Насенны фонд Лепельшчыны

zemes-cenaЗавершана сяўба азімых культур, на бліжэйшай перспектыве ў працаўнікоў вёскі — падрыхтоўка насення для сяўбы яравой. Што пасееш, тое і пажнеш — спрадвечнае правіла актуальна і сёння. Паводле плана, для правядзення веснавой сяўбы гаспадаркам раёна патрабуецца 1830 тон насення розных культур. Збожжа трэба прачысціць, адсартаваць, засыпаць на захоўванне. Крайнім тэрмінам для завяршэння ўсіх гэтых работ прызначана 28 лістапада.


На 30 кастрычніка гаспадаркамі раёна пачышчана, праверана і засыпана ў сховішчы 685 тон насеннага зерня, што складае 37 працэнтаў ад запланаванага. Найлепшыя паказчыкі мае ААТ “Чарэйшчына”, дзе са 132 тон, патрэбных для сяўбы, засыпана 120 тон, што складае 91 працэнт ад плана.
80 працэнтаў ад патрэбнага нарыхтавана ў СВФ “Заазер’е”. Там высушана, ачышчана і засыпана ў сховішчы 232 тоны насення розных яравых культур. Трэці радок стала займае ААТ “Лядна”, дзе план па засыпцы выкананы на 71 працэнт.
Варта заўважыць, што работа па ачыстцы і праверцы насення ў гаспадарках вядзецца штодзённа, таму лічбы пастаянна абнаўляюцца, дадаюцца новыя і новыя тоны.
У справе нарыхтоўкі насення важна не толькі колькасць, але і якасць. Напрыклад, была выяўлена незадавальняючая якасць некаторых партый насення з ААТ “Лепельаграсэрвіс”. У прыватнасці, у насенні яравой пшаніцы прысутнічалі зярняты іншых культурных раслін у колькасці 1100 штук на кілаграм пры тым, што стандартамі ўстаноўлена максімальна дапушчальная норма 40 штук на кілаграм зерня. Тымі ж нарматыўнымі актамі дапускаецца ўтрыманне не больш за 20 зярнятак пустазельных раслін на кілаграм насення. Ва ўзятых пробах жа іх налічылі 840 штук. Гаспадарцы рэкамендавана ўмацаваць кантроль за тэхнічным станам ачышчальнага абсталявання.
Іншым сельгасарганізацыям рэкамендавана актывізаваць працу ў гэтым напрамку, тым больш, што часу застаецца ўсё менш. Напрыклад, ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя”, як аднаму з флагманаў насеннянарыхтоўкі, рэкамендавана не проста актывізаваць працу, а разгледзець магчымасць наладзіць дзейнасць у дзве змены.
Сёлетні год аказаўся не вельмі спрыяльны для зерневых культур. У сярэднім ураджайнасць вагалася ад 19 да 30 цэнтнераў з гектара. Найбольшай урадлівасцю парадавалі пасевы ў ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя”, што і не дзіўна, тут вырошчваецца зерне высокіх рэпрадукцый, так званых гадавальнікаў, суперэліты. Напрыклад, авёс сорту “факс” рэпрадукцыі гадавальнік даў ураджай 40 цэнтнераў з гектара.
Выдатныя паказчыкі мае сёлета і ячмень. Так, суперэліта сорту “фэст” сёлета ўрадзіла 35 цэнтнерамі з гектара зноў жа на палетках сартастанцыі. Зараз гаспадаркі з мэтай абнаўлення насеннага фонду могуць звяртацца туды.
У сельгасвытворцаў маецца магчымасць набыць насенне зерневых не толькі айчыннай селекцыі, а і замежнай. Каму аддаць перавагу, кожны вырашае, зыходзячы з уласнага бачання. ААТ “Чарэйшчына” займаецца вырошчваннем піваварнага ячменю, выкарыстоўваюцца ў асноўным беларускі сорт “бровар” і французскі “жазэфін” прыблізна ў роўных прапорцыях. “Бровар” другой рэпрадукцыі, напрыклад, сёлета даў 28,6 цэнтнера з гектара, так жа ўрадзіў і “жазэфін” другой рэпрадукцыі.
Яравая пшаніца замежных сартоў “банці” і “мунк” сёлета ўрадзілі адпаведна па 22,8 і 25,5 цэнтнера з гектара. А вось айчынная “васіліса” гадавальнікам першага года ў сартастанцыі дала 30 ц/га. Апошняе слова ў выбары сартоў, безумоўна, застанецца за кіраўнікамі гаспадарак, аграномамі.
Некаторыя сарты за гады эксплуатацыі выпрацавалі свой рэсурс, страцілі такія важныя паказчыкі, як ураджайнасць, устойлівасць да шкоднікаў, хвароб, экстрэмальных умоў надвор’я. Больш за шэсць гадоў на палях Лепельшчыны вырошчваўся ячмень сорту “баранэса” замежнай селекцыі. Надышоў час змяняць яго, бо сёлета даў толькі 21,8 ц/га, адзін з самых нізкіх паказчыкаў па культуры.
На 11 гектарах у СВП “Пражэктар” сёлета вырошчвалася грэчка сорту “ўлада” беларускай селекцыі. Ураджайнасць культуры сёлета была невысокая, да 10,5 цэнтнера з гектара. Аднак і гэтага хапае для закладкі насеннага фонду на наступны год. У гаспадарцы для веснавой сяўбы ўжо ачышчана і засыпана дзесяць тон насення гэтай важнай культуры.
Працэс праходзіць пад кантролем спецыялістаў раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Перад засыпкай на захоўванне насенне правяраецца па некалькіх параметрах: чысціня, ступень высушанасці, усходлівасць. Працэдура праверкі доўжыцца тыдзень, аднак па яе завяршэнні гаспадаркі маюць гарантыю таго, што іх насенне — добрай якасці, дасць густыя ўсходы і, у перспектыве, неблагі ўраджай.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.