Никогда не говори “нет”. В жизни нет ничего невозможного

333Аднойчы ў раённы Дом культуры зайшоў дзівакаваты чалавек. Прынамсі, такім ён падаўся вахцёрцы. Чалавек не мог нічога дакладна сказаць, вахцёрка яго не зразумела, не ведала, што рабіць, прыбегла да дзяўчат-метадыстаў збянтэжаная… Вось тады ўпершыню і пабачыла Вольга Казакова фатографа Эдвіна Жураўскага. Тады яны і пазнаёміліся. З таго часу могуць гадзінамі… ліставацца. На жаль, могуць пагаварыць толькі так, з дапамогай белага лістка паперы. І ўжо колькі такіх лісткоў спісалі ў захопленых дыялогах!
Эдвін Жураўскі — глуханямы фатограф-аматар, але ж якія прафесійныя, якія майстэрскія ў яго здымкі! Раённы Дом культуры рыхтуе персанальную выставу фотамайстра.
Эдвіну Напалеонавічу за восемдзясят, аднак ці скажаш, што гэты надзвычай пазітыўны і, прама скажам, маладжавы чалавек у такім узросце? Між тым, лёс да мужчыны не надта быў літасцівы. Нарадзіўся Эдвін у настаўніцкай сям’і ў Віцебску. Глуханямым стаў у дзяцінстве з-за недагляду нянькі. Перад вайною бацькі накіравалі яго ў сад-інтэрнат у Мціслаўлі. На канікулы забіралі дадому. Апошні раз дома на канікулах хлопчык быў увесну сорак першага.
З вайны бацька не вярнуўся.
Пасля Эдвін вучыцца ў Бабруйскай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем слыху. Вучыцца добра і актыўнічае ў грамадскім жыцці — выпускае насценгазету, удзельнічае ў рабоце вучнёўскага камітэта, займаецца спортам: лёгкай атлетыкай, валейболам. Выхаванцы школы-інтэрната часта спаборнічалі у спорце з дзецьмі са звычайных школ.
А ў пяцьдзясят чацвёртым Эдвін уладкоўваецца на МАЗ. Не без яго ініцыятывы там арганізоўваюцца і праходзяць спаборніцтвы з удзелам глуханямых. Доўгі час Эдвін Напалеонавіч узначальвае на МАЗе савет фізкультуры, у гэты ж перыяд уступае ў партыю.
А ў восемдзясят сёмым — новы ўдар лёсу… Няшчасны выпадак на вытворчасці, цяжкая чэрапна-мазгавая траўма — і мужчына амаль страчвае зрок. Бальніца, аперацыі — зрок удаецца вярнуць, але толькі часткова.
Інваліднасць і, здавалася б, наперадзе адно беспрасвецце. Адзіноцтва — ні сям’і няма, ні блізкіх. Пенсійны ўзрост, а затым і старасць… Беспрасвецце? Эдвін Напалеонавіч толькі пасмяецца з гэтага слова, бо ён не адчувае сябе пажылым, не паддаецца скрусе з нагоды адзіноцтва, а з наступленнем пенсійнага ўзросту, лічыць, усё толькі пачынаецца.
Нам няпроста размаўляць. Нам дапамагае Вольга. Аднак жа і яна не разумеее мовы жэстаў, хаця ўжо сёе-тое і схоплівае літаральна на хаду. А выручае ўсё тое ж ліставанне. Пісаць — марудна, чакаць адказу — доўга. Падсвядома адчуваю, які глыбокі, які цікавы чалавек мой суразмоўца, але разумею, што даведаюся пра яго няшмат.
Фотаапараты ён калекцыяніраваў ужо з дзяцінства. Займаўся ў фотагуртку ў РДК, дзе яго прызначылі старастам. Калі ж кіраўнік часам хварэў, хлопец сам вёў заняткі. Спачатку маці дарыла яму “фоцікі” на дзень нараджэння, а потым і сам купляў. Пераспрабаваў “Змену”, “Кіеў”, “Зоркі”, “Зеніт”. На “Зеніце” АМ працуе і зараз. Вядома, што добрая тэхніка каштуе добрых грошай, але ён прывык ашчаджаць. Колькі там аднаму трэба, а на фотатэхніцы не эканоміць.
Чаго толькі не пабачыш на яго фатаграфіях! На ваенна-гістарычным фестывалі “Белы замак” у Астрашыцкім Гарадку здымаў рыцарскія бітвы рэтраспектывы Францыі сярэдзіны васямнаццатага стагоддзя. На спаборніцтвах па конным спорце ў Ратамцы — рысакоў і вершнікаў. Колькі разоў удзельнічаў і перамагаў на фотавыставе “БелТІЗ”. Яго фотааб’ектыщ спыніў імгненне ў Нясвіжскім замку, на “Славянскім базары” ў Віцебску. За лепшыя здымкі Дар’і Домрачавай атрымаў Падзяку Рэспубліканскага Палаца культуры. Удзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе “Свет вачыма глухіх”.
І, вядома ж, Лепельшчына… Здавалася, ніводнага культурнага мерапрыемства ў раёне не прапусціў. Фотамастак працуе так, што яго фотаздымкі кажуць самі за сябе. І гэта вельмі зразумелая людзям мова.
Эдвін Жураўскі не прыхарошвае жыцця, а падпільноўвае яго самыя яскравыя моманты. І тут ён поўны валадар! Асобна хочацца сказаць пра яго фотапейзажы, з дапамогай якіх мастак са слабым зрокам даносіць да гледачоў усё хараство нашых зямлі і жыцця. Яго пейзажы абавязкова яркія, як быццам бы ён бачыць іх вачыма дзіцяці. Яны шматколерныя і вельмі-вельмі аптымістычныя. Яны аптымістычныя, як сам аўтар.
Фотамастацтва для Эдвіна Напалеонавіча — спосаб самавыказвання, вечны пошук самога сябе і магчымасць размаўляць з гэтым светам на роўных.
У Лепелі Э.Жураўскі апынуўся дастаткова выпадкова.
— Чаму, — пытаюся,— сталіцу пакінулі?
— Там шмат машын і заводаў, там вельмі дымна, а Лепель чысты і прыгожы.
Эдвін Жураўскі надзвычай лёгкі на пад’ём. Аб’ездзіў ці не ўсю Віцебшчыну, фатаграфаваў і ў Брэсце, і ў Гродне, і ў музеі ў Дудутках. Усур’ёз плануе пабываць ля помніка ў Арле, дзе загінуў у вайну і пахаваны яго дзядзька. Вольга, якой таксама даводзілася жыць у Арле, нават паказала Эдвіну фотаздымкі гэтага помніка.
А яшчэ фотамастак марыць набыць электравеласіпед, каб не траціцца на паездкі і не дыхаць тым жа самым аўтамабільным дымам, ад якога ўцёк са сталіцы, а быць сам сабе гаспадаром і спакойна вандраваць з фотаапаратам, куды захочацца.
Ніколі не кажы “не”. У жыцці няма нічога немагчымага. І лёс глуханямога фатографа са слабым зрокам — таму яскравае пацвярджэнне.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: мастак і яго пейзажы.
Фота з архіва Э.Жураўскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.