Анна Павлович награждена премией Туснолобовой-Марченко

anya-pavlovichСлова “мама”, напэўна, адзінае,
якое зразумела ўсім жыхарам свету,
на якой бы мове яны ні размаўлялі!
Мацярынства — пажыццёвыя місія. Жанчына, якая выхоўвае дзіця, працуе без адпачынкаў і выхадных, а калі дзіця — немаўля, то яшчэ і па начах.
Мацярынства — не толькі высокае
прызначэнне, а і вялікая адказнасць,
абавязак і бязмерная любоў.

Напярэдадні Дня маці кожны год у Віцебскім аблвыканкаме ўзнагароджваюць прэміяй імя Тусналобавай-Марчанкі жанчын адважных, моцных і ў той жа час пяшчотных.
Абласная прэмія носіць ганаровае і вельмі сімвалічнае імя, бо Герой Савецкага Саюза Зінаіда Тусналобава-Марчанка была не толькі мужнай медыцынскай сястрой у гады Вялікай Айчыннай вайны. У мірны час гэтая жанчына здзейсніла не менш значны подзвіг — стала добрай маці насуперак усім перашкодам. Многія нават не верылі, што пасля атрыманых калецтваў і перанесеных аперацый можа здарыцца цуд…
Сёлета лаўрэатамі прэміі сталі 25 маці. Пра кожную з узнагароджаных жанчын можна расказаць асобную гісторыю, пранікнёную і вельмі асабістую.
pravoslavnye-dobrovolcy-lepel%d1%9einyПрыемна паведаміць, што за высокі маральны прыклад ва ўмацаванні сям’і і выхаванні дзяцей прэмія імя Героя Савецкага саюза З.М. Туснолобовой-Марчанкі за 2019 год прысуджана лепяльчанцы Ганне Паўловіч, намесніку галоўнага бухгалтара філіяла “Лепельскі хлебазавод” ААТ “Віцебскхлебпрам”.
Галоўныя каштоўнасці ў жыцці Ганны Міхайлаўны — дзеці.
— Для мяне самы галоўны статус і прызначэнне жанчыны — быць маці, бачыць радасныя твары дзяцей, — кажа Ганна Міхайлаўна.
Сама родам з Лепеля, але маленства правяла ў вёсцы Старое Лядна, бо бацька быў туды накіраваны ўчастковым інспектарам. Як кажа мая суразмоўца, дзяцінства было вельмі радаснае. Бацькі давалі столькі цеплыні і пяшчоты, што лічыла сябе самай шчаслівай. Яны ў мяне вельмі добрыя, і нават зараз, калі я ўжо дарослая, клапоцяцца пра маю сям’ю.
У дзяцінстве на дзень нараджэння я заўсёды атрымлівала каштоўныя падарункі. Памятаю, як падарылі швейную машынку, каб сама канструявала для лялькі адзенне.
Успамінае Аня і вялікую гаспадарку ў вёсцы. Былі на падворку свінні, куры і іншая жыўнасць. Часам даводзілася і дапамагаць. Акрамя гэтага, мелі вялікі надзел зямлі, на якім вырошчвалі гародніну. Вядома, што ў сельскай мясцовасці без праполкі не абысціся, для кожнага ўзросту знойдзецца праца.
Чатыры класы скончыла ў Старалядненскай пачатковай школе, у пяты ж клас пайшла ў сярэднюю школу №3, бо пераехалі жыць у Лепель.
Пачала наведваць розныя гурткі. Салома- і бісерапляценне, вязанне, рукадзелле і іншыя заняткі на доўгі час не зацікавілі, спынілася на спартыўных секцыях. Гандбол і баскетбол — любімыя гульні, якім аддавала ўвесь свой вольны час. З пятага класа па адзінаццаты наведвала секцыю ў школе. Удзельнічалі ў розных спаборніцтвах, дзе заўсёды займалі лідзіруючыя пазіцыі
— Напэўна, ужо гаспадаркі не было ў горадзе?..
— Як без яе, тут таксама гадавалі гусей, курэй, качак…
— Вашы бацькі родам з вёскі?
— Не, маці родам з Маладзечна, па размеркаванні трапіла ў Лепельскі раён. Тут і сустрэла тату.
Пасля адзінаццаці класаў Ганна паступіла ў Полацкі аграрна-эканамічны каледж на бухгалтара.
— Чаму выбралі менавіта гэтую спецыяльнасць?
— Прыходзіла да мамы на працу, і заўсёды ў бухгалтэрыі бачыла прыгожых, дагледжаных жанчын. Хацелася быць падобнай на іх.
futbolЯк скончыла каледж, трапіла ў ААТ “Лядна” на пасаду намесніка галоўнага бухгалтара. Аднак шмат часу там не давялося працаваць. Пасля вучобы адразу выйшла замуж. Хутка на свет з’явіўся сын Іван, праз год і месяц — Дзмітрый. Не пакідала думка працягнуць вучобу — і яна яе здзейсніла. Ганна скончыла Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Пасля водпуску па доглядзе дзіцяці пэўны перыяд працавала бухгалтарам у аддзеле па адукацыі райвыканкама. Ужо дзесяць гадоў жанчына працуе ў філіяле “Лепельскі хлебазавод” ААТ “Віцебскхлебпрам”. Спачатку была бухгалтарам па зарплаце, цяпер знаходзіцца на пасадзе намесніка галоўнага бухгалтара.
Так атрымалася, што з гэтым прадпрыемствам Ганна Міхайлаўна знаёмая з дзяцінства, яно нават стала для яе родным.
