Нельзя прожить две жизни

foto-1Нельга ўвайсці ў адну і тую ж раку — нельга пражыць два жыцці. Гэта толькі ў кам’ютарных гульнях можна колькі заўгодна і жыццяў пражыць, і памылак нарабіць. Скончыцца гульня — і ты перайшоў на новую ступень. І хто калі прыгадае пра тыя твае камп’ютарныя памылкі? У жыцці ж усё не так, усё іначай. І таму трэба жыць годна, каб як у Мікалая Астроўскага: “Чтобы не было стыдно за бесцельно прожитые годы…”
-1-
Мы, людзі сярэдняга пакалення, выхаваныя на традыцыях яшчэ савецкай літаратуры і звыклыя да жыцця па сацыялістычных прынцыпах, гэта вельмі літаральна і надзвычай глыбока ўспрымалі. Мы так жылі. І былі ўпэўнены, што менавіта так яно і ёсць: “Хто не працуе, той не есць”. Сучасная моладзь, магчыма, пасмяялася б з нас. Аднак чыя праўда — хто рассудзіць? Рассудзіць жыццё. У нас была праўда свая.
Анатоль Карпіцкі — тыповы прадстаўнік сярэдняга пакалення, якое зараз, ужо ў іншую эпоху, сустракае “поўдзень веку” і падводзіць папярэднія вынікі жыцця. Яму, як і большасці людзей нашага пакалення, народжаных у шасцідзясятыя, ёсць што ўспомніць і пра што пашкадаваць, ёсць чым паганарыцца.
Ён малодшанькі ў сям’і, пяты сынок, раней казалі, паскробыш. Маці з роднага Майсеева, што ў Горацкім раёне, пешшу ішла ў пасёлак Леніна і ўсё думала, што не дойдзе і ў полі народзіць — дзяўчынку. Толькі дзяўчынку, а каго ж яшчэ! Аднак дайшла, нарадзіла не ў полі, у бальніцы — пятага хлопчыка. Толікам назвалі.
Хадзіў Толік на ферму. Маці ўсё жыццё даяркай працавала. Ведаеце тых даярак у шасцідзясятыя, якія валаклі на сабе цяжкія бідоны з малаком, чысцілі стойлы ўручную. Пра механізацыю тады нават ніхто і не думаў. Сапраўдныя мужныя жанчыны. І як яны яшчэ ўвогуле нараджалі! Хадзіў Толік дапамагаць маці вёдры з малаком насіць ды наліваць тыя бідоны. І за плугам пайшоў малы, можа, у класе сёмым, і з касою пайшоў.
Тут прыкладам стаў бацька-франтавік, які, вярнуўшыся з вайны без левай рукі, сам стараўся рабіць па дому ўсю мужчынскую работу. І з касой, і з сякерай, і за плугам адной рукою спраўляўся. Вядома, сыны раслі не зломкамі, а памочнікамі. Бацька на канюшні коней вартаваў. Рысакі тады былі ў саўгасе. Дырэктар трымаў у гаспадарцы скакуноў з бубенчыкамі.
Аднак не толькі плуг і каса слухаліся малога Толіка. Мяхі баяна хлопчык расцягваў не меней упэўнена, чым рабіў разоры, а па кнопках рука хадзіла, як па драбінах. І адкуль яно тое пайшло? У бацькоў была адна песня ды адна музыка — зямелька, якая і карміла, і апранала, і абувала. Казалі, дзядзька Васіль, які быў збіты пад Венецыяй, іграў на баяне і на гітары. І адмыслова пасля васьмі класаў паступіў Толік у музычную школу, каб навучыцца на гітары іграць. І за два гады экстэрнам закончыў пяцігодку па класе гітары.
Запытаецеся, як ён у школе вучыўся? А вось так і вучыўся. Адкрыўся ж і яшчэ адзін талент — мастака. Талент не талент, а ўмеў прыгожа каліграфічна напісаць. Таксама, дарэчы, сямейнае: брат у яго Мікалай — прафесійны мастак. Афармляў Толік стэнды, пісаў плакаты ў піянерскім пакоі. Вядома ж, такога актывіста — то іграе, то малюе — хто ў школе пакрыўдзіць!
Жартую, вядома, часу хапала і на вучобу. Быў амаль выдатнікам, толькі па фізіцы ды геаграфіі “чацвёркі” меў. Надта ж ужо прынцыповыя трапіліся настаўнікі.
