгожы почырк узялі ў сектар партыйнага ўліку ў райкам. Пасля працавала ў раённым і гарадскім выканаўчых камітэтах. Выйшла замуж за вайскоўца Леаніда Аўласку, жылі на Львоўшчыне. На той час усё ж збылася мара Надзеі стаць медработнікам. Да гэтага паспела закончыць Полацкае медвучылішча і ва Украіне працавала ў траўматалагічным аддзяленні. Ды мужа-ракетчыка неўзабаве перакінулі ў раён касмадрома Байканур. Надзя туды з’ездзіла, аднак не засталася, бо не было дзе жыць, яны там у палатках перабывалі. А ў яе ўжо дачка была. Вярнулася, жыла ў маці ў Бешанковічах.
А неўзабаве і мужа камісавалі па хваробе. Леанід закончыў Рыжскае міліцэйскае вучылішча, працаваў у міліцыі. Перавялі ў Лепель і часова пасялілі сям’ю ў цесным двухкватэрным доме. Ды нічога не бывае больш пастаянным, чым часовае. Надзея Фёдараўна і да гэтага часу ў тых цеснаватых і не надта абуладкаваных апартаментах.
У семдзесят першым годзе пайшла яна працаваць на санстанцыю памочнікам урача-эпідэміёлага — як аказалася, на доўгія трыццаць шэсць гадоў.
Жыццё тым часам з кожным годам наладжвалася, жыць пачалі лепей, весялей стала на душы. І не разлічвала Надзея Фёдараўна, што давядзецца зноў зблізку пабачыць смерць. Ды хутчэй нават не пабачыць, адчуць яе ўсімі фібрамі сваёй душы. Бо смерць на гэты раз прыйшла нябачная.
Увесну восемдзесят шостага грымнула на Чарнобыльскай АЭС, а ў жніўні каманда ўрачоў-санэпідэміёлагаў з вобласці выправілася на Брагіншчыну. Сярод іх былі і лепяльчане: Алег Варган і Надзея Аўласка. Спыніліся ў дзіцячым аддзяленні бальніцы, жылі ў палатах, самі варылі сабе есці, балазе шмат чаго прыхапілі з сабою: «чыстага» хлеба, малака сухога, масла, сыроў, кансерваў. Гатавала Надзея. Яшчэ на Львоўшчыне яна стала някепскай кухаркай, навучылася варыць смачныя ўкраінскія баршчы і іншае. Гатавала на плітцы, якую прыхапілі з сабою. Выдавалі спірт і чырвонае віно.
Радыяцыю адчулі ўжо на падыходзе, пад Клімавічамі, калі дабіраліся да месца на станцыйнай «хуткай дапамозе»: заклала вушы, рот нібы жалезам напоўніўся. Спачатку Надзея адна адчула дыскамфорт. А пад Хойнікамі ўжо і іншых агарнула стомленасць і слабасць… Надзея ніколі не забудзе жахлівыя праявы чарнобыльскай навалы: чорныя ліпучыя палі, апрацаваныя патакай, каб не разносіўся радыяцыйны пыл, а на іх — вараннё. Наспех пакінутыя дамы. Цэлыя вёскі, дзе людзі жылі ўжо заможна, было ўсё ў іх для жыцця. Зойдзеш у такі дом — і пуста, няма гаспадароў, сэрца боллю адгукаецца. Некаторыя ўпотай прыязджалі і забіралі нажытае… А ў бальнічным садзе, як толькі спусцішся з ганка, яблыкі над зямлёю навісаюць вялізныя, цяжкія, крамяныя. І як вытрымаць, каб не з’есці? Адна з калегаў не вытрымала, яблык схапіла, абцерла і давай есці… Праўда, і да гэтага часу жыве. Хто яе ведае, тае невядомай, неспазнанай атруты, як, калі і на каго яна дзейнічае. У кожнага свой лёс. Калі прыехалі ў Брагін, тамтэйшы галоўны ўрач ужо ляжаў пры смерці. Галубы ў горадзе падалі прама ў палёце, а вось вароны трымаліся…
Праз дзень выходзілі на дзяжурства, падымаліся рана-рана. Ажыццяўлялі кантроль прадукцыі і рабілі радыяцыйны маніторынг. Ездзілі ў Камарын, за трыццаць кіламетраў ад саркафагу…
… Калі вярнулася ў Лепель, памятае, была ноч і моцная навальніца. Надзея распранулася і з галавою акунулася ў бочку, што стаяла ля хаты, а вопратку спаліла, хоць гэта і не рэкамендавалася.
Вопратку можна спаліць, аднак немагчыма спаліць памяць. Так і стаяць перад вачыма пенсіянеркі Надзеі Аўласкі тыя дзве яе чорныя навалы, якія бураю пранесліся па жыцці. А ў каробачцы Надзея Фёдараўна беражліва захоўвае значок ліквідатара Чарнобыльскай аварыі.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Надзея Аўласка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.