Наука и производство идут рядом

img_1708 Дзяржаўная сельскагаспадарчая ўстанова “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” ў першую чаргу з’яўляецца навукова-даследчай установай, галоўны накірунак яе працы — выпрабаванне і раяніраванне раслін самых разнастайных сартоў як беларускай, так і замежнай селекцый.

Таму спачатку наведаўся на доследныя ўчасткі, дзе на момант майго прыезду брыгада пад кіраўніцтвам начальніка аддзела сортавыпрабаванняў Вольгі Петуховай займалася сяўбой ячменю. Трактар МТЗ-892 з невялікай зялёнай сеялкай метадычна ездзіў па ўчастку. Глеба на дадзеным полі была апрацавана выключна, узрыхленая, выбраны каменьчыкі.
— Вольга Дзмітрыеўна, раскажыце, калі ласка, пра працаўнікоў.
— Самыя галоўныя тут трактарыст Станіслаў Маркоўскі і вядучы аграном па зерневых культурах і рапсе Ларыса Ігнатовіч. Станіслаў Пятровіч вельмі дасведчаны, працуе ў нас больш за 20 гадоў, за ім замацаваны чатыры адзінкі сельскагаспадарчай тэхнікі з усім належным шлейфам агрэгатаў. А Ларыса Альбертаўна працуе на сеялцы, у яе абавязкі ўваходзіць загрузка чарговых порцый збожжа. Сеялка спецыялізаваная, Wintersteiger, аўстрыйскай вытворчасці. Яе галоўнай характарыстыкай, як, дарэчы і ва ўсёй селекцыйнай тэхніцы, з’яўляецца дакладнасць высейвання. У спецыяльны бункер засыпаецца невялікая колькасць насення, да двух кілаграмаў, і яно высейваецца на доследныя ўчасткі.
— Што за сорт высяваецца?
— Сёння мы высяваем шмат розных сартоў і культур. Напрыклад, аднаго толькі ячменю піваварнага сеем 17 сартоў, плюс яшчэ восем — ячменю кармавога. Далей будуць 11 сартоў яравой пшаніцы мяккай і два — цвёрдай, тры сарты яравога трыцікале і два — аўсу.
— Распавядзіце крыху пра пшаніцу. Наколькі ведаю, цвёрдыя сарты гэтай культуры — азімыя, і вырошчваюцца яны ў асноўным ва Украіне, там для іх аптымальныя прыродна-кліматычныя ўмовы, найперш тэмпература, сонца і працягласць вегетатыўнага перыяду. Нам даводзілі, што на беларускім Палессі толькі ў некаторыя асабліва цёплыя гады цвёрдая пшаніца можа вырасці і даць неблагі ўраджай.
— Усё правільна. А яшчэ менавіта цвёрдыя сарты патрэбны для вырабу такіх прадуктаў харчавання, як белы хлеб і макароны. Але ўжо выведзены сарты цвёрдай яравой пшаніцы, мы працуем у напрамку раяніравання іх на Лепельшчыне. Паводле нашых падлікаў, яны павінны выспець і даць ураджай. Праўда, значна меншы. Напрыклад, мяккая яравая пшаніца можа даць ад 30 да 70 цэнтнераў з гектара, цвёрдая — толькі 26 — 40 ц/га.
Доследныя ўчасткі невялікія, на кожны сорт адводзіцца па сотцы, якая ў сваю чаргу раздзяляецца яшчэ на чатыры ўчасткі. Усё лета культуры будуць вырошчвацца, а ў ліпені-жніўні будзе сабраны ўраджай. Самы ж галоўны здабытак з доследных участкаў — інфармацыя, атрыманая пры назіраннях.
У гэты ж час поўным ходам ішла праца на палетках вытворчых, тых, дзе ўстанова атрымлівае важнейшую таварную прадукцыю, сартавое насенне і, адпаведна, асноўны даход. Праехаўшы крыху далей, заўважаем трактар з пасяўным агрэгатам. Ды гэта ж даўні знаёмы механізатар-перадавік Яўген Шамшур! Трактар спыніўся на ўзмежку. Да гутаркі далучыўся і галоўны аграном сортастанцыі Міхаіл Кульба, які дзяжурыў на полі.
— Што сееце?
