Наперадзе — шмат адказных спраў

12— Работа ўчастковага не абмяжоўваецца пэўным часам. Да выканання сваіх працоўных абавязкаў трэба прыступаць тады, калі ўзнікае ў гэтым неабходнасць. Трэба дакладана вывучыць замацаваны ўчастак і зрабіць усё магчымае дзеля даверу лю­дзей, — менавіта так лічыць участковы Лепельскага раённага ад­дзела ўнутраных спраў Ілья Казлоў.
У Лепельскім раённым аддзеле Ілья Мікалаевіч працуе ўсяго другі год, але за гэты час ужо зарэкамендаваў сябе адказным работнікам не толькі сярод сваіх калег, а і шматлікіх жыхароў мікрараёнаў “Залінейны” і “Поўдзень-1”. Барысаўскі тракт, Гагарына, Дэпоўская, 1-я, 2-я, 3-я Залінейныя, Зялёная, Заслонава, Кавалёва, Кляшторнага, Коцарава… — амаль трыццаць вуліц увахо­дзяць у зону абслугоўвання маладога ўчастковага. На гэтай жа тэрыторыі знаходзяцца філіял “Лепельскі хлебазавод” РУВП “Віцебскхлебпрам”, філіял “Лепельскі” ЗАТ “Віцебск­аграпрадукт”, ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод”, аўтазаправачная станцыя…
— Чацвёра чалавек, якія пражываюць на ўчастку, у мінулым годзе былі накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Васьмярым грамадзянам пасля праходжання медыцынскай камісіі быў дадзены выпрабавальны тэрмін. Калі яны не зменяць сваіх далейшых паводзін, прафілактычныя меры будуць прыняты і да іх.
Наогул, сваёй рабоце я аддаю шмат часу. У адным з мікрараёнаў, які ўваходзіць у зону майго абслугоўвання, я пражываю, таму многія людзі, якім патрэбна дапамога, прыходзяць да мяне. Нярэдка, асабліва ў выхадныя і святочныя дні, прыходзіц­ца прымаць адпаведныя меры да сямейных скандалістаў, дэбашыраў, выхоў­ваць хуліганаў. Не дапускаю з’яўлення ў грамадскіх месцах людзей у нецвярозым стане.
Кожны дзень па дарозе на работу абавязкова заходжу да грамадзян, схільных да ўжывання спіртнога, правяраю становішча ў сям’і. Наведваю асоб, якія знахо­дзяцца на прафілактычным уліку, і вяртаючыся з работы.
— Адразу бачна, што вы знайшлі сябе ў абранай прафесіі. Раскажыце, калі ласка, як пачынаўся ваш шлях да работы ў міліцыі?
— Родам я з аграгарадка Вялікі Поўсвіж. Пасля заканчэння мясцовай сярэдняй школы паступіў на педагагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава. Тут я атрымаў спецыяльнасць “Пачатковая і дашкольная адукацыя”. на базе грамадзянскай спецыяльнасці паступіў на ваенную кафедру ад Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, што дзейнічае ў ВДУ, і атрымаў дадатковую ваенна-ўліковую спецыяльнасць “Маральнае і псіхалагічнае забеспячэнне войскаў у ваенны і паўсядзённы час”. Ваенныя дысцыпліны заўсёды вельмі цікавілі мяне. Вырашыў паспрабаваць свае сілы, і ўсе ўступныя экзамены вытрымаў. Вучыцца было вельмі цікава, паколькі сярод нашых выкладчыкаў былі выдатныя спецыялісты, людзі, якія аддалі ваеннай справе не адзін дзясятак год. Тут жа я прайшоў добрую фізічную падрыхтоўку. Скончыў універсітэт па спецыяльнасці “Ваенная педагогіка і псіхалогія”. Вельмі хацелася знайсці работу, дзе магчыма праявіць атрыманыя веды на практыцы, таму і звярнуўся ў Лепельскі РАУС. Пасля праходжання субяседвання мне прапанавалі пасаду ўчастковага інспектара міліцыі.
Спачатку, вядома ж, было нялёгка. Разумеў, наколькі складаная і адказная работа ўчастковага, таму перш за ўсё імкнуўся прадухіліць першасныя прычыны ўзнікнення злачынстваў.
Ілья Мікалаевіч знаходзіць час і для сям’і. Жонка Таццяна — настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы №1, зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дачушкі Міланы, якой споўніўся адзін год і сем месяцаў.
— Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, работа ў міліцыі мне вельмі падабаецца. Хацелася б набыць больш вопыту ў абранай прафесіі і больш глыбокія навыкі ў Акадэміі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, — адзначае Ілья Мікалаевіч.
Святлана Сільвановіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.