Неугасаемый источник фантазии лепельчанки

dsc_0344Мноства яркіх уражанняў пакінуў у шматлікіх гледачоў справаздачны канцэрт узорнага ансамбля танца “Лілея”, які адбыўся ў раённым Доме культуры. Узрушаныя артысты, іх бацькі… Аднак немагчыма ні з чым параўнаць хваляванне Святланы Сухаміравай, кіраўніка калектыву. У гэты дзень яе выхаванцы, і маленькія, і вялікія, паказвалі свае таленты, якія раскрыла выдатны педагог.

dsc_0168Ужо з першых хвілін, як толькі пад прыемную мелодыю прагучаў верш пра танец, гледачы акунуліся ў цудоўную атмасферу натхнення і фантазіі.
“Белае, чорнае, чырвонае” — так называецца нумар старэйшай групы ансамбля. Не шкадавалі гледачы апладысментаў салістам Алісе Памілёнак, Яўгену Шацілу і ўсім удзельнікам танца. Наступнай выступала сярэдняя група, якая выканала “Вясёлы рок-н-рол”. Напэўна, танец мае і сапраўды чароўную сілу, бо многія гледачы пачалі ў такт тупаць нагамі.
Паступова канцэрт ператварыўся ў незабыўнае свята, дзе кожны мог атрымаць толькі выдатны настрой і зарад станоўчых эмоцый.
Выхаванцы пераймаюць асновы мастацтва танца ў сапраўднага прафесіянала. Вальс “Сон”, які выканалі малодшая і сярэдняя групы з салістамі Крысцінай Сяўніцкай і Карнеем Грыдзюшкам, натхніў гледачоў на светлыя мары і надзеі. У пачатку вясны сваёй лёгкасцю танцавальная кампазіцыя ўзняла настрой усім прысутным.
Яркім момантам канцэрта стала выступленне самых маленькіх выканаўцаў з нумарам “Гномы-ліліпуцікі”, які ўразіў гледачоў арыгінальнай пастаноўкай.
dsc_0331Насычаны цеплынёй і ноткамі пазітыву танец “Сонейка”, які выканалі сярэдняя і малодшая групы. Здаецца, зала налілася сонечным святлом ад выступлення дзяцей, а іх усмешкі нікога не пакінулі раўнадушным.
Пад прыгожую мелодыю была прадэманстравана і фотапрэзентацыя ўзорнага ансамбля танца “Лілея”. Многія прысутныя ўбачылі на здымках сябе і сваіх знаёмых, вярнуліся ў часы, калі прыходзілі на заняткі да Святланы Пятроўны. У некаторых нават заўважыла слёзы радасці і настальгіі на вачах. За доўгі перыяд назбіралася шмат цікавых здымкаў.
Нездарма людзі раней казалі: “Нічога, калі ў кішэні пуста, абы ногі сыпалі густа!” Для дзяўчыны раней сорам быў, калі яна танцаваць не ўмела: “Умей танчыць, а працаваць і гора навучыць”.
“Русская плясовая” такі ўплыў зрабіла на прысутных, што многія гатовыя былі пайсці самі танцаваць. Таму і не дзіва, што як музыка, асабліва народная, гучыць, то і настрой узнімаецца, душы спяваць хочацца, а нагам — танцаваць. Дарэчы, ансамль “Лілея” спадчыну гэту захоўвае. І нават з’яўляецца лаўрэатам абласнога харэаграфічнага конкурсу “Прыдзвінскія карункі” ў намінацыі “Лепшы эстрадны танец беларускай накіраванасці”.
Хочацца адзначыць, што ўсе нумары поўныя сюжэту, захапляешся не толькі майстэрствам танца, а і бачыш дзею на сцэне. Асабліва ярка гэта прасочваецца ў танцы “Маша і Мядзведзь”, з якім выступіла сярэдняя група. Зарад станоўчых эмоцый падарыў гледачам вялікі мядзведзь (роставая лялька).
Гэты канцэрт крыху своеасаблівы, бо ў ім удзельнічалі не толькі выхаванцы, але і іх бацькі. Давялося пагутарыць з цяперашняй удзельніцай калектыву Палінай Старынскай і яе маці Кацярынай, якая раней танцавала ў ансамблі. Самыя найлепшыя словы пачула ў адрас кіраўніка:
— Святлана Пятроўна — творчая, таленавітая асоба, шчырая сэрцам, якая можа зацікавіць дзяцей і павесці за сабой. Бог даў гэтай жанчыне неверагодны талент, якім яна ад душы дзеліцца з усімі, хто яе акружае. Шмат паездак было арганізавана нашым любімым кіраўніком, пакуль займалася ў яе, пабачылі многія гарады Беларусі. Няхай ёй на творчай дарозе сустракаецца толькі поспех.
