Не толькі «шакаладным» атрымаўся Дзень настаўніка ў Бароўскай СШ на Лепельшчыне

barovskaya-shkola— А зараз — “чорная скрынка”, — урачыста ўсклікнуў вядучы. — Увага! Пытанне! Назва прадмета, які знаходзіцца ў гэтай скрынцы, паходзіць ад слова “xocalatl”, першая частка якога на мове ацтэкаў абазначае горыч, другая — “latl” — вада.
— Шакалад! — ледзьве не хорам усклікнулі “знатакі”.
І пасыпаліся з чорнай скрынкі шакаладкі. Так дзеці ў Бароўскай школе павіншавалі сваіх настаўнікаў з прафесійным святам.
Да свята прымеркавалі чарговы інтэлектуальны паядынак, на гэты раз паміж чатырма камандамі настаўнікаў. Гулялі каля трыццаці чалавек. І дарэмна настаўнікі ў пачатку, шчыра кажучы, пабойваліся запісвацца ў каманды.
— Ну не пішыце ж так, — махнула рукою дырэктар Дзіяна Мысіна, — бо настаўнікі не могуць баяцца… Проста хваляваліся.
Могуць. Адным словам, пабойваліся спачатку запісвацца, каб не ўдарыць, чаго добрага, “тварам у бруд” перад вучнямі-экзаменатарамі. І дарэмна. Бо, па-першае, не бойся не ведаць чагосьці, усе мы жывыя людзі, бойся не хацець ведаць. А па-другое, хто не рызыкуе, той не мае шакаладу. Усё ўрэшце мела, як у той казцы, шчаслівы канец. Сустрэча закончылася перамогаю каманды, якую ўзначальвала сама дырэктар. Настаўніцкая гвардыя закавырыстыя вучнёўскія пытанні як арэшкі лускала.
І трэба сказаць, што традыцыя інтэлектуальных, спартыўных і іншых паядынкаў паміж дзецьмі і настаўнікамі ў Бароўскай школе ўзнікла не сёння. Добрая традыцыя, калі педагог, а то і дырэктар маюць дачыненні з вучнямі не толькі на ўроках, а і ў штодзённым жыцці — на роўных. Так выхоўваецца ўзаемапавага не ў тэорыі, а на справе.
А вялі рэй у інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?” адзінаццацікласнікі Дзіяна Ерыцян, Юліяна Часнакова і Іван Мурзін. Такое своеасаблівае трыо сяброў. І гэта яе, Юлі Часнаковай, “салодкае” пытанне стала апафеозам свята.
img_7172Так, яны па-сапраўднаму пасябравалі — Юля, Ваня і Дзіяна. Столькі гадоў разам. Загартаваныя ўжо ў інтэлектуальных турнірах, так што нават інтэлектуальныя гульні паўплывалі на іх светапогляд. Вось і сёлета пачалі свой сезон з рэспубліканскага турніру ў Барысаве, дзе ўдзельнічалі ў трох этапах: медыя-гульня, свая гульня і “Што? Дзе? Калі?”. Выйшлі ў дзясятку пераможцаў. А ў жніўні паехалі ў “БЛІК”. Гэта таксама інтэлектуальны, толькі ўжо не турнір, а летнік, на базе санаторыя “Спадарожнік” у Лідскім раёне. Назва летніка азначае “Беларуская ліга інтэлектуальных каманд”. Тры тыдні “адпачывалі”, гуляючы штодня ў звыклую любімую гульню.
“І гэта яны называюць адпачынкам?” — запытаюся я ў сябе самога. “І гэта для іх ёсць сапраўдны адпачынак”, — адкажу сцвярджальна.
Прынамсі, Ваня мне так і сказаў, што змена роду занятку — і ёсць адпачынак. Тым часам яны па “Брэйн-рынгу” ўвайшлі ў лік пятнаццаці лепшых каманд з трыццаці ўдзельнікаў, а ў гульні “Музычная шкатулка” выйшлі на шостае месца. А Дзіяна і ўвогуле стала ўладальніцай прыза “Лепшы дэбют летніка” за дзве выкананыя песні: адну — на армянскай мове, другую — Ваенгі “Шапэн”. Няблага!
А яшчэ яны і па-іншаму адпачывалі, бо летнік быў не толькі інтэлектуальным, але і спартыўным. Валейбол, тэніс. Іх каманда, у якую, акрамя нашай тройкі, увайшлі яшчэ трое дзяцей — з Салігорска, Віцебска і Гродна — на другім месцы. Нездарма ж Ваня Мурзін, акрамя таго, што інтэлектуал, яшчэ і добры валейбаліст.
Зрэшты, мяне больш цікавілі не столькі лаўры заслуг гэтага інтэлектуальнага трыо, колькі іх светапогляд, іншыя жыццёвыя захапленні, уяўленні пра дабро і зло, кола сяброў, далейшы жыццёвы выбар.
Маё да іх пытанне наконт будучых прафесій, шчыра кажучы, так і засталося ў “чорнай скрынцы” невядомасці. Відаць, яны ўжо навучыліся адказваць за кожнае сваё слова, бо, хоць яшчэ і падлеткі, а ўжо добра ведаюць, што слова не верабей, вылеціць — не зловіш. А вось пра свае “пазаінтэлектуальныя” захапленні распавялі больш шчыра. Чытаюць.
— Кніжкі ў папяровым варыянце? — не паверыў я і быў канчаткова “дабіты” безапеляцыйным адказам Юліяны:
— Класіку. Вось перачытала “Анегіна”. Чытаю Дастаеўскага “Злачынства і пакаранне”.
Знячэўку я быў “павержаны напавал”, і, відаць, каб вярнуць мне дар мовы, дзеці ўдакладнілі:
— Чытаць таксама трэба — для інтэлектуальных гульняў.
Ага! Дык вось яна дзе разгадка феномену гэтых падлеткаў, якія па сённяшнім часе чытаюць класіку! Відаць, і “Эркюль Пуаро” Агаты Крысці Ванька ў перапынках паміж валейбольнымі баталіямі штурмуе не так сабе, а каб годна выглядаць на інтэлектуальным рынгу.
І таму зусім няшмат часу застаецца ў нашых знатакоў на тое, чым жывуць іншыя, звычайныя іх равеснікі: на лес, на возера, на дыскатэкі.
Хіба што дача з агародам — святое, ад іх не адхрысцішся. Што зробіш, у кожнага свая дарога ў жыцці. І мае суразмоўцы ідуць па ёй упэўнена, хоць і своеасаблівым накірункам. Кожнаму — сваё.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: трое сяброў-“знатакоў” Дзіяна Ерыцян, Іван Мурзін, Юліяна Часнакова.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.