Нагодай для прыезду ў Юркоўшчыну стала знакавая падзея – наваселле

IMG_0493Нагодай для прыезду ў Юркоўшчыну стала знакавая падзея – сям’я работніка СВФ “Заазер’е” Мікалая Падворнага атрымлівала ключы ад вялікага дома. У вызначаны час перад пабудовай сабраўся вялікі сход.

Толькі гаспадар, будучы навасёл, нібыта не заўважаў, усё турбаваўся, каб хутчэй з’ехаць на камбайне на поле, бо стаіць сонечнае, сухое надвор’е — грэх у такі дзянёк быць не на жніве.
Аднак вернемся на некалькі гадоў раней. У тагачасным калгасе імя Калініна была свая сталовая. У 1990-ых гадах будынак прастойваў, некаторы час яго нават выкарыстоўвалі для часовага пражывання камандзіраваных. Асноўны будынак быў рублены, потым да яго зладзілі цагляную прыбудову са скляпеннем, качагарку, дзе стаяў кацёл вадзянога ацяплення.
Вядома, што вёска тады жыве, маладзее, калі ў ёй ёсць тры ўмовы для замацавання моладзі: праца, школа і жыллё. З працай у Юркоўшчыне няма праблем — сельскагаспадарчы вытворчы філіял “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК” пашырае вытворчую базу, уведзены ў эксплуатацыю новы робатызаваны малочны комплекс. Каб абслугоўваць яго, забяспечваць кармамі жывёлу, патрэбны кваліфікаваныя работнікі. Эканамічны стан прадпрыемства дазваляе своечасова выплочваць дастойны заробак.
На тэрыторыі сельгасфіліяла дзейнічаюць Стайская сярэдняя і Старалепельская базавая школы. Акрамя гэтага, у Стаях працуе філіял Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў, дзе навучэнцы могуць займацца музыкай, харэаграфіяй, іншымі відамі мастацтва. Развіваецца і дзіцячы спорт, юныя алімпійцы са Старога Лепеля і Стаяў удзельнічаюць амаль ва ўсіх раённых спартыўных мерапрыемствах.
Два гады таму ўзнікла ідэя адрамантаваць былую сталовую, але пры гэтым змяніць яе прызначэнне. Справа ў тым, што пасля далучэння да ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат” былы калгас імя Калініна стаў сельгасфіліялам “Заазер’е”, які для харчавання работнікаў бярэ стравы са сталовай камбіната. Было прынята рашэнне з былой сталовай зрабіць жылы дом. У гаспадарцы захавалася свая будаўніча-рамонтная брыгада.
Прараб Мікалай Шчупак расказвае:
IMG_0500— Я, калі прыйшоў у былую сталовую, адразу ўбачыў, што на гэтым аб’екце патрэбна шмат папрацаваць. Прыгоднымі і трывалымі засталіся толькі падмурак, скляпенні, сцены і частка падлогі. Столь, дах, рэшткі рам вокнаў і дзвярэй падлягалі замене. Патрэбна было зрабіць цеплавую рэабілітацыю сцен, нанава зманціраваць сістэму ацяплення і пракласці электраправодку.
Адным словам, акрамя прыкладання рабочых рук, дом патрабаваў яшчэ і ўкладання фінансаў. Некаторую дапамогу аказаў райвыканкам, асабліва ў складанні праектна-каштарыснай дакументацыі. Асноўную ж работу ўзялі на сябе Міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “ЭкаБуд” (Беларусь), дабрачынная арганізацыя “Дамы замест Чарнобыля” (Германія) і ўнітарнае прадпрыемства “ЭкаДомБуд” з Беларусі. Сумесна нямецкія і беларускія валанцёры паўтара года працавалі, даючы старому будынку новае жыццё.
— Зрабілі новы дах, накрылі яго металапрофілем, — працягвае Мікалай Шчупак. — Столь замянілі разам з бэлькамі, уцяплілі яе керамзітам, шлакам, кастрой. Стык бярвенняў у сценах прамазалі сумессю гліны з саломай — атрымаліся ўшчыльненне і ўцяпленне. У праёмы ўставілі пластыкавыя шклопакеты, уваходныя дзверы — металічныя, міжпакаёвыя — драўляныя. Пад новую падлогу заклалі ўцяпляльнік, сцены знутры абабілі гіпсакардонам. Звонку сцены таксама ўцяплілі двума слаямі матаў з трыснягу. Драўляныя сцены аздобілі вагонкай, а цагляныя — тынкоўкай. Атрымаўся дом цёплы, у ім выкарыстаны сучасныя энергазберагальныя тэхналогіі і экалагічна чыстыя матэрыялы. Ну, а побач — падсобнае памяшканне, хлявок, дзе можна ўтрымліваць жывёлу.
Увесну, калі рамонтныя работы сталі завяршацца, перад кіраўніцтвам СВФ “Заазер’е” паўстала пытанне, каму прадаставіць дом. Прэтэндэнтаў было некалькі, аднак выбралі сям’ю Падворных. Галава сям’і Мікалай Віктаравіч ужо трэці год працуе ў гаспадарцы на энерганасычаным МТЗ-3022, летам — на камбайне. Прычым заўсёды ў ліку перадавікоў.