Незаўважна праляцеў час. Сапраўднае свята стварыла Святлана Сухамірава са сваімі выхаванцамі для гледачоў. А на свята прынята ўручаць падарункі. Самыя маленькія ўдзельнікі праграмы атрымалі салодкія сюрпрызы, а Святлане Пятроўне ўдзячныя бацькі падарылі букеты кветак.
Любоў да танца з’явілася ў гэтай жанчыны ўжо ў дзяцінстве. З першага класа наведвала спачатку гурток у Доме піянераў, а потым — у РДК.
Святлана Пятроўна — карэнная лепяльчанка. Скончыла сярэднюю школу №3 горада Лепеля, паступіла ў Віцебскае культурна-асветніцкае вучылішча, пасля заканчэння якога вярнулася на радзіму. Па накіраванні ў 1982 годзе трапіла ў Лепельскі раённы Дом культуры. З таго часу ні разу не мяняла месца працы. Нямногія могуць пахваліцца такой працоўнай “біяграфіяй”. Спачатку была проста кіраўніком танцавальнага калектыву. Займалася бальнымі танцамі і адначасова павышала сваю кваліфікацыю. У часы Савецкага Саюза ездзіла на семінары ў Маскву, Санкт-Пецярбург. Сваім настаўнікам лічыць Івана Серыкава, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, які даваў майстар-класы на семінарах у Віцебску.
У 1986 годзе быў створаны калектыў, а ў 1993-м — яму прысвоена званне ўзорнага. Не злічыць грамат і ўзнагарод, якія назбіраліся за плённы перыяд. Узорны ансамбль бальнага і сучаснага танца “Лілея” — лаўрэат абласнога агляду-конкурсу харэаграфічных калектываў “Прыдзвінскія карункі”, удзельнічаў у адборачным туры IV Усебеларускага тэлефестывалю юных талентаў “Усе мы родам з дзяцінства”, у абласным свяце традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”, шматлікіх іншых конкурсах і мерапрыемствах. Пабывалі юныя артысты ў розных гарадах Беларусі, і нават наведалі Польшчу і Германію. Многія выхаванцы дзякуючы гэтай шчырай і таленавітай жанчыне, яе настойлівасці і дабрыні далей прадоўжылі свой творчы шлях і зараз працуюць у прафесійных калектывах.
Зраднілася душою з гэтым месцам Святлана Пятроўна, родным домам для яе стаў раённы Дом культуры. Танцуе са школьных гадоў і па сённяшні дзень. А выхаванцаў сваіх называе сям’ёй. За гады, праведзеныя разам, заслужыла іх давер, дзеці дзеляцца з любімым педагогам самым патаемным. Вырасціла двух дачок, якія таксама ў свой час танцавалі, але выбралі іншы жыццёвы шлях.
Жыве Святлана Пятроўна ў маляўнічым месцы, яе дом знаходзіцца на беразе Прошы. Вада — як люстэрка, лебедзі-шыпуны на ім — частыя госці. Напэўна, сярод такой прыгажосці і атрымлівае натхненне жанчына на творчыя пастаноўкі. А яшчэ яна любіць пазавіхацца на градках, сярод раслін. На прыродзе набіраецца сіл для далейшай працы. Шмат кветак насаджана, і якіх там толькі няма! На фотаздымках на свае вочы ўбачыла, як патанае ў зеляніне ўчастак. Дзе б ні знаходзілася, думкі ў Святланы Пятроўны заўсёды аб танцах, нумарах, касцюмах, музыцы… Ці на ўчастку працуе-адпачывае, ці занята якой іншай справай — душа спявае без перапынку. Калі папрасіла назваць колькасць танцаў, якія паставіла кіраўнік, — не змагла адказаць, бо немагчыма іх падлічыць. І ўсе кампазіцыі насычаныя, цікавыя, розныя.
Любіць Святлана Пятроўна і са спіцамі пасядзець. Можа звязаць што заўгодна і на любы густ сабе і любімым дочкам. Паказала рэч уласнай працы — такую ў магазіне не купіш, бо ў яе ўкладзены душа і цеплыня гаспадыні. Калі ёсць час, з задавальненнем выпякае тарты.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.