Не адзінокая старасць

178Пышна ў Пышне! Асабліва гэта адчуваеш улетку, калі яшчэ пышную аксамітавую зеляніну не кранула пазалота — прадвесніца восені. У ліпені яшчэ не хочацца думаць пра старасць, гэтулькі ўсяго навокал маладога, прыгожага, аптымістычнага.

Аднак у жыцці не ўсё так адназначна. І вось мы, адарваўшы вока ад поля зеленаватай пакуль збажыны, збочваем з вясковай дарогі ў дворык, што вядзе да акуратнага, дагледжанага і, тым не менш, казённага памяшкання. Бальніца сястрынскага догляду…
У дворыку — невялікія яблынькі, якія ўжо набрынялі першым сокам. Неўзабаве саспеюць сакавітыя яблычкі.
— Пакладзём на зіму, пачастуем хворых, — кажа загадчыца Галіна Лявіцкая, — раней, усяго гадоў дзесяць таму, гэта было рабіць значна прасцей. І яблык, і агурок можна было прынесці са свайго агарода. Гэта ж вітаміны, вунь як патрэбныя пажылым людзям. Афармлялі ўсё як ахвяраванні мясцовага насельніцтва, падавалі хворым на стол. Зараз жа прадукты перад ужываннем павінны праходзіць дэталёвую праверку.
У кабінеце загадчыцы шмат пакаёвых кветак і нейкая, як мне падалося, больш аптымістычная атмасфера, чым ва ўсёй установе. Бальніца ёсць бальніца, асабліва калі ты навічок. Адразу з вуліцы, са свежага паветра, цяжкі, ні з чым не параўнальны пах апаноўвае цябе і не адпускае, пакуль не зачыніш дзверы ўстановы.
— Што гэта? — пытаюся ў Галіны Аляксандраўны. — У вас жа вунь і чысценька, і мыеце, і даглядаеце, і прыбіраеце…
— Гэта пах старасці, — з вінаватай усмешкай адказвае мая суразмоўца, — ад яго немагчыма пазбавіцца, да яго можна толькі прывыкнуць. Мы прывыклі, ды і хворыя таксама. Можаце не верыць, але мы ўжо тут адна сям’я. Наладжаны свае стасункі, усе адзін аднаго ведаюць…
— Няўжо людзі не імкнуцца як найхутчэй пакінуць гэтыя сцены? У вас жа тут не прытулак, хоць бы сабе і часовы, а ўсяго толькі бальніца.
— Уяўляеце, не імкнуцца, не спяшаюцца, многія проста не хочуць, баяцца быць адпраўленымі ў інтэрнаты. Тут ім ужо ўсё вядома, усё пралічана, усё сваё. А паколькі працэдура прызнання недзеяздольнасці даволі складаная, то людзі затрымліваюцца ў нас надоўга. На жаль, бывае, што і паміраюць.
— Прызнайцеся, вам не цяжка тут працаваць? Колькі ў вас персаналу? Колькі хворых?
— Бальніца разлічана на дваццаць койка-месцаў. Зараз тут знаходзяцца шаснаццаць пацыентаў. Самаму маладому — пяцьдзясят адзін год, старэйшаму — дзевяноста тры. У нас пяць палат: тры мужчынскія і дзве жаночыя. Працуюць пятнаццаць чалавек персаналу, сярод якога шэсць санітарак, чатыры медсястры і повар. Здавалася б, нямала, але трэба ўлічваць, што працуем пазменна. На змене — чацвёра чалавек: загадчыца, медсястра, дзве санітаркі, адна з іх — толькі днём…
Мужчын няма, таму ўся, як кажуць, чарнавая праца літаральна на жаночых плячах. А хворыя ў большасці самі не ходзяць, добра, калі некаторыя перасоўваюцца на вазочку. Трэба даставіць у ванны пакой, памыць, транспарціраваць назад на ложак. Добра ўзімку, калі хоць качагар дапаможа — усё ж дужыя мужчынскія рукі. Галіна Аляксандраўна распавядае, як нялёгка было прывучыць, пераканаць пацыентаў… рэгулярна мыцца.