IMG_0499За два дзясяткі гадоў, што прамінулі з таго часу, як Мікалай і Ірына пазнаёміліся і пажаніліся, адбылося вельмі шмат падзей. Сям’я жыла ў Вялікіх Дольцах на Ушаччыне, а некаторы час — у Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці, на забруджанай пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыі. За гэты час у іх нарадзілася пяцёра дзяцей. Старэйшыя дочкі, Наталля і Вольга, ужо жывуць асобна. Наталля — афіцыянтка ў санаторыі “Лясныя азёры” ва Ушацкім раёне, Вольга працуе поварам у санаторыі “Нарач”. Пасля некалькіх гадоў пераездаў шматдзетная сям’я асталявалася ва Ушачах, дзе ім выдзелілі дом.
Аднак сітуацыя з працаўладкаваннем у нашых паўночных суседзяў застаецца напружанай. Таму вырашылі скарыстацца парадай сястры Ірыны Алесі Глазко, якая з мужам Віктарам ужо даўно працуе ў “Заазер’і”. Мікалая прынялі ў гаспадарцы, даверылі яму тэхніку, а зараз — выдзелілі і дом.
— Гэта ж не жарты — за 30 кіламетраў штодня на працу ездзіць, — кажа Мікалай.
— Часта бывала, што прыедзе Коля дахаты, перакусіць — а тут тэлефануюць, просяць, каб зноў прыехаў, ёсць нейкая тэрміновая работа, — дадае Ірына.
— Вы самі дзе працуеце?
— Была ва Ўшачах сацыяльным работнікам, цяпер буду шукаць работу тут. Я работы не баюся, магу і на ферму пайсці.
— А дзеці?
— Ксенія пойдзе ў дзявяты клас Старалепельскай базавай школы, — кажа галава сям’і. — Яна спартсменка, займаецца біятлонам, заняла другое месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах. Дар’я Домрачава ўручала ёй падарунак — камплект спартыўнай формы. Валера пойдзе ў шосты клас, ён таксама спартсмен, футбаліст. Малодшы, Ілья, скончыў першы клас, у спорце пакуль што не праявіў сябе, затое рыбак — заядлы. Гатовы з вудаю сядзець суткамі, ніколі без улову не вяртаецца. Там вудзіў у рэчцы Ушача, а тут вунь з дому відаць возера. Зноў будзе вечарамі там прападаць.
— Якія далейшыя планы?
— У першую чаргу — зладзіць агароджу. Прывязём чарназёму, акультурым агарод. Сёлета ўжо позна садзіць, затое варта падумаць пра год наступны. Далей трэба будзе назапасіць дроў, зрабіць павець для іх захоўвання, гараж трэба зрабіць для машыны. Словам, спраў каля свайго дома вельмі шмат.
Вось і сабраліся ўсе запрошаныя госці. Ад нямецкага боку каардынатар праекта “Дамы замест Чарнобыля” Эдэльтрауд Шыл сказала, што гэты дом – яшчэ адзін прыклад сумеснай працы, бо разам з нямецкімі сябрамі на будоўлі працавалі валанцёры з Лепеля, у прыватнасці, навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа.
Нарэшце, чырвоная стужка перарэзана, гаспадар атрымаў ключы, зрабіў першыя крокі па сваім доме. Тры вялікія пакоі, санвузел, шырокая кухня — старая сталовая стала сучасным камфортным домам, зробленым па сучасных энергазберагальных тэхналогіях.
Пытаюся ў дырэктара СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК” Алега Данчанкі:
— Ці мяркуеце надалей уводзіць жыллё для сваіх работнікаў?
— “Заазер’е” валодае некалькімі будынкамі ў Юркоўшчыне і іншых населеных пунктах. Многія пустуюць. Аднак усё ўпіраецца ў грошы. Далейшая справа будзе патрабаваць значных укладанняў. Як правіла, гэта 30-50-гадовыя рубленыя дамы, у якіх ужо даўно ніхто не пражывае. Такі дом стаіць насупраць, падобны — крыху правей. Задума, вядома, цікавая. Бо адна справа — пабудаваць дом з нуля, і зусім іншая — адрамантаваць стары будынак. Будзем глядзець, зыходзіць з наяўнасці грошай.
Між тым, урачыстая частка завяршылася. Застолле ўдзячны гаспадар паабяцаў зрабіць пазней, а пакуль што паспяшаўся ў кабіну камбайна — поле клікала.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Шыдлоўскі, каардынатар праекта “Дамы замест Чарнобыля” Эдэльтрауд Шыл і гаспадар новага дома Мікалай Падворны ўрачыста пераразаюць чырвоную стужку; шчаслівая сям’я Падворных ля новага дома; камфортныя пакоі дома ўражваюць і гасцей, і гаспадароў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.