Маці, Надзея Мікалаеўна Паповіч, як трапіла сюды па размеркаванні ў аддзел кадраў, так і зараз тут рупіцца. Мае адзіны запіс у працоўнай кніжцы, што — вялікая рэдкасць. Упэўнена, прыемна прыйсці працаваць у арганізацыю ці ўстанову, дзе цябе ведаюць, дзе ёсць родны чалавек, які заўсёды дапаможа і падтрымае.
А вось калі завялі з Ганнай размову пра вольны час, яго ў яе, аказваецца, амаль няма. Увечары яна вядзе праваслаўныя групы “Укантакце”: храма Праабражэння Гасподня, нядзельнай школы, Лепельскага дабрачыння. А яшчэ яна піша шмат нататак. Кожная падзея храма адлюстроўваецца на паперы і дасылаецца ў Віцебскую епархію. Акрамя гэтага, Ганна Міхайлаўна выкладчык у нядзельнай школе.
Так здарылася, што сцежка жыццёвая прывяла дзяўчыну ў храм пяць гадоў таму. Раней наведвала святое месца толькі на вялікія святы. За сабой павяла і сваіх сыноў.
Затым былі курсы ў Мардовіі, Расіі, два тыдні жыла ў Жыровіцкім манастыры і наведвала там “місію міласэрнасці”.
З часам царква стала тым домам, дзе знайшла Ганна спакой і радасць, а айцец Сергій стаў яе духоўным настаўнікам. Гэта чалавек, які заўсёды дапаможа і нікога не пакіне ў бядзе.
— Я ведаю, што ён заўсёды адгукнецца на любую просьбу і падтрымае ўсе акцыі і мерапрыемствы, — кажа мая суразмоўца пра протаіерэя Сергія Ляшкевіча.
На занятках з дзецьмі Ганна Міхайлаўна не проста расказвае пра Бога. Часам малых трэба зацікавіць, каб яны табе давяралі і слухалі тое, што хочаш ім паведаміць. Для гэтага жанчына арганізоўвае розныя гульні, святы, паходы і мерапрыемствы для дзяцей.
Так, напрыклад, у вёсцы Бароўка прайшоў раённы праваслаўны дзіцячы квэст «У пошуках Крыжа Гасподня». Гульня дазволіла ўсім акунуцца ў гісторыю і адчуць атмасферу праваслаўнага свята, зразумець Евангельскія прытчы, а таксама знайсці новых сяброў і кожнаму стаць больш мудрым. Акрамя гэтага, дзеці далучыліся да інтэрактыўнага праекта “GPS-навігатар”. Наведалі ўсе святыя месцы ў Оршы, Віцебску і Полацку, а знаходзілі іх з дапамогай GPS-навігатара ў гаджэтах і спецыяльных анлайн-заданняў. Начавалі вандроўнікі пры манастыры. На працягу ўсяго шляху бацькі маглі сачыць за сваімі дзецьмі анлайн з дапамогай фотасправаздачы.
Паўдзельнічалі ў чароўным флэшмобе “Калядны кругазварот” добрых падарункаў-сюрпрызаў для родных, блізкіх, знаёмых і незнаёмых па прынцыпе “Ты — мне, я — табе”. Разам з Вольгай Еўстаф’евай, якая выкладае ў нядзельнай школе ў Бароўцы, Ганна Паўловіч праводзіць сумесныя мерапрыемствы.
Шмат прыемных уражанняў пакінула і мерапрыемства “Праваслаўныя добраахвотнікі”, калі людзі ў вольны час займаюцца дзейнасцю ў храме, якая ім па сэрцы. Для адных гэта — дабрачыннасць, для іншых — дапамога ў набажэнствах, а камусьці падабаецца праца з дзецьмі.
Не толькі з выхаванцамі працуе Ганна Міхайлаўна, а і займаецца іншай дзейнасцю пры храме. Напрыклад, калектыўна дапамагаюць прыхаджане храма пагарэльцам.
Праходзяць сумесныя акцыі і з райвыканкамам. Напрыклад, у дзень памяці Пятра і Фяўроніі валанцёры дарылі людзям шары і паштоўкі, віншавалі з Днём сям’і, кахання і вернасці, а таксама расказвалі пра гэтае свята. У Віцебску праходзіла штогадовая дабрачынная акцыя “Белая кветка” ў падтрымку цяжкахворых дзяцей. Лепельскія валанцёры прынялі ў ёй актыўны ўдзел. Трэба сказаць, што дзякуючы ініцыятыве і добраму сэрцу Ганны Міхайлаўны дзецям падабаецца наведваць заняткі па рэлігіі.
Калі пачалі размову пра дзяцей, было бачна, што жанчына ганарыцца сваімі сынамі. З асаблівым хваляваннем расказвае Ганна Міхайлаўна пра захапленні хлопцаў. Іван дапамагае весці службу ў храме Праабражэння Гасподня, Дзіма ў гэты час сочыць за малымі, што таксама вельмі важна падчас богаслужэння.
Калі ўсё ж з’яўляецца вольная часіна, клапатлівая маці любіць прыгатаваць што-небудзь смачненькае для родных. Асабліва любяць дзеці запечаную курыцу з бульбай і гароднінай у духоўцы. Не забывае радаваць і пірагамі з розным начыннем.
Вельмі падабаецца абодвум хлопцам інфарматыка, у будучым жадаюць стаць праграмістамі. Упэўнена, у такой сям’і Іван і Дзмітрый вырастуць сапраўднымі мужчынамі.
Асабліва каштоўна, калі паміж дзецьмі і маці сяброўскія адносіны, што адразу адчуваецца ў гэтай сям’і. Яны могуць проста паразмаўляць на розныя тэмы.
Часам сустракаемся з Ганнай на мерапрыемствах. Магу з упэўненасцю сказаць, што гэты чалавек — добры сябар і пазітыўны субяседнік, ад размовы з якім заўсёды ўзнімаецца настрой.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.