Не было чаго есці, Валя прадала кофту за чыгунок бульбы…Бульбачку падзялілі на ўсіх

2 мая 011 Вайна — гэта не толькі Перамога. Перамога — тая вяршыня айсберга, якая бачна здалёк і ўсім. Аднак ёсць у таго айсберга і вялікая падводная частка, пра якую мы радзей успамінаем, якую не так яскрава бачым, але гэта ўсё — адно цэлае, бо не было б Перамогі без вайны.

У той цёмнай, падводнай частцы айсберга вайны прайшло юнацтва Валянціны Дубкевіч. Нарадзілася ў Тумінічах, пад Оршаю, у шматдзетнай сям’і. Не мела Валянціна таго шчасця, якое маюць цяперашнія бесклапотныя дзеці. Расла не ў выгодзе, а ў працы нястомнай.

— Са школы прыйдзеш, — успамінае Валянціна Аляксееўна, — і ў калгас бульбу капаць. Альбо брыгадзір адмерыць паласу льну — вось табе, Валя, работка на сёння.

Не дзіва, што закончыла ўсяго шэсць класаў. І тое добра. Хадзілі за тры кіламетры ў суседнія Лесуны. А пасля вайны і ўвогуле схадзіла ў школу на тыдзень усяго. Бацька хату задумаў будаваць, дапамагаць трэба, ды і якая з яе ўжо вучаніца была!

Вайна… З Коханава едуць немцы, а нашы адступаюць,  усё на сваім шляху знішчаюць, каб немцам не дасталося. Спалілі мост праз рэчку, разам з ім згарэлі і хаты ў вёсцы. Не пашанцавала і іхняй старой. А новую, якую бацька пачаў будаваць (рукасты быў чалавек), расцягнулі і парэзалі ўжо немцы, спешна аднаўлялі мост. Так іх сям’я засталася без даху. Падаліся жыць у калгасны клуб, заняўшы там куточак. Ды маці не хацела і там пакідаць астатніх дзяцей — двое старэйшых пайшлі ў адступленне разам з арміяй, вернуцца з вайны адзін без вока, другі без рукі — у прыдарожнай вёсцы, якая, як на вырве, была на скрыжаванні розных небяспек. Завяжа маці Валі дзіравую хустку, каб не надта ў вочы кідалася, і выправіць па бліжэйшых вёсках, далей ад бяды, якая, здавалася ёй, вартуе тут, пры бойкай дарозе. Аднак надоўга ад бяды ўсё роўна ж не ўратавала.

Неўзабаве пачаўся “хапун” у Германію. Валя ў склепе схавалася. Ды настаўніца нямецкай мовы ўсё роўна прывяла фашыстаў у хату, маўляў, шматдзетная сям’я, а дзеці дзе? Немцы — у склеп. Вывалаклі адтуль Валю за валасы, за касу доўгую, ды на машыну, як парася. Маці — у плач, у крык. Ды што там, доблесная Германія слязам не верыць. А бацьку плёткамі ледзьве не да смерці забілі, аж заваліўся.

Сямёра небаракаў такіх у машыне набралася — чацвёра хлопцаў і трое дзяўчат. Так разам увесь час і трымаліся, разам і з вайны вярталіся. Ды кожнага свой лёс чакаў.

На машыне ў Оршу, адтуль у вагонах-цялятніках — у Германію. Колькі ехалі, не памятае. Аднак за ўвесь час ніводнай крошачкі хлеба не атрымалі, ні крупінкі баланды якой. Трымаліся на тым, што паспелі ўсунуць бацькі яшчэ дома. Упершыню пакармілі толькі ў Гамбургу, на заводзе «Разверг»: далі баршчу з чырвонай, а хутчэй чорнай, капусты і па кавалачку хлеба. Назаўтра — усіх на працу.

Праца была цяжкая. Вазілі тачкі з зямлёю аж на другі паверх. Побач галандцы працавалі — вольнанаёмныя хіба? Тыя прывозілі з сабою бутэрброды. Падпільнуюць, пакуль не бачыць камендант, і вязняў бутэрбродамі частуюць. А есці вунь як хацелася!

