Наша сям’я жыла ў вёсцы Губіна Лепельскага раёна

Наша сям’я жыла ў вёсцы Губіна. Тут я скончыла васьмігодку. Потым вучылася ў сярэдняй школе №2 імя Ерашова, педінстытуце ў Мінску. Усё маё астатняе жыццё прайшло ў Мінскім раёне. Цяпер я ўжо на пенсіі. Брат жыве ў Расіі, ваенны афіцэр у адстаўцы, таксама пенсіянер.
Летась прыехалі з братам на малую радзіму. Наведалі магілы бацькоў у Макараўшчыне. Мы ведалі, што калісьці, яшчэ пасля Сталыпінскай рэформы, нашы продкі жылі недзе на хутары каля вёскі Урада (цяпер вёска Заазёрная). Аднак месца хутара нам было не вядомае. А так хацелася знайсці яго, убачыць, пастаяць там, дзе жылі, працавалі нашы дзяды.
Ды нас усё ж напаткала ўдача! Мясцовыя жыхары параілі звярнуцца да Яўгена Сафончыка, якому ўжо споўнілася амаль 90 гадоў. Мы былі прыемна ўражаны сустрэчай з гэтым цудоўным чалавекам. Ён захаваў выдатную памяць і паабяцаў паказаць нам хутар Бондалаў (такім было прозвішча нашага бацькі). І яшчэ нас вельмі здзівіла, што, нягледзячы на свой вельмі сталы ўзрост, Яўген Яўгенавіч знаходзіцца ў добрай фізічнай форме. Ён павёў нас праз поле, хмызняк, балота. Наўкол усё пазарастала дрэвамі, лазой, хмелем. Так мы прайшлі некалькі кіламетраў. Моцна стаміліся. А наш праваднік па-ранейшаму вельмі жвава рухаўся наперадзе і толькі дабрадушна нас падбадзёрваў: “Моладзь! Не адставайце!” І нам было сорамна адставаць ад яго. Мне і майму мужу яшчэ споўнілася толькі крыху больш за 60 год, а брату і яго жонцы ледзь “пераваліла” за 70.
Гэта было незабыўнае падарожжа. Там, дзе мы з цяжкасцю крочылі, прарываліся скрозь хмызняк, раней, па словах Яўгена Сафончыка, была добра ўкатаная дарога, па якой ён ездзіў на кані, касіў у наваколлі сена для каровы. Для нас жа ўсе гэтыя здзічэлыя мясціны былі роднымі. І гэта мы адчувалі сэрцам.
Тут калісьці нашы продкі аралі зямлю, расцілі дзяцей. Жылі вялікімі сем’ямі. Дзед Фядос Бондал, бабуля Кацярына, іх дзеці Ілья (мой бацька), Улас, Цярэнцій, Барыс. Мужчыны былі рослымі, каржакаватымі. Было шмат хатняй жывёлы, пчэльнік. Побач — возера… А непадалёк ад возера вёска Мішулькі, дзе жыла сям’я Рэвутаў, у якой была дзяўчына з карымі вачыма — наша маці.
Мы знайшлі тое, што шукалі. Пахадзілі па зямлі нашых продкаў — працавітых, заможных земляробаў. Вярталіся назад змораныя, але вельмі задаволеныя. А Яўген Яўгенавіч, як і ўвесь час, бадзёра крочыў наперадзе, напяваючы вельмі папулярную ў мінулым песеньку: “На позицию девушка провожала бойца…»
Мы вельмі ўдзячны лёсу, які звёў нас з такім незвычайным, цікавым чалавекам — Яўгенам Сафончыкам з вёскі Заазёрная. Прыемна было пазнаёміцца і з усёй сям’ёй Яўгена Яўгенавіча — жонкай, сынам, дачкой Валянцінай, якія адгукнуліся на нашу просьбу, дапамаглі знайсці наш родны хутар Бондалаў.
Тамара ЕРМАКОВА (БОНДАЛ),
аграгарадок Крупіца Мінскага раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.