Cохранилось изображение усадьбы в Камне на рисунке Альбрехта Адама

kamen-1812-g-malyunak-albrexta-adama Многія цікавяцца старымі сядзібамі, якія ў сярэднявеччы і новым часе складалі аснову эканамічнага жыцця, былі своеасаблівымі “лакаматывамі” яго развіцця. Менавіта ў іх часта ўзнікалі і ўкараняліся агратэхнічныя навінкі, недаступныя сялянам і беднай шляхце: новыя прыёмы севазвароту, больш прагрэсіўныя прылады працы і тэхналогіі, новая селекцыя сельскагаспадарчых жывёл і культур.

Пасля рэвалюцыі 1917 г. дваранскія сядзібы былі нацыяналізаваны савецкай уладай, іх гісторыі не вывучалі, ролі ў развіцці краіны, яе эканомікі і культуры недаацэньвалі.
У ХІХ стагоддзі на Лепельшчыне было шмат сядзіб. У 1802 г. у межах Лепельскага павета — больш за 330, у 1906 г. — 216. Не ўсе з’яўляліся яркімі прыкладамі мураванага дойлідства. Большасцю былі драўлянымі. Аднак трапляліся сярод іх выдатныя помнікі архітэктуры, з багатымі зборамі і калекцыямі. Да нашага часу часткова захаваліся гаспадарчыя пабудовы, элементы паркаў некаторых сядзіб у межах сучаснага Лепельскага раёна — не болей за дзясятак. Значная колькасць была разбурана падчас рэвалюцый, войнаў і іншых сацыяльных неціхотаў.
Выявы сядзіб амаль не захаваліся. Выключэннем з’яўляюцца тыя, што трапілі на карціны мастакоў. Прыватныя фотаздымкі рабілі самі гаспадары, нямецкія салдаты ў Першую сусветную вайну, фотааматары.
Напрыклад, захавалася выява сядзібы ў Камені, адлюстраваная на малюнку Альбрэхта Адама, мастака, які ў 1812 годзе суправаджаў армію французскага імператара Напалеона Першага ў паходзе на Маскву.
Да 1917 года вёска Камень — цэнтр воласці Лепельскага павета. У ХVII стагоддзі сядзіба належала Друцкім-Сакалінскім. Крыштаф Друцкі-Сакалінскі, кашталян мсціслаўскі і полацкі, у 1621 годзе фундаваў будаўніцтва тут уніяцкага храма. Міхал Друцкі-Сакалінскі прадаў сядзібу Вялічкам. У 1711 годзе Аляксандр Ігнацый Вялічка прадаў Камень разам з Урадай і некалькімі іншымі фальваркамі Юзэфу Пакашу — стольніку полацкаму. Пасля яго Камень належаў роду на працягу амаль 150 гадоў. Бацька Юзэфа, Ян Пакаш, суддзя земскі полацкі і староста каз’янскі, валодаў Губінам, у якім фундаваў кляштар францысканцаў. Па спадчыне маёнтак перадаваўся па мужчынскай лініі. Апошнім быў Антоній Іосіф. Яго сястра Тэрэза, якая выйшла замуж за Міхаіла Шырму, прадала маёнтак маршалку дваранскаму Залескаму. На пачатку ХХ стагоддзя належаў нашчадкам барона Розена. У ім было 3584 дзесяціны ворыўнай зямлі, 200 пад няўдобіцамі, 360 пад лесам. Акрамя гэтага, у склад маёнтка ўваходзілі фальварак Альхоўка, Урада, Уладзімірава, засценкі Бор, Франаполле, Імшкі, Горы.
Верагодна, у пачатку ХІХ стагоддзя ў маёнтку быў узведзены аднапавярховы дом. Зараз складана вызначыць матэрыял, з якога ён быў зроблены. Хутчэй за ўсё, драўляны, на высокім падмурку. Пазней у цэнтральнай частцы быў збудаваны порцік з чатырма калонамі на высокіх падмурках. Яны падтрымлівалі плоскі дах з балюстрадай. У праекцыі дом быў прамавугольны, верагодна, з невялікімі крыламі ад тыльнага боку. Сцены ашаляваны вертыкальна пастаўленымі дошкамі. Будынак меў досыць высокі, гладкі чатырохспадны, крыты гонтам дах. На ім меліся чатыры коміны. З правага боку ад будынка знаходзіліся драўляныя гаспадарчыя пабудовы. Да нашага часу не захаваўся.
Валерый ТУХТА.
Выява сядзібнага дома ў Камені. 1812 г.
Малюнак
Альбрэхта Адама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.