-2-
Яшчэ ў дзясятым Толік па нядзелях хадзіў іграць на дыскатэках у мясцовае педвучылішча. Там стварылі вакальна-інструментальны ансамбль, у які запрасілі і яго. Да позняга вечара ігралі на танцах. Можна было зразумець пачуцці шаснаццацігадовага юнака (а быў жа вунь які прыгожы!), што літаральна купаўся ў промнях музычнай славы ў жаночым асяродку педагагічнага вучылішча. Ад дзяўчат не было адбою.
А выбраў сціплую дзяўчынку ў жоўтай шапачцы. І закахаўся з першага погляду.
Пажэняцца гады праз чатыры, калі ім ужо будзе па дваццаць. За гэты час Жанна Краснік, дзяўчынка з лепельскай вёскі Стараселле, закончыць на Магілёўшчыне педвучылішча, а ён, Толік Карпіцкі, адслужыць у войску. Паступіў у Віцебскі педінстытут на хіміка-біялагічны факультэт, ды ўжо пасля першага курса “загрымеў” у войска. Дваццаць другога чэрвеня забіралі студэнтаў, пасля экзаменаў. Акурат трапіў у той перыяд, калі бралі ў армію першакурснікаў з ВНУ. Ды надта не западаў у скруху з тае нагоды, што не паспеў давучыцца. Я ж кажу, людзі нашага, сярэдняга, пакалення заўзята верылі ў прынцыпы і ідэалы сваёй эпохі. І ў той час лічылася, што служыць у арміі павінен кожны мужчына. І нават песню спявалі: “Калі ты ў арміі не быў, то не кахай дзяўчыну”.
Скрушна было толькі крыху, што ідзе на тры гады. У мараходку ж з Віцебска забралі. І бацькам так напісаў — на тры гады. Аказваецца, зманіў. Бо ў выніку трапіў у Выбарг у марскую авіяцыю, дзе служылі два. Год як знайшоў. І, вядома ж, была для яго гэта вялікая радасць. Выдалі чорныя шынелі і бесказыркі без стужак, а пагоны блакітныя з літарай “Ф”.
“Дзедаўшчына” была ў той час лютая. Аднак Карпіцкаму і тут пашанцавала. Першым чынам старшына запытаўся, хто іграе на музычных інструментах. А ўжо ўвечары Анатоль іграў на гітары “дзядам”.
У Выбарг да яго прыязджаў бацька. Іронія лёсу — менавіта з Выбарга пачынаўся шлях па вайне франтавіка Міхаіла Карпіцкага. Спачатку, у трыццаць дзявятым, па вайне фінскай. Пачаў з вучэбкі ў разведшколе НКУС. Чатыры месяцы ў школе і адтуль наўпрост на фронт, на перадавую. Ужо радаваліся, што вайна скончылася, ужо збіраліся дадому, бо колькі ж можна, бо на вуліцы ўжо сорак першы мірны год…
І — зноў на фронт, пад Ленінград, дзе Міхаіл страціць руку і адкуль вернецца інвалідам другой групы.
А зараз у Выбаргу сын… Анатоль памятае, як сядзелі яны з бацькам ля помніка ласю, на брукаванай маставой. Бацька вельмі рэдка гаварыў пра вайну, не любіў успамінаць. А тут раптам прызнаўся, што ваяваць даводзілася не толькі з фашыстамі, але і са сваімі. Прызнаўся, як загадаў расстраляць афіцэра, які запанікаваў і кінуўся адступаць… На вайне як на вайне.
Прыязджаў да Анатоля ў Выбарг і яшчэ адзін блізкі чалавек — Анатоль Бараноўскі, сябар са студэнцтва. З ім сябрамі засталіся на ўсё жыццё. І гэта з яго падачы, з яго лёгкай рукі дырэктар Карпіцкі будзе ствараць у Слабадзе экалагічны музей. Ну ды гэта будзе пасля.
Пасля вучэбкі накіравалі ў Волагду. Анатоль Міхайлавіч смяецца, што менавіта з таго часу палюбіў і спявае песню “Волагда”, дзе ўсе дамы з “резными полисадами”. Насамрэч было не да “палісадаў”. Трапіў у баявы полк. Былі баявыя трывогі, начныя вылеты, па начах маскіравалі тэхніку. У войску стаў кандыдатам, а пасля, у інстытуце, уступіў у шэрагі КПСС.
-3-
foto-3Вярнуўся на другі курс. Пажаніліся з Жаннаю. Жонку размеркавалі на радзіму, у Ірынпольскую школу. Жылі ў яе бацькоў. Неўзабаве школу закрылі. Маладой сям’і далі кватэру ў адным з губінскіх двухпавярховікаў. Там і нарадзіўся Міша. А праз восем гадоў на свет паявілася Алена.
