Ноч за мяжой і новае вяртанне

Віталь Чарнабаеў адбыў пакаранне ў папраўчай калоніі г. Глыбокае. У той жа дзень яго выслалі за межы Рэспублікі Беларусь па пастанове Глыбокскага раённага аддзела ўнутраных спраў. Да гэтага ў названага грамадзяніна быў фактычна ануляваны від на жыхарства ў нашай краіне. Рашэнне Чарнабаеў не абскардзіў, быў згодны з ім.

Супрацоўнікі міліцыі вывезлі яго з Глыбокага на тэрыторыю Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі, грамадзянінам якой той з’яўляўся. Забаранілі ўязджаць у Беларусь на працягу года. Апошні быў папярэджаны аб магчымых наступствах парушэння прынятага праваахоўнымі органамі рашэння. У такім разе магла наступіць крымінальная адказнасць. Аднак толькі суткі пражыў у Расіі. У адным з пад’ездаў шматпавярховіка пераначаваў адну ноч.

Віталь Чарнабаеў вырашыў праігнараваць такую забарону. Задумана — здзейснена. На спадарожных машынах перасек дзяржаўную мяжу і прыбыў у Беларусь. А далей куды яго шлях пралёг? Вядома, да маці ў вёску Стары Лепель. Не будзем удавацца ў падрабязнасці, якім чынам стала вядома праваахоўным органам аб парушальніку. Галоўнае не ў гэтым. Важна, што парушальніка затрымалі.

Раскайваўся Віталь Чарнабаеў на судовым пася­джэнні. Пры вызначэнні пакарання суд улічваў характар і ступень грамадскай небяспекі ўчыненага злачынства, здавальняючую па месцы жыхарства характарыстыку, а таксама асобу абвінавачваемага, бо ён раней прыцягваўся ўжо да крымінальнай адказнасці. Абставінамі, што змякчалі адказнасць, прызнаны раскайванне і наяўнасць на яго ўтрыманні дзіцяці. Пакаранне — арышт на шэсць месяцаў.

І гэта навука тым, хто грэбуе законам і думае, што пранясе міма гнеў Феміды. Не ўдасца выйсці сухім з вады! Перш чым рабіць крымінальны крок, варта падумаць аб немінучай адказнасці.

Аркадзь ДЗЕМІДАВЕЦ,

старшы памочнік пракурора раёна.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.