Не навреди лебедям!

lebedКожны год з надыходам халадоў неабыякавыя лепяльчане хвалююцца, што замярзаюць вадаёмы, таму ў іх «не змогуць плаваць лебедзі». Людзі пачынаюць біць трывогу і звяртацца ў Лепельскую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама іншыя арганізацыі з просьбай прасекчы лёд і сачыць, каб у птушак была палонка. Трэба сказаць, што такія тэлефанаванні ўжо пачаліся, хоць надвор’е яшчэ не павінна нікога пужаць.
Хочацца зноў нагадаць жыхарам нашага раёна, што не варта ўмешвацца ў прыродныя працэсы. Птушка разумее, што вада замярзае, і знойдзе сабе іншае месца для зімоўкі.
Часта ўвечары можна ўбачыць чараду лебедзяў, а назаўтра — толькі некалькі птушак. Гэта наводзіць на думкі пра іх жудасную смерць па віне сабак ці іншых жывёлін. На самой справе лёду становіцца ўсё больш, палонкі менш, таму птушкі адлятаюць у іншае месца. Не варта так думаць і таму, што дарослы лебедзь у стане пастаяць за сябе нават перад сабакам.
Яшчэ адной вялікай праблемай у зімовы перыяд з’яўляецца штучная падкормка. Яна палягчае жыццё, стымул шукаць ежу знікае. У выніку птушкі застаюцца зімаваць. Наступяць халады — «чуллівыя» грамадзяне не пажадаюць выйсці з кватэры, а жывёліны, якія прывыклі да лёгкай ежы, застануцца без пражытку. Вось у гэты перыяд птушкі і могуць загінуць. Дапамога чалавека становіцца ў такім выпадку “мядзведжай паслугай”.
Здаровы шыпун заўсёды знойдзе сабе ежу. Калі корму няма, ён зменіць вадаём. Некалькі сутак лебедзь можа не снедаць, яму хопіць запасаў энергіі. Не спрабуйце накарміць птушак батонам і печывам, бо гэтая ежа не павінна быць у іх рацыёне. Ад такіх «прысмакаў» лебедзі могуць загінуць.
Спецыялісты адзначаюць, што хлебная падкормка ад чалавека прыводзіць да таго, што вадаплаўныя птушкі папросту набіваюць свой страўнік і адчуваюць ілжывую сытасць. Аднак пры гэтым яны не атрымліваюць дастатковай колькасці энергіі. Бяскрыўдны хлеб парушае мікрафлору страўнікава-кішачнага тракту, работу нырак і абмен рэчываў. Цвёрдая ежа можа пашкодзіць сценкі стрававальнай сістэмы. У гэты перыяд лебедзі харчуюцца ў асноўным падводнымі часткамі раслін. Гэта іх натуральны рацыён, які куды лепш батона і кашы.
У прыродзе ўсё прадумана. Тлушчавыя запасы — гэта натуральны ўцяпляльнік, які дапамагае птушцы перанесці нізкую тэмпературу і плаваць у халоднай вадзе. З такой тлушчавай праслойкай «дом» не патрэбен ні лебедзю, ні іншым птушкам. Лепшы адпачынак для вадаплаўных — ціха драмаць на вадзе, калі вакол не бегаюць людзі і не кідаюць у птушку батонам. Запасы тлушчу вырашаць і харчовую праблему — кампенсуюць недахоп харчавання.
Важна таксама разумець, што дарослы лебедзь можа моцна ўдарыць чалавека пры набліжэнні. Ні ў якім выпадку нельга блізка падыходзіць да птушкі!
Не варта спрабаваць і перанесці лебедзя ў іншае месца. Нельга ўмешвацца ў жыццё птушкі, калі яна з выгляду здаровая і без пашкоджанняў. Спробы злавіць лебедзя прынясуць птушцы вялікі стрэс.
Падрыхтавала
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.