— Яравую пшаніцу сорту “Любава” элітнай рэпрадукцыі, — кажа галоўны аграном. — Мяркуем атрымаць тут неблагі ўраджай, бо, як бачыце, зрабілі поўны цыкл перадпасяўной апрацоўкі: глебу перааралі яшчэ з восені, вясной яе ўзрыхлілі дыскамі і чызельным культыватарам. Першую апрацоўку рабіў Уладзімр Мірановіч, другую — Віктар Міснік.
— Але самую першую, ворыва, рабіў яшчэ восенню Яўген! — напомніў я.
— Так, я памятаю, як вы летась прыязджалі на гэтае ж поле, я тут працаваў з абаротнымі васьмікорпуснымі плугамі. Мы перад зімой паспелі пераараць усю вольную зямлю. Сёлета вясна ранняя. Мы спакойна, няспешна ўзяліся за працу і вось сёння павінны завяршыць сяўбу яравых зерневых культур. Можам нават узяць на некалькі дзён паўзу перад сяўбой кукурузы, рапсу і бульбы. Пра размеранасць працы яскрава гаворыць той факт, што мы, механізатары, на пасяўной працуем у рэжыме з васьці гадзін раніцы да 17 гадзін вечара, як у горадзе. І ўсё паспяваем! Не, калі трэба бывала дасеяць два-тры гектары поля, я затрымліваўся, не пакідаць жа. Але ў асноўным “гарадскі” рэжым працы вытрымліваўся.
— Як арганізавана харчаванне?
— Свая сталовая пакуль што зачыненая, бяром “ссабойкі”, якія нам збіраюць жонкі.
— Дарэчы, Яўген, а дзе ваша Алена працуе сёння?
— Каменне збірае разам з іншымі.
Засмечанасць каменнем — балючае пытанне ў адносінах да палеткаў ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя”. Яшчэ на пад’ездзе да поля мы бачылі трактар з каменепадборшчыкам, за якім яшчэ ішлі рабочыя і таксама ўручную падбіралі камяні. Але зямля зноў і зноў выціскае са сваіх нетраў гэтае “багацце”, на якім ламаюцца лемяшы плугоў, наканечнікі культыватараў, дыскі. Дарэчы, на працягу бягучай вясны Яўген Шамшур на фразе свайго пасяўнога агрэгата ўжо памяняў тры зубы, паламаныя на камянях.
Застаецца дадаць, што загрузкай зерня з прычэпа ў пасяўны агрэгат займаюцца Мікалай Шайтар і Яўген Сувораў.
Напрыканцы прыезду ў сортавыпрабавальную станцыю ўдалося пагутарыць і з дырэктарам установы Андрэем Тарасевічам.
— Якімі тэмпамі ідзе пасяўная кампанія сёлета?
— Яравы клін на бягучы год запланаваны на плошчы ў 640 гектараў. З іх 260 га — збожжавыя. Спадзяюся сёння-заўтра мы іх закрыем, бабовыя (гарох), ужо пасеяны, застануцца толькі крыжакветныя (рапс), кукуруза, бульба. Наша галоўная цяжкасць у тым, што тэхніка старая. Апошняе сур’ёзнае абнаўленне машынна-трактарнага парка і агрэгатаў адбывалася ў 2008-2012 гадах. Нядаўна толькі змаглі набыць адзін новы МТЗ-892. Машына неблагая. Стан астатняй тэхнікі падтрымліваем на належным узроўні, праводзім рамонты, але з кожным годам на рамонт і набыццё запчастак патрабуецца ўсё больш і больш грошай.
— У мінулыя гады з пачаткам веснавых палявых работ у вас пачынала працаваць і ўласная сталоўка, а сёлета яна зачыненая.
— У ёй няма патрэбы пакуль што. Праца сталовай — гэта дадатковыя расходы, на якія мэтазгодна ісці пры вялікай інтэнсіўнасці працоўнага працэсу. Мы ж працуем спакойна, з васьмі да пяці гадзін паспяваем усё зрабіць, таму пільнай неабходнасці ў сталоўцы пакуль што не бачым.
Самым галоўным паказчыкам эфектыўнай дзейнасці прадпрыемства сёння лічыцца фінансавая прыбытковасць. ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” рэалізуе элітны насенны матэрыял высокіх рэпрадукцый сельгасарганізацыям па ўсёй вобласці, можа і за межы яе, аднак перыядычна ўзнікаюць праблемы са своечасовасцю аплаты пастаўленай прадукцыі. Таму дырэктару часта даводзіцца самому аб’язджаць калег-кіраўнікоў і напамінаць ім, дамаўляцца. У астатнім жа праца ідзе ў адладжаным рытме.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.