Хацелася быць болей з сям’ёю, і Анатоль пераводзіцца на завочнае, ідзе працаваць у Забароўскую школу настаўнікам хіміі.
Дарэчы, там, у Забароўі, я ўпершыню і сустрэў Анатоля Міхайлавіча і Жанну Дзмітрыеўну. А пазнаёмілі мяне з Карпіцкімі Быкавы. Валерый Мікалаевіч у той час працаваў у Забароўі дырэктарам, а я, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”, прыехаў пісаць пра школу. У школе вучылася шмат дзяцей і марылі пабудаваць спартыўную залу. Як зараз памятаю маладыя дзве настаўніцкія сям’і — Быкавых і Карпіцкіх, якія жылі бадай побач, двор у двор, у дыхтоўных настаўніцкіх дамах, што пабудавала для іх мясцовая гаспадарка.
Анатоль Міхайлавіч успамінае, як весела, хораша жылі ў той час у вёсцы — “кавээны”, вяселлі. Дарэчы, ён, як баяніст, часта іграў на вяселлях і юбілеях. Можа, гадоў дваццаць іграў.
Малады быў, амбіцыйны, хацелася кар’ернага росту. Карпіцкі сыходзіць у Бароўскую школу намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, але толькі на год. Праца цікавая, жыццё бурліць: музычныя конкурсы, Клуб вясёлых і знаходлівых і г.д. Аднак складана дабірацца. З Забароўя трэба на веліку ездзіць — і зімой, і летам. Прастудзіўся, захварэў. Урэшце вярнуўся ў Забароўе.
А праз два гады запрасілі дырэктарам школы ў Слабаду. Вось там і пачаў ён ствараць сваё “дзецішча”, якім ганарыцца і зараз, — музей экалогіі. Падказаў задуму і натхніў сябар юнацтва Анатоль Бараноўскі, дырэктар Аляксееніцкай школы на Сенненшчыне. У тых няпростых эканамічных варунках Карпіцкі “прабівае” фінансаванне, дастае грошы. Толькі з бюджэту пайшло на стварэнне музея сорак тры мільёны, а былі ж яшчэ і пазабюджэтныя сродкі. Анатоль Міхайлавіч разумее, што пакідае ў Слабадзе спадчыну будучым пакаленням. Так яно і выйшла. Дырэктар сыходзіць кіраўніком у іншую, Поўсвіжскую, школу, а музей застаецца. Важна толькі, каб ён не пуставаў, каб знайшліся энтузіясты, якія б падхапілі і працягнулі тую справу. Зараз Слабадскую школу называюць школай трох музеяў. Пасля экалагічнага, там узніклі этнаграфічны і краязнаўчы.
А Карпіцкі тым часам ужо ў Поўсвіжы разам з завучам выношваюць планы новай музейнай экспазіцыі — “беларускай хаткі”.
-4-
Спытаўся ў Анатоля Міхайлавіча, які жыццёвы прынцып для яго галоўны. Той на хвіліну задумаўся і адказаў: ”Заставацца самім сабою”.
Ён усё той жа Толік з далёкага яшчэ сацыялістычнага юнацтва. Ці калі граў на гітары ў Горацкім педвучылішчы, ці калі маскіраваў тэхніку ў Волагдзе. Ці як у Слабадзе музей будаваў, ці як у Забароўі весяліў людзей на вясёллях. Ён усё той жа даступны, вясёлы, трапны на слова: ці калі з сябрамі едзе на рыбалку (рыбак заўзяты), ці калі дзясяткі кіламетраў адмервае са стрэльбаю на паляванні, ці калі ў цешчы садзіць сад і размахвае касою на лузе. Ён усё той жа Анатоль Карпіцкі са сваімі простымі жыццёвымі прынцыпамі, галоўны з якіх — заставацца самім сабою, быць чалавекам, незалежна ад пасады і пагонаў. Быць чалавекам і, значыць, быць патрэбным людзям — сваёй сям’і, жонцы, дзецям, трохгадоваму ўнуку Даміру, які, магчыма, працягне яго сямейны радавод.
Заставацца самім сабою і не паддавацца на спакусы, не рабіць з сябе Бога, бо ўсе мы людзі, усе пад Богам ходзім. Гэта не кожнаму ўдаецца, бо людзі падатлівыя на спакусы. Але прынцып заставацца чалавекам у любой сітуацыі робіць чалавеку гонар.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: Анатоль Карпіцкі ў розныя перыяды жыцця.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.