Не пропустите первоапрельский кураж

778637db-b6ab-4f03-a215-d6ca05c61161Традыцыйна 1 красавіка ў самае вясёлае свята ў раённым Доме культуры не сціхае смех лепяльчан на гумарыстычнай шоу-праграме “Смяяцца — не грэх”. Так, і ў гэтым годзе народны тэатр мініяцюр “Балаган” запрашае ўсіх на свята гумару.
Не магу абысці ўвагай гэты калектыў, які ўзнімае настрой жыхарам раёна на працягу больш за 30 гадоў. А заснаваны ён быў на базе Лепельскага РДК у 1989 годзе як самадзейнае аматарскае фарміраванне з адметна выражанай гумарыстычнай тэндэнцыяй. Званне “народны” тэатр мініяцюр атрымаў ў 1993 годзе.
Яго ўдзельнікі — гэта прадстаўнікі працоўных калектываў, а таксама работнікі культуры, якія пад кіраўніцтвам Таццяны Невядомскай удасканальваюць свае сцэнічны вобраз, культуру мовы, пластыку, сцэнічную культуру.
Тэатр шмат працуе над абнаўленнем рэпертуару, уключаючы ў яго мініяцюры і вядомых, і маладых аўтараў-сатырыкаў, музычныя гумарыстычныя нумары, разнастайныя гумарэскі і пародыі. Такія нумары, як “Мадэль у бальніцы”, “Дыялог незамужніх сябровак”, “Каравай”, “Псіхі”, «Усе мужчыны…» і многія іншыя, заўсёды вельмі цёпла сустракаюцца гледачамі.
Трэба адзначыць, што касцюміраваннем акцёры займаюцца самі. Імі ж арганізуецца выраб неабходнага рэквізіту і дэкарацый да нумароў. І робяць гэта на прафесійным узроўні.
Выступленні народнага тэатра мініяцюр “Балаган” заўжды з нецярплівасцю чакаюць шматлікія прыхільнікі тэатральнага мастацтва і пазітыўнага ладу жыцця. Гумарыстычныя нумары, падабраныя з добрым густам і выкананыя на высокім прафесійным узроўні, упрыгожваюць канцэртныя, забаўляльныя і шоу-праграмы, вечары адпачынку і многія іншыя мерапрыемствы Дома культуры.
Штогод калектыў прымае ўдзел у шматлікіх святах. Так, напрыклад, у красавіку 2017 года быў удзельнікам абласнога свята гумару “Смяяцца не грэх” з праграмай “Смейцеся на здароўе!” і быў адзначаны Дыпломам першай ступені.
Ёсць дасягненні і на абласным узроўні. Калектыў прымаў удзел у здымках тэлеперадачы “Вячэрні Віцебск”, дзе распавядаў пра вытокі тэатра і яго сучаснае жыцце. Таксама ўвазе тэлегледачоў артыстамі тэатра былі прадстаўлены некалькі яркіх мініяцюр.
Некалькі гадоў таму тэатр прыняў удзел у фестывалі тэатральных і цыркавых калектываў імя Ю.Нікуліна ў горадзе Дзямідаве Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі, дзе здолеў прыемна здзівіць і развесяліць сваімі жартамі гледачоў. Да трыццацігоддзя тэатра і дня гумару калектыў падрыхтаваў юбілейную шоу-праграму “Нам-30”, у якой прынялі ўдзел і былыя ўдзельнікі тэатра. Акрамя гэтага, удзельнічаў у абласным свяце гумару “Смяяцца не грэх”, дзе заваяваў вышэйшую ўзнагароду – Гран-пры свята і Дыплом першай ступені ў выставе цацак і лялек. Дыплом за лепшую жаночую ролю атрымала актрыса тэатра Вольга Пятрова.
Народны тэатр мініяцюр “Балаган” – гэта не проста дружны і працаздольны калектыў аднадумцаў. Тут кожны ўдзельнік – творчы, ініцыятыўны і па-свойму таленавіты чалавек. Таму калектыў тэатра пастаянна знаходзіцца ў стане крэатыўных пошукаў новых тэм і формаў выступлення, каб паспець за запатрабаваннямі сучаснага гледача. У яго шмат новых цікавых задумак, а таксама ёсць жаданне і творчы патэнцыял, каб пераўтварыць іх у жыццё.
Падрыхтавала Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.