Што там казаць, у падобныя ўстановы акуратныя бабулькі трапляюць надзвычай рэдка. Любая, нават самая нямоглая, бабулька да апошняга чапляецца за родную хату і, хоць бы сабе і на двух кіях, не спяшаецца ў казённы дом. У сацыяльныя ж палаты часта трапляюць мужчыны, нярэдка з няпэўным мінулым і шэрагам шкодных звычак. Пераламіць іх псіхалогію, перайначыць бывае вельмі няпроста, калі ўвогуле магчыма.
Харчблок у бальніцы даволі вялікі, прасторная сталовая. Праўда, ходзяць туды ўсяго два чалавекі, астатнія ляжаць, ім дастаўляюць ежу ў палаты. Затое ў сталовай можна размясціць артыстаў. Работнікі раённага Дома культуры часта наведваюць бальніцу з канцэртамі.
Гатуюць тут якасна і смачна. Повар Іна Барадзёнак працуе даўно, гаспадыня ўвішная, хутка спраўляецца на кухні. Ёсць у яе і памочніца. Прадукты дастаўляе райбальніца штотыдзень, захоўваюцца яны ў халадзільніках. Усяго ў пышнянскай бальніцы шэсць халадзільнікаў. Рыбныя, мясныя прадукты захоўваюцца паасобку. Два халадзільнікі прызначаны адпаведна для медыкаментаў і асабістых прадуктаў хворых. Тую прадукцыю, якой на тыдзень не запасешся (хлеб, малако), атрымліваюць у мясцовым магазіне.
Каля дзесяці гадоў таму ў бальніцы рабілі грунтоўны рамонт. Асабліва звярнулі ўвагу на санпрапускнік. Памянялі вокны, паставілі драўляныя новыя.
Не надта багата ў бальніцы спонсараў, чамусьці мала знаходзіцца ахвотнікаў-мецэнатаў. Вось і нядаўна давалі аб’яву, што прымуць у дар тэлевізійную прыстаўку, памперсы — ніхто не адгукнуўся. Зараз тут дзве рабочыя пральныя машыны. Дапамагае прадпрымальнік Мікалай Лебедзеў, які купіў для бальніцы лінолеум, памяняў тумбачкі, табурэткі для хворых.
— Што ні кажы, праца ў вас даволі спецыфічная, трэба і сапраўды прывыкнуць. А як ставяцца ў сям’і да вашай работы? — пытаюся ў Галіны Аляксандраўны.
— Дык жа таксама прывыклі. Муж і на працу падвозіць з суседняга Закаліўя. Я тут ужо амаль дваццаць гадоў, прыйшла, калі яшчэ была звычайная ўчастковая бальніца. За гэты час дзеці выраслі. Калі маленькія былі, казалі, будуць кім заўгодна, толькі не ўрачом — пісаць не любяць. Зараз адзін у Мінску на “Белтэлерадыё” інжынерам працуе, другі вучыцца ў БНТУ.
Трэба не толькі прывыкнуць, а і навучыцца ахвяраваць сабою, каб асвоіцца і адчуць сябе не лішнім у гэтым спецыфічным працоўным калектыве, дзе пацыенты і персанал фактычна паядналіся ў адну сям’ю. І хоць у сям’і, як ведаем, бывае ўсялякае, у Галіны Лявіцкай на гэты конт строга: прыйшоў на працу — пакінь асабістае. Крыўд, нягод, праблем у кожнага хапае. Пакуль твая змена, ты павінен жыць і суперажываць тым, хто праходзіць тут лячэнне і рэабілітацыю — пажылым людзям, інвалідам. Бо ім цяжэй. Бо гэта іх, можа, апошні прыстанак і апошняя надзея ў жыцці.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Галіна Лявіцкая.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.