Непаўторнае свята Купалле з’яўляецца адным з самых любімых у лепяльчан

IMG_0034Непаўторнае свята Купалле, якое прайшло праз стагоддзі, з’яўляецца адным з самых любімых у народзе. З даўніх часоў людзі вераць у цудадзейную сілу купальскай ночы, у тое, што вада ў рэках і азёрах здольная пазбавіць ад усіх цяжкасцей і хвароб, а вогнішча дорыць гаючую энергію і праганяе злосць.
Вельмі цікава паслухаць і ўспаміны нашых бабуль, як на Купалле вясковая моладзь збіралася разам.

Хлопцы і дзяўчаты па парах танцавалі польку, падыспань, крутуху. Усе дакладна ведалі словы песень, якія выконваюцца менавіта на Купалле. Потым усе разам выходзілі на вуліцу, запальвалі бяросту і са святочнымі спевамі ішлі да моладзі ў суседнюю вёску. Хлопцы і дзяўчаты шчыра весяліліся ўсю ноч. Дзяўчаты наладжвалі купальскую варажбу. Прайшла праз стагоддзі і светлая легенда пра папараць-кветку: “Той, хто ўбачыць гэту чароўную кветку ў лесе апоўначы, стане самым шчаслівым…”
IMG_0037Звычаі і традыцыі купальскага свята захаваліся і ў нашы дні. Кожны год напярэдадні Купалля шматлікія госці прыходзяць на жывапіснае ўзбярэжжа возера Святое, дзе кожнага чакае шэраг святочных сюрпрызаў.
…Па наваколлі разносяцца гукі беларускай музыкі. Пачынаецца святочнае шэсце артыстаў. Сцэнічная пляцоўка патанае ў зеляніне палявых кветак, шчырымі і пранікнёнымі радкамі вітае гледачоў вядучая. За некалькі хвілін госці апынуліся ў святочным віры. Вясёлымі акордамі песень сустрэлі гледачоў удзельнікі вакальнай групы “Вяселіца” Поўсвіжскага СДК. Выдатны настрой падарыла гасцям тэатралізаванае прадстаўленне “Купальскі вечарок”, падрыхтаванае артыстамі народнага фальклорнага клуба “Кругаверць”. Светламу каханню Купаліша і Купалінкі не змагла перашкодзіць зайздросная Ведзьма. Разам з гасцямі шчыра весяліліся Лясун, Чорт, Кікімара, хлопцы і дзяўчаты. Шмат яркіх уражанняў усім падарылі спевы народнага ансамбля жартоўнай песні “Грымзолі”. Яркім працягам сцэнічнай дзелі стала канцэртная праграма, з якой выступілі вядомыя мясцовыя выканаўцы. Цудоўнымі спевамі парадавалі гледачоў Яна Барынава, Ганна Шаркоўская, Дзмітрый Венжык, Алена Вашкевіч. Гледачы не шкадавалі цёплых апладысментаў у адрас Людмілы Шыпулі, Віталя Хватынца, Наталіі Мацюш, Таццяны Грыдзюшкі і іншых артыстаў.
IMG_0040Паступова свята набірала ўсё большы размах. Дзеці ахвотна гулялі ў “Вясёлы дартс”. Фізічна загартаваныя хлопцы праявілі свае здольнасці ў гульні “На турнік!”. На турніку даволі вялікіх памераў, які ўвесь час круціцца, патрэбна было пратрымацца дзве хвіліны. Пераможцу чакаў прыз. Сярод удзельнікаў гульні аказалася вельмі шмат выдатна падрыхтаваных хлопцаў, якія з лёгкасцю справіліся з пастаўленым заданнем. Вельмі зацікавіла хлопцаў таксама гульня ў лазертаг, наладжаная кіраўніком клуба “GokerPro”” Валерыем Асоўскім. Шчыра запрашалі гасцей у жартоўную гульню работнікі Стайскага сельскага Дома культуры. З завязанымі вачыма неабходна было паставіць чыгунок у печ. Таго, хто рабіў гэта спрытна і лёгка, чакаў заахвочвальны прыз.
IMG_0042“Дзяўчына, не праходзьце міма! Пазалаціце ручку — усю праўду раскажам!” — звяртаюцца да мяне сімпатычныя цыганкі, ролі якіх выдатна выканалі работніцы цэнтральнай раённай бібліятэкі. Юлія Скакун, Крысціна Валасач, Святлана Пшанко, Алена Стайнова і іншыя прапаноўвалі дзяўчатам некалькі відаў варажбы. Аб сваёй будучыні можна было даведацца пры дапамозе раслін, вогнішча, вянка палявых кветак і г.д. Паўдзельнічаць у варажбе вырашыла і я. Выцягнула паперку з адпаведным надпісам — і аб чымсьці цікавым даведалася. Аднак казаць нельга, каб не сурочыць. Работнікі бібліятэкі і стайскія артысты прапаноўвалі гасцям набыць прыгожыя святочныя вянкі.
Паўсюдна раскінуліся багатыя гандлёвыя рады райспажыўтаварыства. Пакупнікі з задавальненнем набывалі мясныя, кулінарныя вырабы, ахаладжальныя напоі. Калі ж наваколле атуліў паўзмрок, па традыцыі былі запалены святочныя вогнішчы.

IMG_0053Неба ўпрыгожылі зоры, але ніхто з гасцей не жадаў пакідаць свята. Да позняй ночы ўсе весяліліся пад рытмы дыскатэкі. Любоў да народнага фальклору, святочных звычаяў і традыцый аб’ядноўвае людзей. З захапленнем назіраю за шчаслівымі маладымі парамі і ад душы жадаю: “Няхай кожны з іх абавязкова знойдзе гэту таямнічую, загадкавую і незвычайна прыгожую папараць-кветку!”
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымках: яркія моманты свята.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.