Аднак з завода выселілі. Павезлі кудысьці, потым пагналі пехам. Куды? Чаго? Можа, на смерць? Спужаліся дзяўчаты, вырашылі ўцякаць, задалі драпака. Потым усю ноч хаваліся на могілках, лежачы між магілак. А назаўтра… запыталіся дарогі ў лагер — і пайшлі здавацца. А куды яшчэ было ісці ў чужым незнаёмым горадзе.

Панаехала баўэраў. Выстраілі палонных і пачалі іх «прадаваць». Валю забрала да сябе нямецкая сям’я, як аказалася, працавітыя і добрыя людзі. Так што тут дзяўчыне пашанцавала. У іх яшчэ і немка была ў прыслузе. Елі ўсе разам за агульным сталом. Гаспадары любілі гарохавы суп, часам боршч варылі. Налье гаспадыня, а пасля яшчэ кажа: «Валя, калі хочаш, бяры дабаўкі». Спала, праўда, на гарышчы ў хляве. Штораніцы будзілі даіць кароў, затым цадзілі малако ў бітоны, ставілі на тачку — і на дарогу. А адтуль пустыя забіраюць. Бульбу, моркву перабіралі.

У баўэраў прабылі нядоўга, месяцы мо тры ці чатыры, як раптам паявіліся амерыканцы. Валя яшчэ не верыла, што гэта вызваленне. Запыталіся, ці добра ставіліся гаспадары, ці білі, ці кармілі. Пасля пра тое ж самае будуць пытацца і хлопцы з яе вёскі, з якімі разам давялося быць у Нямеччыне. Маўляў, калі што, дык адпомсцяць. Валя на сваіх гаспадароў нагаворваць дарэмна не стала. Чаго не было, таго не было. Праз ты­дзень амерыканцы вярнуліся зноў, забралі вязняў у лагер і, падзяліўшы па абласцях, на машынах накіравалі да граніцы. Надавалі прадуктаў усялякіх — тушонак, згушчонак.

Памятае Валянціна, як на граніцы, на лясной паляне зрабілі трыбуну, выступалі там перад імі, наабяцалі залатых гор. А потым пасадзілі ў цягнік і… забыліся карміць — аж да Мінска. А дарога ж цягнулася! Мо з месяц. Стаялі на станцыях розных, чакалі. Так згаладалі, што ў Мінску Валя пабегла на базар, прадала кофту за чыгунок бульбы. Бульбу тую землякі падзялілі на ўсіх і аблізнуліся, ды хоць нешта ў рот трапіла.

Колькі б яшчэ дабіраліся дадому, ды пашчасціла. На адной са шматлікіх станцый Валянціна нечакана сустрэла земляка, той, аказалася, тут начальнікам працаваў. Пасадзіў усіх на таварняк і так дабраліся да Оршы. У аднаго тут цётка жыла. Пайшлі да яе начаваць. А там сад і — яблыкаў! Ды цётка папрасіла: «Дзеткі, не ешце, калі хочаце жывымі дадому дабрацца. Бо вы ж галодныя надта. Па яблыку з’ешце і ўсё, а ў дарогу дам». Паслухаліся, хоць спакуса была вялікая…

А дома — зноў праца, зноў бацька дом будуе, зноў голад… Палягчэла, калі будучы муж Мікалай Дубкевіч забраў у Оршу ў сталовую працаваць. На повара вывучылася. Ну дык на кухні ўжо не галадала.

У Лепель мужа перавялі загадчыкам станцыйнай сталовай, якую пасля назавуць Захарэнкавай. Да Захарэнкі быў там загадчыкам яе Мікалай. А яна і там, і ў бальніцы пасля ў сталовай працавала, і сорак гадоў — у рэстаране поварам. Дом пабудавалі на вуліцы Чапаева, двух дзяцей нарадзілі.

Бабулі Валянціне нядаўна дзевяноста споўнілася, а яна ўсё на рынку сядзіць — расаду сама вырошчвае, гародніну прадае, садавіну. Пляменнік дапамагае. Дзеці самадастатковыя, далёка, у Піцеры. Унукі ўжо вялікія, праўнукам хіба на пачастункі грошы зарабляе? Ды справа не ў грашах і не ў пачастунках. Не можа бабуля без працы сядзець. Праца яе жыццё здоўжыла, маладосць, апаленую вайною, аблегчыла. Праца — яе аснова і яе жыццёвы стрыжань.

Уладзімір МІХНО.

 На здымку: Валянціна Аляксееўна Дубкевіч.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.